Галоўная мэта Года добраўпарадкавання — павышэнне якасці жыцця людзей, прычым не толькі ў гарадах, але і ў аддаленых вёсках. Амаль кожны населены пункт краіны ў 2025-м быў закрануты марафонам па навядзенні чысціні і парадку.
Не стаў выключэннем і Ушацкі раён. Жыхары не толькі раённага цэнтра, але і аграгарадкоў і вёсак як з дапамогай раённых улад і прадпрыемстваў, так і самастойна прыбіралі і ўпрыгожвалі ўласныя падворкі, вуліцы, паркі, берагі вадаёмаў і, вядома, помнікі героям Вялікай Айчынай вайны. А іх нямала ва Ушацкім раёне, месцы легендарнага подзвігу 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай зоны, якія ў маі 1944 года ажыццявілі прарыў і вывелі з акружэння нямецкіх карных атрадаў каля 15 тысяч мясцовых жыхароў. Гэтай падзеі прысвечаны вядомы мемарыяльны комплекс «Прарыў».
Увекавечыць подзвіг
Менавіта ва Ушацкім раёне і месца подзвігу савецкага лётчыка Аляксандра Мамкіна. Падчас Вялікай Айчыннай вайны на возеры Вечалле паблізу Ушач быў уладкаваны ваенны аэрадром, з якога за лінію фронту было вырашана вывезці дзяцей з Полацкага дзетдома, а таксама параненых партызан. Аперацыя атрымала назву «Зорачка». На апошнім, дзявятым, палёце борт Аляксандра Мамкіна быў падбіты. Лётчык здолеў паспяхова пасадзіць палаючы самалёт на возера, аднак сам атрымаў моцныя апёкі і пазней памёр у шпіталі. Цяпер месца подзвігу савецкага героя вырашана ўвекавечыць.
— Гэта праект па стварэнні элементаў ландшафтнага дызайну каля возера Вечалле. Згодна з ім будзе ўсталявана электроннае інфармацыйнае табло, дзе можна будзе азнаёміцца з усёй інфармацыяй пра падзеі, якія тут адбываліся ў гады вайны. Будуць устаноўлены архітэктурныя формы ў выглядзе ўзлётна-пасадачнай паласы і самалёта тых часоў на пастаменце. З аднаго боку ад іх будуць падсветленыя вогнішчы, з іншага — таблічкі з імёнамі выратаваных дзяцей, — расказвае намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Дзмітрый ЦІМАФЕЕЎ.
Праект ужо распрацаваны і праходзіць дзяржаўную экспертызу.
— Праектнае рашэнне нестандартнае, аналагаў яму няма, таму распрацоўка заняла працяглы час. Кампазіцыя будзе знаходзіцца на адкрытым паветры, што патрабавала падбору адпаведных устойлівых матэрыялаў. Побач з месцам устаноўкі праходзіць оптавалаконная лінія, таму важна было прадугледзіць яе абарону. Да таго ж гэта берагавая лінія, і кампазіцыю давядзецца размяшчаць на буранабіўных сваях, — дзеліцца Дзмітрый Цімафееў.
Аднак праект прадугледжвае і комплекснае добраўпарадкаванне берага возера і ручая, што бярэ ў ім свой пачатак. У перспектыве бераг будзе выкладзены каменем, зробяць пешаходны масток, добраўпарадкаваны пляж. Там з’явяцца арэлі і ценявыя навесы, стаянка для аўтамабіляў.
Зрабіць талакой
А вось у вёсцы Казімірава помнік партызанам, якія загінулі побач з гэтай і некалькімі суседнімі вёскамі, знаходзіцца яшчэ з савецкіх часоў. Яго даглядае як мясцовае лясніцтва, так і самі жыхары. Школьнікі і настаўнікі Велікадолецкай сярэдняй школы год таму высадзілі туі і ўладкавалі Алею герояў. А вось клопат вяскоўцаў — пасадзіць кветкі вясной, прапалоць і паліць іх летам, прыбраць апалае лісце ўвосень.
Даглядаюць вяскоўцы і тэрыторыю побач з мясцовым магазінам, які ўдалося «адстаяць» дзякуючы актыўнасці старэйшыны вёскі Вялянціны ШЫШОВАЙ.
— Магазін нам вельмі патрэбны, бо вёска не самая маленькая — у нас 89 пастаянных жыхароў, а летам разам з дачнікамі — не менш за 150. Плюс суседнія Антунова, Храмёнкі, Пуцілкавічы, Мірны... Усяго дзевяць вёсак, акружаных лесам, — расказвае старэйшына.
Валянціна Іванаўна звярталася ў розныя інстанцыі, на месца выязджаў першы намеснік старшыні праўлення «Белспажыўсаюза» Віктар Каралёў, і аб’ект гандлю вырашана было пакінуць.
Мясцовае возера Казімірава — яшчэ адзін гонар гэтых мясцін. Аднак не толькі з-за прыроднай прыгажосці, але і па прычыне дагледжанага пляжа, які ўладкавалі самі жыхары. Некалькі гадоў таму паставілі альтанку, чысцяць само возера, абкошваюць і добраўпарадкуюць бераг.
— У нас шмат актыўных і неабыякавых жыхароў. Калі трэба разам нешта зрабіць, кінуў кліч — і ўсе прыйдуць, ніхто не адмаўляецца, — кажа Валянціна Іванаўна. Яна ўжо шмат гадоў як старэйшына вёскі, без малога тры дзесяцігоддзі выкладала замежную мову ў мясцовай школе і была намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Сёння з мужам Віктарам Мікалаевічам, былым настаўнікам біялогіі, маюць вялікую падсобную гаспадарку і сад, вырошчваюць агародніну.
Абноўлены манумент
Абноўлены сёлета манумент героям Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Павулле. Гэта скульптура воіна і партызана, устаноўленая ў гонар загінулых воінаў 51-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Манумент бетонны, у рамках рэканструкцыі адрамантаваны метадам выкалаткі па медным лісце. Скульптура была пастаўлена тут у пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя — і пачала разбурацца. У 2021 годзе помнік забралі на рэканструкцыю, якую ацанілі ў 80 тысяч рублёў. Неабходныя сродкі знайсці не ўдавалася, але сёлета кампанія «Шляхамі культуры» дапамагла з паловай неабходнай сумы, астатняе сабралі прафсаюзныя і грамадскія арганізацыі Віцебшчыны. На ўрачыстае адкрыццё абноўленага манумента чакалі прадстаўнічыя дэлегацыі, у тым ліку з Расіі. Таму добраўпарадкавана была не толькі тэрыторыя і парк побач з помнікам, але і сама вёска Павулле, і дарогі, якія вядуць да яе.
Задзейнічаны былі і мясцовыя арганізацыі — ДРБУ, ЖКГ, раённы вузел электрычнай сувязі, якія выконвалі неабходныя работы, многія жыхары раёна выходзілі працаваць на суботнікі, а вяскоўцы добраўпарадкавалі як свае падворкі, так і мясцовы парк.
— Быў абрэзаны стары яблыневы сад. Жыхары прынеслі цюльпаны і нарцысы, якія мы высадзілі перад помнікам. Тэхніка выраўняла ўчастак, вывезла камяні і засеяла пляцоўку шматгадовымі травамі. А напярэдадні адкрыцця мы пасадзілі там 80 клёнаў. Вёска змянілася да непазнавальнасці, — расказвае Вера Маслак, былая старшыня сельвыканкама, і дадае, што вельмі рада, што нарэшце помнік вярнуўся на сваё законнае месца.
Аднак на гэтым клопаты па добраўпарадкаванні не завершаны. Рамонт дарогі да аграгарадка Вяркуды, новыя лаўкі і малыя архітэктурныя формы, знос пустуючага старога жылля — гэта ўжо клопаты новага старшыні сельвыканкама Тамары Сурынавай.
Алена КРАВЕЦ, фота аўтара.