Top.Mail.Ru

Як падлеткі становяцца пешкамі інтэрнэт-махляроў і нарказлачынцаў

Лёгкія грошы — цяжкія наступствы.


У параўнанні з мінулым годам дзіцячая злачыннасць знізілася на 26 працэнтаў. За апошнія 20 гадоў дынаміка зніжэння яшчэ больш істотная — у разы (з 9 тысяч злачынстваў у 2005-м да 800 злачынстваў сёлета). Іншымі сёння сталі і самі злачынствы: сярод самых распаўсюджаных — крадзяжы, хуліганства і незаконны абарот наркотыкаў. Крадуць дзеці ў асноўным грошы, тэлефоны і веласіпеды. Хуліганства звязана ў першую чаргу з пашкоджаннем маёмасці — агароджаў, вокнаў, ліхтарных слупоў, а незаконны абарот наркотыкаў — са збытам псіхатропных рэчываў.

Хуткія заробкі — доўгія тэрміны

Ісці на злачынствы падлеткаў прымушае жаданне зарабіць лёгкія грошы. Як патлумачыў намеснік начальніка аддзела па арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Васіль ДЗЕМІДОВІЧ, практычна кожны тыдзень фіксуюцца затрыманні дзяцей за збыт наркотыкаў. Не выключэнне і гэты тыдзень: з 500 грамамі альфа-PVP затрыманы непаўналетні, навучэнец першага курса юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Галоўная прычына, па якой ён гэта рабіў, — хацеў зарабіць. Але не атрымалася: хлопец «адпрацаваў» усяго два тыдні. Першы раз «заказчыкі» яго правяралі — замест наркотыкаў ён раскладваў цукар. Потым узяў «майстар-скарб» — вялікую дозу наркотыкаў, якую павінен быў расфасаваць. Супрацоўнікі міліцыі яго адразу ж затрымалі. Цяпер хлопцу пагражае працяглы тэрмін.

Падлеткі сталі больш учыняць рабаванняў і разбояў, дзе прадметам злачыннага замаху з’яўляюцца электронныя сістэмы курэння. Пад падставай пакупкі вейпа яны сустракаюцца з прадаўцом — як правіла, гэта такія ж непаўналетнія — і адбіраюць у яго электронныя прылады. Акрамя таго, актыўна запаўняецца непаўналетнімі і ніша кіберзлачынстваў. Іх мэта — завалодаць персанальнымі данымі або рэквізітамі банкаўскіх картак, каб у далейшым атрымліваць грошы або дывідэнды. Адным са спосабаў з’яўляецца стварэнне фішынгавых сайтаў. Спасылка на іх рассылаецца ў разнастайныя групы. У некаторых выпадках выявы ствараюцца з дапамогай нейрасетак. Карыстальніку прапануецца прагаласаваць, напрыклад, за ўпадабаны малюнак ці дзяўчыну на конкурсе прыгажосці, клікнуўшы на кнопку для галасавання.

Нярэдка непаўналетнія ствараюць старонкі ў сацыяльных сетках і на гандлёвых пляцоўках, размяшчаючы там фота якога-небудзь тавара па заніжанай цане. У асноўным гэта такі запатрабаваны тавар у дзяцей, як красоўкі, спартыўнае адзенне, сумачкі. Калі тыя ж дзеці заходзяць на сайт, то, адпаведна, ніякай маёмасці яны не атрымліваюць, іх проста ашукваюць.

Сватынг як спосаб помсты

Сёлета за 9 месяцаў у краіне вырасла колькасць заведама фальшывых паведамленняў аб небяспецы ад імя іншых непаўналетніх (так званы сватынг) — з 6 да 23 злачынстваў. Як расказаў старшы пракурор па асобых даручэннях упраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Раман СІДАРЭНКА, часта падлеткі знаходзяць у сацыяльных сетках і месенджарах тэматычныя групы і чаты, удзельнікі якіх прапануюць бясплатна паведаміць загадзя лжывую інфармацыю, напрыклад аб мініраванні сацыяльных або гандлёвых аб’ектаў ад імя той асобы, на якую пакажуць непаўналетнія. Уладальнікі такіх груп або чатаў, як правіла, знаходзяцца за мяжой. Шляхам рассылання электронных лістоў на афіцыйныя паштовыя скрыні або накіравання паведамленняў у месенджары паведамляюць ілжывую інфармацыю. Пры гэтым сам падлетак часта наіўна мяркуе, што ён не здзяйсняе ніякага злачынства, бо непасрэдна загадзя лжывую інфармацыю аб небяспецы не паведамляе. Але ў гэтым выпадку яго дзеянні кваліфікуюцца як падбухторванне да здзяйснення злачынства, і ён нясе крымінальную адказнасць нараўне з выканаўцам.

Раман Сідарэнка прывёў у прыклад сітуацыю з жыхаром Магілёва. Жадаючы з помсты за перапыненыя адносіны са сваёй дзяўчынай заблакіраваць яе акаўнт у Telegram, ён стаў шукаць у інтэрнэце адпаведную інфармацыю. У сетцы TіkTok яму трапіўся навучальны відэаролік патрэбнага зместу. Адкрыўшы каментарый да відэа ў профілі, ён перайшоў па спасылцы ў месенджар Dіscord і пазнаёміўся з іншым карыстальнікам, якога папрасіў навучыць яго ўзлому акаўнтаў. Яму было прапанавана адключыць антывірусную абарону і спампаваць па спасылцы некалькі дадаткаў, што ён і зрабіў.

Аднак пасля іх устаноўкі падлетку было прадэманстравана, што яго ўстройства ўзламана і трэція асобы атрымалі доступ да ўсяго змесціва, у тым ліку да яго акаўнтаў у сацыяльных сетках. Яму прапанавалі або выкупіць назад свае даныя, або паведаміць аб ілжывай небяспецы ад імя іншага чалавека. Малады чалавек прад’явіў даныя былой дзяўчыны, нумар мабільнага тэлефона, электронны адрас школы і месца яе размяшчэння для паведамлення ад яе імя аб нібыта мініраванні ўстановы адукацыі. У выніку школа была лжыва замініравана ад імя дзяўчыны, у адносінах да падлетка ўзбуджана крымінальная справа і накіравана ў суд.

Раман Сідарэнка адзначыў, што пачашчэнне такіх выпадкаў сведчыць аб неабходнасці ўдасканалення органамі ўнутраных спраў і ўстановамі адукацыі сваіх падыходаў давядзення да моладзі рызык трапіць у непрыемную сітуацыю і адказнасці за неабдуманыя ўчынкі.

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: Як «разводзяць» падлеткаў і каго падманваюць яны?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю