Па меркаванні дырэктара Інстытута меліярацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Анжанкова, праблему ў Беларусі стварае не колькасць ападкаў, а іх дыферэнцыяцыя па месяцах. «Мы ўспамінаем сітуацыю пазамінулага года, калі май—чэрвень аказаліся засушлівымі, што сур’ёзна адбілася на вытворчасці сельгаскультур», — нагадаў ён. Таму, падкрэсліў навуковец, меліярацыйныя сістэмы вымушаны працаваць у вельмі складанай абстаноўцы.
«Нягледзячы на перыяды засухі, якія пачашчаюцца, неабходнасць вясной адводу залішняй вады да гэтага часу дазваляе выйсці сельгастэхніцы ў палі на два—шэсць тыдняў раней, чым калі б меліярацыйных сістэм не было. Як вынік — неабходнасць кіравання вадой становіцца двухбаковай. У перыяд паводкі і дажджоў трэба ваду адвесці з сельгастэрыторый, а пры месячных засухах, наадварот, яе захаваць. Таму вядзецца работа па рэканструкцыі і ўдасканаленні меліярацыйных сістэм», — растлумачыў Аляксандр Анжанкоў.
Вады то мала, то занадта
Пры сярэдняй засусе зніжэнне ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур у Беларусі складае 10–20 %, пры экстрэмальнай — да 30–40 %. І, наадварот, такія ж страты могуць здарыцца пры няправільна адрэгуляваным водаадводным рэжыме з наступным пераўвільгатненнем глебы.
Паўстае пытанне арашэння зямель — адзін з самых дарагіх спосабаў рэгулявання сельскагаспадарчых палеткаў. «Так, у нас пабудаваны вадасховішчы для гэтага, але іх эксплуатацыя — мерапрыемствы даволі дарагія, і без падтрымкі дзяржавы і пілотных праектаў па вывучэнні эфектыўнасці гэтых актыўнасцяў казаць аб маштабным абвадненні рэспублікі не атрымаецца».
Падзенне ўзроўню вады ў рэках і азёрах — гэта агульнасусветная тэндэнцыя, не толькі беларуская, працягнуў Аляксандр Анжанкоў. На прыкладзе аналізу такіх рэк, як Амазонка, Рэйн, Эльба, Вісла, Волга, высветлілася, што ва ўсіх абнаўляюцца мінімумы ўзроўню вады. Што ж рабіць? Прымаць меры па захаванні вады на тэрыторыі Беларусі і правільна яе пераразмяркоўваць.
Як адзначыла начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына Істоміна, праблема засух для нашай тэрыторыі вельмі актуальная. Напрыклад, адно з наступстваў працяглых спякотных перыядаў — пажары ў лясах і на тарфяніках. За апошняе дзесяцігоддзе верагоднасць узнікнення засух і іх працягласць павялічылася як за кошт змянення клімату, так і за кошт антрапагеннага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе. Адным з неспрыяльных для культур паказчыкаў з’яўляецца глебавая засуха. А яна вынікае з засухі атмасфернай.
«З 1989 года, калі пачалося глабальнае змяненне клімату, значна вырасла паўтаральнасць глебавых засух. Часцей яны назіраюцца ў паўднёвым рэгіёне краіны, што ў першую чаргу звязана з высокім тэмпературным рэжымам з даволі лёгкімі па механічным складзе глебамі. Часцей глебавыя засухі бываюць летам, але ў апошнія гады мы адзначаем іх у верасні або, наадварот, у маі — пачатку чэрвеня», — адзначыла Кацярына Істоміна.
Апошнім часам пачасціліся засухі менавіта ў чэрвені і жніўні. Максімальная паўтаральнасць у дзевяці гадах з дзесяці ў гэтыя месяцы назіраецца на Гомельшчыне, дзе таксама ўдвая павялічылася паўтаральнасць глебавых засух у верасні — такое фіксуецца часцей, чым праз год. «За перыяд пацяплення глебавыя засухі працягласцю месяц і больш у Гомельскай і Брэсцкай абласцях здараюцца ў сямі — дзевяці гадах з дзесяці. У Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях — раз на пяць-шэсць гадоў. У Віцебскай — тры з дзесяці. У Гомельскай вобласці таксама — прыкладна адзін раз на два гады, у Брэсцкай — адзін раз на два-тры гады засухі ахопліваюць не менш чым 30 % тэрыторыі», — акрэсліла сітуацыю спецыяліст.
Галоўны вораг ураджаю
Вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі кліматычных даследаванняў, кандыдат геаграфічных навук Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Віктар Мельнік адзначыў, што з-за недахопу вільгаці ўраджайнасць зніжаецца больш, чым з-за замаразкаў і іншых з’яў надвор’я. Звычайна ўтрыманне вільгаці ў верхнім пласце глебы знаходзіцца на ўзроўні каля 2 міліметраў. Пачынаючы з перыяду пацяплення, ідзе яго паніжэнне. Але найбольш істотнае паніжэнне ў краіне адзначаецца толькі ў Гомельскай вобласці.

Што рабіць? Задача навукоўцаў-батанікаў — выводзіць новыя засухаўстойлівыя сарты, агратэхнікаў — прымяняць эфектыўныя прыёмы назапашвання і вывядзення вільгаці. А аграрыям трэба выбіраць аптымальныя тэрміны сяўбы і размеркавання культур з улікам мікракліматычных асаблівасцяў мясцовасці.
Рост тэмпературы працягнецца, папярэдзіў кліматолаг. А значыць, будзе павышанае выпарванне глебавай вільгаці і засушлівасць. Павелічэнне ападкаў таксама будзе, але ў асноўным яно прагназуецца ў зімовы, вясновы і восеньскі перыяды, а летам вады з неба будзе ўсяго на 3–5 % больш.
У паўднёвых раёнах Беларусі пашыраецца сяўба такіх засухаўстойлівых кармавых культур, як люцэрна і суданская трава. У іх магутная каранёвая сістэма, і адчуваюць яны сябе нядрэнна. У перыяд узмацнення засух (май—чэрвень) павялічваюць сяўбу азімых культур. Яны да пачатку спякоты ўжо добра ўкараняюцца і назапашваюць вільгаць. У апошнія гады таксама з-за змены клімату ў Беларусі зменшылася сяўба азімага жыта і трыцікале, затое пашырыліся плошчы азімага ячменю, які паспявае да пачатку засух.
Рэалізаваны шэраг практычных мерапрыемстваў па прадухіленні пагаршэння і аднаўленні дэградаваных зямель, адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Касцюк. У мэтах падтрымання і аднаўлення ўрадлівасці глеб сельскагаспадарчых зямель унесена 50,3 мільёна тон арганічных угнаенняў, а таксама праведзена вапнаванне сельскагаспадарчых зямель на плошчы 255 тысяч гектараў. Акрамя таго, выканана рэканструкцыя меліярацыйных сістэм на плошчы 60,2 тысячы гектараў. Вельмі важным з’яўляецца той факт, што працягваецца работа па ўкараненні тэхналогіі мінімальнай апрацоўкі глебы і тэхналогіі дакладнага земляробства.
Сяргей КУРКАЧ