Кіроўцы велікагрузаў, якія чакаюць уезду ў Літву ў пункце пропуску «Каменны Лог» (сумежны літоўскі «Мядзінінкай»), падзяліліся эмоцыямі аб сітуацыі на граніцы, паведаміла БелТА.
Вяртаецца дадому ў Малдову дальнабойшчык Алег. У чарзе ён прастаяў 25 дзён. «Стаім вельмі доўга! 25 дзён чакалі заезду. Учора нас выклікалі, нават не ведалі, што граніца закрытая, паціху рухаліся, ехалі. Цяпер нават не ведаю, як будзе. Мы, вядома, заўсёды спадзяёмся на лепшае. Колькі езджу, першы раз такое. Гэта не проста чаканне, гэта стома проста. Столькі чакаць проста немагчыма. Ёсць тут хлопцы, якія менавіта тут чакаюць з нядзелі», — падзяліўся ён.

Мужчына дапоўніў, што адчуваецца такое чаканне і фінансава: «Нам аплачваюць, а толку? Мы ўсё і з’ядаем. Ды і запасы заканчваюцца ўжо ўсе».
У пакутлівым чаканні і Гульмурат з Казахстана: «Як заехаў у пункт пропуску, ужо суткі прайшлі. А наогул чакаў 20 з нечым дзён. Чакаем адказу, а што нам яшчэ застаецца? Іншых варыянтаў няма, бо не ад нас залежыць. Церпім, што рабіць?»

Мужчына дадае, што дальнабойшчыкам не прывыкаць чакаць, але ведаць бы, што сапраўды ўдасца прайсці. «Не прапусцяць — паедзем назад, дома даведаемся, аплацяць ці не», — канстатаваў ён.
Правёў у назапашвальніку 23 сутак кіроўца велікагруза з Малдовы Карнеліа. «З учарашняга вечара ўжо перад граніцаю стаю, — сказаў ён. — Мы тут нічога не вырашаем. За нас вырашаюць. Як не крыўдна? У нас жа таксама сем’і, таксама дзеці, трэба карміць, а мы стаім і не зарабляем».

«Польшча нас не пускае, застаецца Латвія. Вы зразумейце: два пераходы закрыюць, колькі гэта машын!» — дадаў кіроўца, падкрэсліўшы, што сітуацыя страшная.
Пасля пасяджэння Камісіі па нацыянальнай бяспецы, якое адбылося 27 кастрычніка, у Літве заявілі, што краіна бестэрмінова закрые граніцу з Беларуссю. Адзначалася, што абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на дыпламатаў і дыпламатычную пошту. Акрамя таго, грамадзянам Літвы і краін ЕЗ будзе дазволены ўезд з Беларусі. Таксама закрыццё граніцы з Беларуссю не паўплывае на падарожнікаў, якія едуць транзітам у Калінінградскую вобласць Расіі і з яе. Усім астатнім рух будзе закрыты. Канчатковае рашэнне аб бестэрміновым закрыцці граніцы з Беларуссю плануюць прыняць сёння падчас пасяджэння літоўскага ўрада.