У спiсе раёнаў-лiдараў, што аператыўна выконваюць заданне, — Докшыцкi. Яравы клiн тут сёлета складае 13 706 гектараў. Найбольшыя плошчы яравой сяўбы ў ААТ «Таргуны» — звыш 4 тысяч гектараў, ААТ «Докшыцкi райаграсэрвiс» — 2529 гектараў i ў ААТ «Барсучанка» — там клiн складае 2150 гектараў. Сёлета пад яравыя збожжавыя i зернебабовыя культуры ў раёне адведзена 6603 гектара, яравы рапс займае 403 гектара, аднагадовыя травы на зялёны корм — 2000 гектараў, кукуруза на сiлас — 4600 гектараў.
На 22 красавіка аграрыi Докшыцкага раёна завяршылi сяўбу раннiх збожжавых i зернебабовых культур на плошчы звыш 5400 гектараў, цяпер на парадку дня — аднагадовыя травы на зялёны корм, яравы рапс, шматгадовыя травы (у iх лiку 226 гектараў люцэрны). Механiзатары рыхтуюць глебу пад кукурузу на зерне i зялёны корм, апрацоўваюць азiмы рапс ад шкоднiкаў, уносяць арганiчныя i мiнеральныя ўгнаеннi, праводзяць хiмпраполку азiмых збожжавых культур.
У адкрытым акцыянерным таварыстве «Барсучанка» сёлета пад яравы клiн адведзена 2150 гектараў, у тым лiку пад збожжавыя i зернебабовыя — 990, аднагадовыя травы на корм i кукурузу на сiлас — 500 i 750 гектараў адпаведна. Аграрыi адной з вядучых гаспадарак Докшыччыны ўжо завяршылi сяўбу раннiх культур, цяпер вядзецца падсеў аднагадовых i шматгадовых траў, падрыхтоўка глебы.
Красавiк у паўночным рэгiёне радуе звышнатуральным цяплом, таму механiзатары iмкнуцца задзейнiчаць з карысцю кожную пагодлiвую хвiлiну, каб якасна закласцi аснову будучага ўраджаю. Ад вiдна да вiдна гэтымi днямi шчыруе i вопытны трактарыст-машынiст ААТ «Барсучанка» Аляксандр Рамашоў. Сёлетняя пасяўная кампанiя ў працоўным летапiсе мужчыны дваццаць шостая па лiку. Ужо шмат гадоў запар ён задзейнiчаны на падрыхтоўцы глебы. Пасля заканчэння сяўбы Аляксандр Мiкалаевiч прыступiць да трамбоўкi зялёнай масы. Любоў да сельскай гаспадаркi механiзатар пераняў ад дзеда, якi так жа, як i Аляксандр, ганарыўся сваёй прафесiяй. «Пасяўная iдзе па плане, надвор’е стаiць выдатнае i душа радуецца. Усё ж расцiць хлеб — гэта вечная справа, як бы далёка не зайшоў прагрэс», — дзелiцца настроем трактарыст.
«Iмкнёмся правесцi пасяўную кампанiю ў аптымальна сцiслыя тэрмiны з захаваннем усiх тэхналагiчных працэсаў, каб у лiку першых выканаць дзяржаўны заказ, забяспечыць хлебам нашых людзей i якаснымi кармамi жывёлу», — заключыў кiраўнiк ААТ «Барсучанка» Сяргей Маскалёнак.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА