З пачаткам сезона збору ягад і грыбоў колькасць зваротаў у МНС рэзка ўзрастае. Толькі за мінулы год у Магілёўскай вобласці ратавальнікі дапамаглі выйсці дадому 70 людзям, сярод якіх двое дзяцей. Як пазбегнуць надзвычайнай сітуацыі і што рабіць, калі вы ўсё ж згубіліся, расказалі ў абласным упраўленні МНС.
«З пачаткам ягадна-грыбнага сезона ў ратавальнікаў працы становіцца на парадак больш. Амаль штодня па нумарах 101 або 112 паступаюць паведамленні аб тым, што хтосьці заблукаў у лесе. У асноўным гэта пажылыя людзі. Не разлічваючы свае сілы, яны ідуць на далёкія адлегласці, у выніку страчваюць арыенціры. Некаторым становіцца дрэнна, а з сабой няма ні лекаў, ні вады, часта — нават тэлефона», — адзначыла афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Інеса Ялфімава.
Па яе словах, заблудзіцца можа кожны, прычым нават у знаёмым лясным масіве. Таму перад выхадам з дому абавязкова паведаміце пра свае планы суседзям або сваякам. Карысна запамінаць, з якога боку вы ўвайшлі ў лес і дзе ў гэты момант знаходзіцца сонца. Гэта дапаможа зарыентавацца пры вяртанні.
Калі ўсё ж заблукалі, галоўнае — не панікаваць. Трэба спыніцца, супакоіцца і прыслухацца. Шум машын, стук сякеры, брэх сабакі або галасы людзей могуць падказаць напрамак. Ратавальнікі папярэджваюць: не варта залазіць на дрэвы ў спробах разглядзець мясцовасць — гэта небяспечна і малаэфектыўна. Лепш трымацца рэк або крыніц і ісці ўніз па цячэнні: вада заўсёды прывядзе да населенага пункта. Па шляху пакідайце пазнакі-засечкі на ствалах, зламаныя галінкі або элементы адзення. Калі адчулі пах дыму, ідзіце супраць ветру — так вы хутчэй знойдзеце крыніцу і магчымых людзей побач.
Таксама Інеса Ялфімава звярнула ўвагу на экіпіроўку і падрыхтоўку. Адзенне павінна быць непрамакальным і яркім: такі колер прыкметны здалёку для ратавальнікаў і адпужвае дзікіх жывёл. Абавязкова трэба ўзяць з сабой зараджаны мабільны тэлефон, ваду, ліхтарык і неабходныя лекі.
«Ніякіх гульняў у лясным масіве быць не павінна! Дзецям знаходзіцца ў лесе можна толькі ў прысутнасці дарослых. Пажылым людзям, чые сілы могуць падвесці ў любы момант, лепш наогул адмовіцца ад працяглых лясных падарожжаў», — падкрэсліла прадстаўнік МНС.
З пачатку бягучага года ў рэгіёне ратавальнікі адшукалі пяць заблукалых. Так, 16 чэрвеня ў Асіповіцкім раёне дапамагалі 77-гадоваму пенсіянеру з Бабруйска. Мужчына захапіўся зборам грыбоў каля вёскі Прудок і не змог знайсці дарогу назад. На шчасце, у яго быў зараджаны тэлефон. На пошукі выйшлі 23 чалавекі і 8 адзінак тэхнікі. Праз пяць гадзін грыбніка выявілі каля суседняй вёскі, медыцынская дапамога яму не спатрэбілася.
Аналагічны выпадак адбыўся 1 ліпеня ў Быхаўскім раёне. Мужчына вырашыў скараціць шлях праз лес каля вёскі Гарадзец і збіўся з дарогі. Яго шукалі восем ратавальнікаў на трох адзінках тэхнікі. Мужчыну выявілі праз пяць гадзін за тры кіламетры ад населенага пункта.
У МНС нагадалі алгарытм дзеянняў пры страце арыенціраў. У першую чаргу патэлефануйце па нумары 101 або 112, паведаміце раён і населены пункт, адкуль увайшлі ў лес, апішыце навакольныя аб’екты. Калі сувязі няма, трэба шукаць лініі электраперадачы, прасекі або сцяжынкі. А калі цямнее, арганізуйце начлег. Прытулак можна зрабіць з галін, а для захавання цяпла набіць пад вопратку лісце або газету. Каб вас заўважылі, павесьце на бачным месцы яркую вопратку ці паперу, абламаць галінкі.
«Заблудзіцца ў лесе — справа некалькіх хвілін. Каб знайсці дарогу назад, спатрэбіцца нашмат больш часу. Ці варта рызыкаваць, калі вы не ўпэўненыя, што самастойна вернецеся дадому?» — сказала Інеса Ялфімава.
Перад тым як ісці ў лес, трэба абавязкова праверыць зарад гаджэтаў, надзець яркую вопратку і, самае галоўнае, папярэдзіць блізкіх аб маршруце і прыкладным часе вяртання. Памятаёце: ваша бяспека залежыць ад вашай прадбачлівасці.