Праект «Ежа з сэнсам» прадставіў Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей. «Мы хацелі адысці ад фармату простага гастрафэсту. Хацелася дадаць пэўнага сэнсу: ежу, якую мы сёння прадставім, можна зразумець, толькі калі даведаешся і ўбачыш гісторыю горада Светлагорска: як ён з’явіўся, чаму тая ці іншая ежа прадстаўлена менавіта такім чынам», — расказала Валянціна Дыніч, дырэктар ТАА «БелБрэндАўдыт», аднаго з арганізатараў фестывалю.
Дарэчы, сваю малую радзіму самі светлагорцы называюць «малады горад на старажытнай зямлі». Справа ў тым, што ў XVI стагоддзі на месцы цяперашняга горада існавала паселішча Шацілкі. Толькі ў 1961-м на той момант ужо гарадскі пасёлак стаў Светлагорскам. Даведацца пра горад праз яго мінулае і сучаснасць якраз і дапамагаюць такія праекты, як «Ежа з сэнсам»: «Патэнцыял у горада ёсць. І нам вельмі хацелася падкрэсліць гэты патэнцыял, расказаць пра яго, каб горад працягвалі развіваць і ацэньваць па заслугах», — адзначыла Валянціна Дыніч.
І «смачны» праект як нельга дарэчы. Маладая бульба, хрумсткія маласольныя агурочкі, далікатныя мясныя рулеты і традыцыйныя каўбасы, духмяныя пернікі і пірагі — разнастайнасць страў радавала вока і, вядома, страўнік. Як расказалі арганізатары, рыхтавалі ўсё па ДАСТах — арыентуючыся на той самы дзяржаўны знак якасці часоў Савецкага Саюза, калі і будаваўся Светлагорск.
Прадстаўлены былі і розныя забаўляльныя і фотазоны: «Наша экспазіцыя — гэта вяртанне ў гісторыю. У той перыяд, калі ў 1950-х сюды прыехалі будаўнікі і пачалі ўзводзіць наш горад. Мы тут быццам на вакзале, з чамаданамі, настроеныя па-баявому, гатовыя працаваць і будаваць, — расказала ўдзельніца тэатральнай студыі „Авантура“ Наталля. — Старт фестывалю, я лічу, атрымаўся магутны. Людзей насамрэч прыйшло шмат: і гасцей, і жыхароў горада. І, вядома, прыемна мець дачыненне да ўсеагульнага свята».
На сыты страўнік, як вядома, тварыць істотна лягчэй. Увечары першага дня фестывалю «Вытокі» для юных аматараў малявання ў парку на вуліцы Калініна арганізавалі мастацкі інтэрактыў «стАРТ». Разам з беларускімі майстрамі жывапісу дзеці завершаць афармленне пляцоўкі новага шматпрофільнага комплексу для катання і заняткаў спортам.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара