Top.Mail.Ru

Як наш лад жыцця вызывае галаўны боль?

Наступствы «звычак-правакатараў»

Мы прывыклі «глушыць» галаўны боль таблеткамі. Калі атрымліваецца, вядома. Але куды больш прадукцыйна не ў аптэку ісці за чарговым болепатольным сродкам, а падумаць, чаму пачала балець галава. Бо гэта сігнал, што мы робім нешта няправільна. Што менавіта, расказала ўрач-неўролаг Таццяна САМОЙЛАВА.

— Таццяна Мікалаеўна, якія нашы звычкі становяцца прычынай галаўнога болю?

— Сярод самых распаўсюджаных, напрыклад, няправільная пастава пры рабоце за камп’ютарам, доўгае знаходжанне ў нязручнай позе, няправільнае і працяглае выкарыстанне гаджэтаў, празмернае ўжыванне кафеіну, нерэгулярны рэжым сну, няправільнае харчаванне.

— Ці часта галаўны боль звязаны менавіта з паўсядзённым ладам жыцця, а не з сур’ёзнымі захворваннямі?

— Вельмі часта. У выпадках, калі галаўны боль становіцца надзвычай інтэнсіўным ці мяняе свой характар і спалучаецца з іншымі трывожнымі сімптомамі, неабходна звяртацца да ўрача для больш дакладнага абследавання. У асноўным жа галаўны боль — наступства нашага ладу жыцця. У многіх з нас дзень праходзіць за работай з камп’ютарам ці ноўтбукам. І часта мы сядзім у нязручных позах: скрыўляем спіну, моцна нахіляемся наперад, перакошваемся набок. Пры гэтым не выкарыстоўваем эрганамічныя крэслы, а рабочае месца арганізавана няправільна, напрыклад, не адрэгулявана вышыня манітора. Гэта вядзе да з’яўлення напружання ў мышцах шыі, плеч, спіны. Яны спазміруюцца, што ў выніку выклікае самыя распаўсюджаныя болі — галаўныя болі напружання.

— Гэта ж датычыцца і выкарыстання іншых гаджэтаў?

— Калі выкарыстоўваць той жа мабільны тэлефон увечары ці ўначы пры выключаным асноўным святле, напружваюцца і стамляюцца вочы, рэфлекторна напружваюцца мышцы шыі і плячэй, што таксама можа прыводзіць да галаўнога болю.

— А як уплываюць кава і энергетыкі?

— Залішняе ўжыванне кафеіну выклікае скачкі артэрыяльнага ціску, што парушае работу нервовай сістэмы. Злоўжыванне кафеінам можа фарміраваць устойлівае павышэнне ціску, асабліва ў людзей старэйшага ўзросту, ён павышаецца да 180 мм.рт.сл і на такім узроўні застаецца. І тут галаўны боль — першы сігнал.

— Часта галава баліць, калі недаспаць, ці, наадварот, спаць вельмі доўга...

— Недасыпанні ці занадта доўгі сон, позні яго пачатак, частае прабуджэнне могуць прыводзіць да таго, што раніцай мы ўстаём з ложка з галаўным болем. Правакацыяй парушэння сну можа выступаць і прыступ мігрэні. Пры парушаным рэжыме сну нервовая сістэма не ў стане паўнацэнна аднавіцца.

— Ці могуць справакаваць галаўны боль нерэгулярнае харчаванне або пропуск прыёмаў ежы?

— Так, голад выклікае ваганне ўзроўню цукру ў крыві, развіваецца гіпаглікемія, якая можа праяўляцца раздражнёнасцю, стомленасцю, зблытанасцю свядомасці і суправаджацца галаўным болем. Голад таксама з’яўляецца правакатарам мігрэні.

— Што можна параіць для мінімізацыі рызыкі ўзнікнення галаўнога болю?

— Прытрымлівацца рэжыму сну і адпачынку, сачыць за сваёй постаццю, абмяжоўваць час за кам’ютарам і іншымі гаджэтамі, зменшыць ужыванне кафеіну (не больш за два кубкі ў дзень), прытрымлівацца рэжыму харчавання і памятаць, што доўгія прамежкі паміж прыёмамі ежы, фастфуд і няякасныя прадукты могуць прыводзіць да галаўных боляў.

Апошнім часам усё больш узмацняецца тэндэнцыя да маларухомага ладу жыцця, таму варта займацца хаця б фізкультурай. Я не кажу, што абавязкова трэба ісці ў трэнажорную залу, бо тут патрэбна ўсё ж такі мінімальная падрыхтоўка ці дапамога інструктара. 

А вось пасільная фізічная нагрузка павінна прысутнічаць у жыцці кожнага, гэта і прафілактыка і галаўных боляў, і боляў у спіне.

— Што рабіць, калі падчас інтэнсіўнай фізічнай нагрузкі ўзнікае галаўны боль?

— Пры галаўным болі на фоне фізічнай актыўнасці варта звяртацца да ўрача для абследавання, каб выключыць сур’ёзныя захворванні. Пры неабходнасці прызначаюцца дадатковыя метады абследавання, напрыклад, МРТ.

— Увогуле пры якіх сімптомах лепш звяртацца да неўролага?

— Калі адзначаецца пачашчэнне прыступаў да 2-3 на тыдзень, варта ісці да доктара. Неабходна таксама тэрмінова звяртацца да ўрача-неўролага, калі з’яўляюцца такія трывожныя знакі, як суправаджэнне болю млоснасцю, ванітамі, галавакружэннем, парушэннем зроку, слабасцю ў канечнасцях, парушэннем іх адчувальнасці. Гэта неабходна, каб выключыць больш сур’ёзныя захворванні.

— Ці можа стрэс уплываць на ўзнікненне галаўных боляў?

— Пры пярвічных галаўных болях сярод правакатараў стрэс і трывога займаюць ледзь не першае месца. У спалучэнні з пералічанымі прычынамі яны адзін аднаго ўзмацняюць. Пры стрэсе і трывозе адбываецца рэфлекторнае напружанне мышцаў, у першую чаргу ў зоне шыйнага аддзела пазваночніка, а таксама мышцаў галавы, што выклікае ці ўзмацняе галаўны боль.

— Якія метады дыягностыкі найбольш эфектыўныя для выяўлення прычын галаўнога болю?

— У першую чаргу ўрач збірае анамнез, скаргі пацыента, ацэньвае неўралагічны статус і на іх аснове выстаўляе дыягназ, калі размова ідзе пра пярвічныя галаўныя болі — болі напружання, мігрэні, кластарны галаўны боль. Калі маюцца трывожныя сімптомы, дадатковыя скаргі ці ачагова-неўралагічная сімптаматыка, пацыент накіроўваецца на МРТ, каб выключыць больш сур’ёзныя прычыны.

— Ці ёсць людзі, не схільныя да галаўных боляў?

— Калі правілы, пра якія мы казалі, парушаць з дня ў дзень, амаль у кожнага з’явіцца галаўны боль, асабліва гэта датычыцца галаўных боляў напружання.

— Ці можна цалкам пазбавіцца ад галаўнога болю, толькі змяніўшы звычкі, або заўсёды патрэбна медыкаментозная падтрымка?

— У многіх выпадках, калі «адрэдагаваць» свой лад жыцця, можна справіцца без прэпаратаў. У некаторых сітуацыях патрабуецца медыкаментозная падтрымка, але пачынаць у любым выпадку варта менавіта з карэкцыі звычак.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю