Аграрыі Гомельшчыны паступова набіраюць тэмпы нарыхтоўкі сенажу з траў першага ўкосу. Цяпер трава знаходзіцца ў найбольш спрыяльнай фазе для ўборкі, і перад гаспадаркамі стаіць задача своечасова забяспечыць кармавую базу для буйной рагатай жывёлы на наступны зімова-стойлавы перыяд. Работы ў палях імкнуцца весці без затрымак.
У ААТ «Уцеўскае» Добрушскага раёна ў тэрмін завяршылі сяўбу ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур, днямі цалкам «закрылі» план па сяўбе кукурузы на зялёную масу і прыступілі да нарыхтоўкі траў. Стартуюць з люцэрны, адной з самых пажыўных кармавых культур.
Ужо ў гэтую касавіцу і ўборачную кампанію ўпершыню папрацаваць як паўнацэнная працоўная адзінка калектыву марыць Уладзіслаў Міхаленка. Студэнт Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, ён цяпер завяршае навучанне ў ВНУ і як раз праходзіць пераддыпломную практыку ў гаспадарцы. Малады чалавек мясцовы. Родам з Уці. Тут скончыў школу, паступіў ва ўніверсітэт, для навучання атрымаў мэтавае накіраванне ад Добрушскага райвыканкама. Летась на вытворчую практыку Уладзіслаў папрасіўся ў родную гаспадарку, і вельмі добра сябе зарэкамендаваў.

— Працаваў на МТЗ-82. У гэтым годзе даверылі тэхніку ўжо больш сур’ёзную. Займаўся падвозам насення да сеялак з бункерам, затым унясеннем арганікі, — тлумачыць малады спецыяліст.
У машынным двары каля энерганасычанага трактара, на якім цяпер працуе Уладзіслаў Міхаленка, затрымліваешся мімаволі. Тэхніка выглядае амаль як новая — акуратная, падфарбаваная, прыведзеная ў парадак. Студэнт-практыкант сам папрасіў замацаваць за ім гэтую машыну і сам займаўся яе рамонтам.
— У канцы чэрвеня ва ўніверсітэце ў мяне абарона дыплома. Тэма дыпломнай работы звязана з мадэрнізацыяй культыватара-дыскатара, які прымяняецца ў складзе комплексу машын для асноўнай і перадпасяўной апрацоўкі глебы пад збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя культуры, — расказвае Уладзіслаў.
Нягледзячы на падрыхтоўку да абароны дыпломнай работы і вучобу, малады чалавек ужо будуе планы на свой ўдзел у летняй кампаніі ў гаспадарцы.
— Пасля абароны адразу хачу вярнуцца сюды працаваць. Мару стаць добрым інжынерам! У сезон заўжды работы вельмі шмат, таму буду рады дапамагчы на розных пазіцыях. Да энерганасычанага трактара, на якім цяпер працую, агрэгаціруецца бункер на дваццаць тон, і ён як раз будзе задзейнічаны падчас уборачнай, — з веданнем справы ўдакладняе Уладзіслаў.
У гаспадарцы на маладога спецыяліста сур’ёзна разлічваюць. Кажуць аб ім ужо як аб будучым запатрабаваным інжынеры.
— Чалавек вучыцца ў вышэйшай навучальнай установе. Цікавіцца тэхнікай, пасяўнымі агрэгатамі, прычапнымі агрэгатамі, вывучае іх. Будзе ведаць трактар, будзе ведаць агрэгаты, як яны рэгулююцца, як працуюць. Хлопец — на сваім месцы! — з радасцю за маладыя кадры і новае працоўнае папаўненне ў гаспадарцы дадае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Уцеўскае» Уладзімір Халяўкін.
Для сельгасарганізацыі маладыя спецыялісты сёння асабліва важныя. Гаспадарка стала адной з найбуйнейшых у раёне пасля дабаўлення сельгасугоддзяў у мінулым годзе. Як адзначае намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ «Уцеўскае» Галіна Дзямкова, агульная плошча іх сельгасзямель цяпер — амаль 11 тысяч гектараў, больш як 8600 гектараў — ралля.
— Вясновыя палявыя работы пачалі з сярэдзіны сакавіка, і ідзём вельмі рытмічна ў гэтым сельгассезоне. У тэрмін поўнасцю завяршылі сяўбу яравых збожжавых на плошчы звыш 1080 гектараў. Паселі грэчку і аднагадовыя культуры на корм. Асноўны ўпор традыцыйны робім на — кукурузу. Пад яе сёлета адведзена амаль 2,3 тысячы гектараў, з іх звыш 350 гектараў — на зерне, астатняе — на зялёную масу, — па лічбах уводзіць у курс справы Галіна Дзямкова.
На гэтым тыдні аграрыі пераходзяць да наступнага этапу работ — корманарыхтоўкі. Плошча шматгадовых траў у гаспадарцы — больш як 2,2 тысячы гектараў, з іх больш паловы — адведзена пад люцэрну.
Як падкрэслівае намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ «Уцеўскае», у корманарыхтоўчай кампаніі на ўсіх этапах — ад падрыхтоўкі поля, тэхнікі, траншэй да закладкі і захоўвання кармоў — варта строга выконваць тэхналогію.
— На ўсіх этапах імкнёмся строга вытрымліваць тэхналогію. Вельмі важна не ўпусціць аптымальныя тэрміны касьбы і вытрымаць неабходную вышыню зрэзу травы. Скошаную масу аператыўна дастаўляем у сянажна-сіласныя траншэі. Адзін з галоўных паказчыкаў якаснага сенажу — вільготнасць зялёнай масы на ўзроўні 50-55 %, — звяртае ўвагу Галіна Дзямкова. — Частку кармоў абавязкова нарыхтоўваем і ў плёнку, з дапамогай прэс-падборшчыка.
Да корманарыхтоўчай кампаніі ў гаспадарцы падышлі адказна. Тэхніка гатова да працы, механізатары працуюць з разуменнем таго, наколькі важная трывалая кармавая база для жывёлагадоўлі, бо ад якасці і аб’ёмаў нарыхтаваных кармоў напрамую залежаць прыбаўленні ў вазе, надоі, а значыць — эканамічныя поспехі сельгаспрадпрыемства і заробак працаўнікоў.
— Імкнёмся максімальна выкарыстоўваць спрыяльны час, каб закласці дастатковы запас зялёных кармоў і забяспечыць жывёлу паўнацэнным харчаваннем у будучым зімова-стойлавым перыядзе, — пераконвае намеснік дырэктара па раслінаводстве.
Усяго аграрыі ААТ «Уцеўскае» для наступнага зімова-стойлавага перыяду плануюць нарыхтаваць 1,8 тысячу тон сена, больш за 16 тысяч тон сенажу, у тым ліку каля трох тысяч — нарыхтуюць у плёнку і каля 46 тысяч тон сіласу.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара