Мы прывыклі здзяйсняць пакупкі ў інтэрнэт-крамах, карыстацца інтэрнэт-банкінгам, дзяліцца сваімі персанальнымі данымі пры афармленні розных дакументаў і ажыццяўленні плацяжоў. Аднак і ашуканцы актыўна абжываюцца ў лічбавай прасторы і прыдумляюць усё новыя спосабы ўзбагаціцца за кошт неасцярожных карыстальнікаў. Фальшывыя інтэрнэт-крамы з таварамі, якія вы ніколі не атрымаеце, інвестыцыі ў крыптавалюту і прыбытковыя праекты, рамантычныя махлярствы на сайтах знаёмстваў — дыяпазон падману вельмі шырокі. Спецыялісты расказалі пра самыя распаўсюджаныя схемы, па якіх дзейнічаюць зламыснікі, а таксама пра тое, хто найчасцей становіцца ахвярай такіх «разводаў».
Не пакідаючы слядоў
Цягам апошніх гадоў ва ўсім свеце назіраўся паступовы рост кіберзлачынстваў, і наша краіна — не выключэнне. Але сёлета, з улікам прынятых мер, назіраецца зніжэнне іх колькасці. Як паведаміў начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Павел Грамузаў, з пачатку года зарэгістравана каля 4200 махлярстваў, за аналагічны перыяд летась іх было больш за 5 тысяч.
— Сучасныя кіберзлачынствы маюць спецыфіку, якая ўскладняе іх раскрыццё па гарачых слядах. Гэта і трансгранічны характар — злачынца можа знаходзіцца ў любым пункце зямнога шара, і поўная ананімнасць, каб схаваць сваю асобу, месцазнаходжанне і мэты, — адзначыў праваахоўнік.
Самае распаўсюджанае махлярства — продаж выдуманага тавару ў псеўдаінтэрнэт-крамах, такіх злачынстваў амаль палова. Адметна, што махлярствы з выкарыстаннем усім вядомых інтэрнэт-пляцовак, якія зарэгістраваны ў Беларусі, зведзены да мінімуму. Зламыснікі цяпер дзейнічаюць у сацыяльных сетках і месенджарах, дзе ствараюць прыгожыя старонкі фальшывых крамаў. Асноўная іх мэта — атрымаць грошы ці доступ да банкаўскіх рахункаў. Яшчэ адзін распаўсюджаны спосаб — званкі пад выглядам супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, банкаў, якім пацярпелыя даюць свае плацежныя рэквізіты і доступ да рахункаў ці нават добраахвотна пералічваюць грошы. Папулярны спосаб падману — укладанне сродкаў у выгадны праект, напрыклад, у крыптавалюту. Нярэдкія выпадкі, калі ў сацсетках ствараюць фэйкавыя старонкі паспяховых беларускіх прадпрыемстваў і прапануюць грамадзянам укласціся ў акцыі і атрымаць высокі даход.
З нядаўняга часу органы МУС наладзілі супрацоўніцтва з Нацыянальным банкам, банкаўскай супольнасцю для аператыўнай блакіроўкі прасоўвання сродкаў па банкаўскіх рахунках. Цягам сутак і нават некалькіх гадзін можна спыніць любую трансакцыю, калі ёсць прыкметы махлярства. Такая блакіроўка ажыццяўляецца на тэрмін да 10 сутак па рашэнні кіраўніцтва МУС. Адметна, што ўзятая на ўзбраенне тактыка знізіла прывабнасць выкарыстання рахункаў у беларускіх банках для махляроў, заблакіравана некалькі тысяч дроп-рахункаў (іх махляры выкарыстоўваюць для абналічвання і пераводу грашовых сродкаў). Але і зламыснікі не стаяць на месцы — яны выводзяць сродкі праз рахункі замежных банкаў. Або здымаюць наяўныя ў Беларусі, затым пераводзяць іх у валюту ці крыптавалюту і перасылаюць за мяжу. Але праваахоўныя органы маюць магчымасць затрымліваць такіх людзей, часта нават на месцы злачынства — каля банкамата.
Як выглядаюць махляры і іх ахвяры?
Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Юлія Харчэйкіна, летась за махлярства асуджана 816 асоб, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій — 360 (44 %). Большасць асуджаных (84 %) —мужчыны. Прычым моладзь ва ўзросце ад 18 да 20 гадоў складае амаль 56 %, а вось доля непаўналетніх — усяго 6 %. Амаль палова асуджаных (48 %) не вучыліся і не працавалі. Пры гэтым 52 % зламыснікаў мелі вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю. Гэта не дзіўна, бо пэўныя віды такіх злачынстваў патрабуюць спецыфічных ведаў і навыкаў. 38 % з вышэйзгаданых асоб мелі нязнятую судзімасць, а 23 % здзейснілі злачынства ў групе, прычым характэрна, што яе ўдзельнікі незнаёмыя паміж сабой, знаходзіліся ў розных краінах. Такім чынам тыповы партрэт махляра выглядае так: гэта мужчына маладога ўзросту, з вялікай верагоднасцю ён не мае пастаяннага месца работы, пры гэтым з высокім узроўнем адукацыі.

Сродкам камунікацыі і атрымання інфармацыі ў такіх злачынствах выступае інтэрнэт, у прыватнасці, сацыяльныя сеткі. Інтэрнэт-пляцоўкі нярэдка выкарыстоўваюцца не толькі для продажу тавару, які адсутнічае ў рэчаіснасці, але і здзелак з арэндай кватэр. У такіх выпадках размяшчаюцца аб’явы аб здачы кватэр, атрымліваецца перадаплата і «арэндадаўца» перастае выходзіць на сувязь. У асноўным пацярпелымі з’яўляюцца студэнты. Як ні дзіўна, але па-ранейшаму людзі трапляюцца на старую хітрасць махляроў з паведамленнямі аб тым, што іх блізкія трапілі ў ДТЗ. Характэрна, што асобныя пацярпелыя неаднаразова становяцца ахвярамі такога спосабу падману.
Маюць месца такія спосабы здзяйснення злачынства з выкарыстаннем сайтаў знаёмстваў, калі падчас перапіскі падманшчык расказвае пра цяжкае матэрыяльнае становішча, захворванні сваякоў і прапануе пераводзіць грошы. Здараецца і ашуканства пад выглядам дабрачыннай дзейнасці — так званае сеткавае папрашайніцтва. Нядаўна асуджана жанчына, якая размясціла ў сацыяльных сетках аб’яву аб неабходнасці аказання дапамогі сабаку. Не маючы намеру яе аказваць, яна завалодала сродкамі 18 пацярпелых.
Сярод тых, хто павёўся на хітрыкі прайдзісветаў, яўна пераважаюць жанчыны, напрыклад, пры званках ад «сваякоў у бядзе» іх 78 %, пры «зборах» на мэты дабрачыннасці — увогуле 100 %. Характэрна, што махляры добра ведаюць сацыяльна-дэмаграфічныя асаблівасці і па поўнай эксплуатуюць іх. А вось мужчыны найбольш схільныя стаць пацярпелымі пры выкарыстанні сайтаў знаёмстваў, дзе ашуканцы часта ствараюць фальшывыя жаночыя профілі. Мужчыны дамінуюць і сярод пацярпелых ад псеўдаінвестыцый у біржы і розыгрышы. Такім чынам, пажылыя жанчыны — галоўная мішэнь псіхалагічных маніпуляцый, яны найбольш уразлівыя для эмацыйнага ціску і падману па тэлефоне. А маладыя мужчыны — група рызыкі для азартных і рамантычных схем. Адметна, што злачынцы пры выбары сваёй «мішэні» мэтанакіравана арыентуюцца на паводзінскія мадэлі патэнцыйных ахвяр.
Алена КРАВЕЦ