Top.Mail.Ru
152

Як падрыхтаваць добрага прамыслоўца абмеркавалі ў Гомелі

На базе Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога прайшла сумесная нарада міністэрстваў прамысловасці і адукацыі, на якой абмяркоўваліся пытанні павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў для прамысловага сектара.

З пачатку года гэта другая падобная міжведамасная сустрэча на базе гомельскай ВНУ, якая праводзіцца ў рамках рэалізацыі канцэпцыі інжынернай адукацыі. Мерапрыемства сабрала вялікую колькасць удзельнікаў: з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом і першым намеснікам міністра прамысловасці Андрэем Конюшкам сустрэліся рэктары тэхнічных ВНУ краіны, а таксама кіраўнікі найбуйнейшых прадпрыемстваў: МАЗ, БелАЗ, Гомсельмаш, БМЗ, ІНТЭГРАЛ, АТЛАНТ, МТЗ і іншых.

Ключавыя арыенціры ў падрыхтоўцы інжынерных кадраў, умацавання практыкаарыентаванага складніка навучання і пашырэння супрацоўніцтва паміж ВНУ і прадпрыемствамі абазначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Паводле слоў міністра, без прамога ўзаемадзеяння адукацыі і вытворчасці чакаць прыходу на прадпрыемствы спецыялістаў патрэбнага ўзроўню немагчыма.

— І на цяперашняй сустрэчы, і ў рамках правядзення першай нацыянальнай Школы рэктараў мы выпрацавалі падыходы, дзе вызначана, што і кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў, галоўныя інжынеры, канструктары, безумоўна, павінны прымаць удзел у навучальным працэсе, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Сёння з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны мы адпрацоўваем магчымасць замацавання на заканадаўчым ўзроўні і ўрэгулявання гэтага пытання, каб адзначаныя спецыялісты маглі браць удзел у навучальным працэсе. Гэта вельмі важна і для студэнтаў, і для прафесарска-выкладчыцкага складу.

Не менш важны аспект, агучаны на сустрэчы, — выхаванне будучага інжынера варта пачынаць са школы: з адбору матываваных вучняў, здольных і гатовых звязваць сваю будучыню з вытворчасцю. 

  • Асобная тэма, якой удзялілі ўвагу на міжведамаснай сустрэчы ў Гомелі, — стварэнне студэнцкіх канструктарскіх бюро. Гэта новая форма работы ўжо ўкараняецца ў ВНУ. Установы вышэйшай адукацыі, як падкрэсліў Андрэй Іванец, павінны стаць цэнтрамі кампетэнцый і праектнай актыўнасці, развіваць канструктарскія бюро. Як удакладніў міністр адукацыі, сёння ва ўсіх рэгіянальных ВНУ створаны цэнтры кампетэнцый па профілі энергетыка, і гэта вынік якраз папярэдняга сумеснага міжведамаснага семінара ў Гомелі, калі сустракаліся кіраўнікі прадпрыемстваў энергетычнай галіны і рэктараў ВНУ з усёй краіны. 

— Мы перакананы, што сустрэча з Міністэрствам прамысловасці таксама паспрыяе падобнай далейшай рабоце. Тым больш што першыя вынікі ўжо ёсць: на базе Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта быў адкрыты цэнтр кампетэнцый Мінскага маторнага завода, мы бачым цеснае ўзаемадзеянне БНТУ з БелАЗам, вельмі актыўна працуе МАЗ, рэгіянальныя прадпрыемствы, — звярнуў увагу міністр адукацыі.

«Зрабіць максімальна бясшвовым пераход ад абітурыента і студэнта да выпускніка і маладога спецыяліста, улічыць усе дэталі»: на выпрацоўцы агульных падыходаў у павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў зрабіў акцэнт першы намеснік міністра прамысловасці Андрэй Конюшка:

— Абнаўленне і амаладжэнне кадраў павінна адбывацца — гэта заканамерна, таму аспекты падрыхтоўкі кадраў мы абмяркоўваем разам з дырэктарскім корпусам прадпрыемстваў-гігантаў. Важна ў прынцыповай і сумленнай размове выпрацаваць і ўмацаваць сістэмны падыход ва ўзаемадзеянні, — заклікаў першы намеснік міністра.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю