Апошнім часам турыстычныя патокі ў нашу краіну павялічыліся, прычым і з Захаду, і з Усходу. Расіяне едуць сюды нават на выхадныя, заходнія госці, карыстаючыся бязвізам, таксама не мінаюць увагай нашы турыстычныя аб’екты. Ды і самі беларусы сталі больш праяўляць цікавасці да ўласнай краіны і ўсё часцей выбіраюць падарожжа па Беларусі ў якасці актыўнага адпачынку. Як не застацца на ўзбочыне гэтага вялікага турыстычнага руху, як працуюць над тым, каб завабіць турыстаў менавіта да сябе, мясцовыя ўлады, высвятлялі нашы карэспандэнты.
Ружаны ружамі прыгажэюць
Ружаны на Брэстчыне вядомыя ў нашай краіне і за яе межамі найперш велічным палацам Сапегаў. Палацавы комплекс уключаны ў розныя турыстычныя маршруты, штогод славутасць наведваюць тысячы турыстаў. Ну і пасёлак, які размешчаны на скрыжаванні некалькіх транзітных шляхоў, імкнецца адпавядаць. Прынамсі, мясцовая ўлада шмат для гэтага робіць.
Да таго ж у пасёлку далёка не адзін аб’ект прыцягвае ўвагу вандроўнікаў. Для аматараў даўніны, несумненна, цікавымі будуць манастыр базыльян, Свята-Траецкі касцёл, Петрапаўлаўская царква, ды шмат што яшчэ. Старшыня Ружанскага сельскага Савета Аксана ЮРКОЎСКАЯ падзялілася добрай навіной. Летась завяршылася вялікая работа па рэстаўрацыі яшчэ аднаго помніка архітэктуры — капліцы Святога Казіміра.
— Сёлета гэты аб’ект прыме першыя экскурсійныя групы, — гаворыць Аксана Уладзіміраўна. — А мы тым часам працягваем работу па добраўпарадкаванні і ўпрыгажэнні пасёлка. Летась мы атрымалі прэмію за перамогу ў абласным конкурсе, — працягвае кіраўнік мясцовай улады. — Грошы, вядома, пусцілі на добраўпарадкаванне. Напрыклад, набылі і ўстанавілі прыгожую інсталяцыю ў выглядзе гнязда буслоў. Такім чынам, з’явілася яшчэ адна прывабная фотазона. І вось ужо ў ТікТок, іншых акаўнтах заўважаю здымкі з Ружан каля нашых буслоў, а таксама з ружай. Гэта кветка для нас асаблівая, паводле адной з легенд, назва пасёлка паходзіць ад слова «ружа». Таму працягваем упрыгожваць населены пункт прыгожымі кветкамі.
Некалькі гадоў таму ў нас з’явіўся арт-аб’ект у форме рукі, якая трымае чырвоную ружу, падобную на тую, што ўвекавечана на гербе Ружан, — расказвае далей Аксана Юркоўская. — Месца для ружы-скульптуры выбралі самае знакавае — побач з мясцовым Цэнтрам культуры і вольнага часу, паблізу ад берага возера. Тут заўсёды бывае людна, асабліва ў выхадныя дні, у святы. Ну і жывыя ружы мы садзім кожны год, іх ужо некалькі дзясяткаў кустоў. Летам яны расцвітаюць, і Ружаны прыгажэюць. Можна сядзець і любавацца. Дарэчы, толькі ў мінулым годзе мы паставілі яшчэ шэсць новых прыгожых лавак для адпачынку на вуліцах, у скверах, — заключыла старшыня сельвыканкама.
...плюс Музей маляванкі
Сёння Заслаўе пад Мінскам — гэта ўнікальнае месца, якое прыцягвае турыстаў не толькі з нашай краіны, але і замежжа. Але каб турыстычная прывабнасць горада не змяншалася, мясцовыя ўлады прыкладаюць нямала намаганняў.
«Для гэтага ў першую чаргу неабходны добрыя транспартныя зносіны, дарогі і інфраструктура, — гаворыць старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова. — Сёння з боку мясцовых улад вядзецца вялікая работа ў гэтым кірунку. Добраўпарадкаванне дарог неабходна не толькі для зручнасці і камфорту нашых людзей, але і для таго, каб турысты без праблем маглі да нас прыехаць. Вялікую падтрымку ў гэтым пытанні аказваюць Мінскі аблвыканкам і Мінскі райвыканкам.
У горадзе даволі шмат месцаў, якія прыцягваюць турыстаў. Сярод іх — легендарны музей-запаведнік «Заслаўе». Гэта ўнікальная тэрыторыя гістарычнага цэнтра старажытнага горада з захаванымі помнікамі архітэктуры і археалогіі X–XX стагоддзяў і музейнымі аб’ектамі.
Аб’екты музея-запаведніка знаходзяцца ў ключавых гістарычных месцах горада і па добрай традыцыі карыстаюцца папулярнасцю ў турыстаў. Але нядаўна тут з’явіўся новы аб’ект, не менш цікавы.
«Два гады таму ў нашым горадзе быў адкрыты адзіны ў сваім родзе Музей беларускай маляванкі. Ён размясціўся ў будынку флігель-эрмітажа былога палаца Пшаздзецкіх, дзе раней была карцінная галерэя, і ўжо карыстаецца вялікім попытам у турыстаў. Стварыць унікальны культурны праект удалося з дапамогай падтрымкі гранта Прэзідэнта, спонсарскай дапамогі, а таксама каманднай работы спецыялістаў гісторыка-культурнага музея-запаведніка „Заслаўе“ і Заслаўскага гарвыканкама», — расказала Святлана Карташова.
Рэальная неабходнасць у стварэнні Музея беларускай маляванкі існавала і агучвалася спецыялістамі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Яны разумелі, наколькі важна забяспечыць захаванасць, збор, інтэрпрэтацыю і дэманстрацыю грамадскасці ўнікальнага беларускага народнага мастацтва — маляваных дываноў. «Музей беларускай маляванкі — гэта першая спроба ў сценах адной экспазіцыі расказаць грамадскасці толькі аб размаляваным дыване», — расказвае Святлана Карташова.
Старшыня Заслаўскага гарвыканкама адзначае: «У цэлым, у нашым горадзе нямала ўнікальных і цікавых месцаў, якія сапраўды прыцягваюць турыстаў. Іх добраўпарадкаванню, падтрыманню ў першапачатковым, дагледжаным стане з боку кіраўніцтва горада ўдзяляецца асаблівая ўвага. Акрамя таго, сёлета мы ярка і маштабна адзначым важны юбілей — 1040-годдзе Заслаўя.
А яшчэ нашаму гораду выпаў асаблівы гонар прымаць сёлета абласныя „Дажынкі“. Само па сабе гэта свята з’яўляецца месцам прыцягнення людзей. А ў выніку добраўпарадкавання, развіцця інфраструктуры, капітальнага і бягучага рамонтаў наш горад значна зменіцца і стане сапраўдным пунктам прыцягнення турыстаў».
Незакінутая хата
Дзякуючы вялікай агульнай справе сёння на турыстычнай карце Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці па-новаму заявіў аб сабе Верасніцкі сельсавет. У аграгарадку Верасніца стварылі першы ў сваім родзе для мясцовай тэрыторыі гісторыка-этнакультурны цэнтр. Дапамагла вяскоўцам рэалізаваць ідэю перамога ў конкурсе праектаў грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Старшыня Верасніцкага сельвыканкама Жыткавіцкага раёна Дзяніс Гаўрылаў згадаў, што нарадзілася ідэя важнага для развіцця сельсавета праекта ў час работы па выкананні Указа Прэзідэнта № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі».
— У час работы па выкананні Указа Прэзідэнта № 116 працавалі з адным з дамоў у нашай Верасніцы, — патлумачыў Дзяніс Гаўрылаў. — Жыллё пуставала працяглы час, неабходна было тэрмінова прымаць рашэнне аб далейшым лёсе дома. Мы ўлічылі тое, што ў ім нарадзілася і вырасла наша мясцовая паэтэса, вядомая ў Жыткавіцкім раёне, — Кацярына Рыгораўна Папова. Звязаліся з яе сястрой. Яна поўнасцю падтрымала нашу ініцыятыву захаваць дом і адкрыць у ім гісторыка-этнакультурны цэнтр.
Цікава, што сабраць багаты экспазіцыйны фонд для стварэння гісторыка-этнакультурнага цэнтра вяскоўцам ізноў-такі дапамагла работа над выкананнем Указа Прэзідэнта № 116.
— Калі толькі заступіў на пасаду кіраўніка ў 2021 годзе, працавалі са старымі пустымі дамамі ў населеных пунктах, бачылі шмат цікавых старадаўніх прадметаў побыту, аўтэнтычных рэчаў, — згадвае Дзяніс Гаўрылаў. — Было вельмі шкада іх выкідваць. Ужо тады збіралі патроху прадметы сельскага побыту, прылады працы, фатаграфіі, дакументы... Вось як пазней склаўся гэты пазл! Выратаваныя ад заняпаду рэчы, прылады сталі цяпер экспанатамі, часткамі інтэр’ера экспазіцый гісторыка-этнакультурнага цэнтра, — дадае Дзяніс Вячаслававіч.
Каб адкрыць у былым кінутым доме фактычна свой першы вясковы музей, давялося шмат папрацаваць. Прызавыя сродкі за перамогу ў конкурсе праектаў грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў выкарысталі для закупкі абсталявання і матэрыялаў. Усю фізічную работу па рамонце жылля, мантажы абсталявання выканалі ўласнымі сіламі вяскоўцы пры падтрымцы і работнікаў мясцовых арганізацый.
— Праект наш жывы, ён працягвае развіваецца, удасканальвацца. Экскурсіі ў цэнтры вядуць вучні Верасніцкай сярэдняй школы, — тлумачыць Дзяніс Гаўрылаў.
— Дапамагалі, дарэчы, збіраць інфармацыю для экспазіцый старажылы нашых населеных пунктаў. Вельмі дапамаглі работнікі ўстаноў культуры: сабралі інфармацыю пра нашы вёскі з летапісаў, якія захаваліся яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. Сёння наш гісторыка-этнакультурны цэнтр, сапраўды, — цэнтр прыцягнення школьнікаў і моладзі, — дзякуе землякам за падтрымку ў гэтым праекце старшыня Верасніцкага сельвыканкама. — Гэта вялікая агульная справа дапамагла ў развіцці ўнутранага турызму на тэрыторыі нашага сельсавета, у павышэнні іміджу і прыцягненні ўвагі жыхароў раёна да Верасніцы.