Top.Mail.Ru

Як падрыхтаваць дом да зімы — даведаліся падчас прафілактычнага рэйду ў Мінскім раёне

І ўтульна, і бяспечна


З надыходам халадоў у зводках МНС традыцыйна становіцца больш «пячных» пажараў. Таму прафілактычныя рэйды — самая што ні на ёсць неабходнасць перад ацяпляльным сезонам. У чарговы рэйд, які прайшоў у Крупіцкім сельскім савеце Мінскага раёна, разам з супрацоўнікамі МНС і іншымі зацікаўленымі ведамствамі накіраваліся карэспандэнты «Звязды».



Парушэнні здараюцца

Мэта рэйдаў простая: не дапусціць, каб зіма пачалася з пажараў. У халодныя месяцы іх колькасць у жылым сектары традыцыйна расце. Што робяць падчас такіх візітаў? Супрацоўнікі МНС правяраюць стан печаў, нагадваюць жыхарам аб правілах іх эксплуатацыі, глядзяць на наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

— У адным з дамоў мы ўбачылі дымаход з металічнай трубы, да якога ўшчыльную прылягалі драўляныя канструкцыі, — дзеліцца назіраннямі намеснік начальніка Мінскага раённага аддзела па НС Віктар ВІЛЮХА. — Па правілах дымаход павінен быць з вогнетрывалай цэглы, абтынкованы і пабелены, а драўляныя канструкцыі даху — на адлегласці не менш 13 сантыметраў ад яго... Увогуле, парушэнне на парушэнні.


Размова пра невялікі дом на ўскраіне вёскі, дзе адна жыве старая жанчына. Але не ўвесь час — калі пачынае халаднець, пенсіянерку забірае ў горад сын.

— Гаспадыня гаворыць, што з гэтай прычыны печчу даўно не карыстаецца, але адваротныя выпадкі не адзінкавыя. Таму падчас рэйдаў мы заўсёды тлумачым: да пачатку ацяпляльнага сезона ўсё трэба прывесці ў парадак. І звычайна грамадзяне прыслухоўваюцца, — падкрэслівае Віктар Вілюха.


Дапамога побач

Так званыя катэгарыраваныя грамадзяне — адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя людзі, інваліды І і ІІ груп, шматдзетныя сем’і, а таксама асобы, схільныя да злоўжывання алкаголем, — традыцыйна ў зоне пільнай увагі. Менавіта ў іх, асабліва ў прыватным сектары, рызыка ўзнікнення пажару вышэйшая: хтосьці фізічна не можа сачыць за спраўнасцю печы, іншыя — банальна недаацэньваюць небяспеку.

Недахопы, наколькі гэта магчыма, такім грамадзянам выпраўляюць на месцы падчас рэйдаў. Калі не — у хуткім часе да справы падключаюць спецыялістаў, апавяшчаюць дзяцей старых бацькоў аб неабходнасці дапамогі.

Напрыклад, сацыяльна ўразлівыя катэгорыі грамадзян могуць атрымаць дапамогу на рамонт пячнога ацяплення, расказала старшыня Крупіцкага сельскага савета Марына АСТРОЎКА.


— Праграма дзейнічае пры Мінскім раённым выканаўчым камітэце. Мы накіроўваем лісты, каб такія сем’і ўключылі ў план на рамонт. Тады звычайна выдзяляюцца сродкі, закупляюцца паслугі печніка.

Самастойным грамадзянам перш за ўсё трэба праверыць муроўку печы на трэшчыны, пры неабходнасці замазаць іх гліняным растворам. Дымаход варта пабяліць — гэта дапаможа своечасова заўважыць дэфекты. Спецыялісты таксама папярэджваюць: нельга выкарыстоўваць лёгкаўзгаральныя вадкасці для распальвання, пакідаць печ без нагляду або давяраць яе распальванне дзецям.

Увага, дзеці!

Дарэчы, у наступным доме, дзе жыве мнагадзетная сям’я, ацяпленне газавае.

— У нас апавяшчальнікі стаяць у кожным пакоі, — расказвае Вераніка Сяргееўна, маці сямейства. — Мы лічым, гэта неабходна. Дзеці ведаюць, што ён можа пішчаць, калі што.


Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі (АПА) падчас рэйдаў правяраюць ледзь не ў першую чаргу. І, на жаль, няспраўныя або дэмантаваныя прылады сустракаюцца рэгулярна. Але не ў гэтым выпадку — у сям’і Яхнавец за гэтым пільна сочаць.

Па словах спецыялістаў, праверыць спраўнасць такога прыбора можна самастойна: дастаткова націснуць на кнопку-індыкатар. Калі раздаўся сігнал — усё добра. Перыядычныя пробліскі індыкатара таксама сведчаць пра нармальную працу. Калі ж АПА пачаў выдаваць кароткія гукі — пара мяняць батарэйку.


Віктар Вілюха звяртае ўвагу жыхароў на тое, што ў шматдзетных сем’ях асабліва важна не пакідаць дзяцей без нагляду.

— Трагічны выпадак быў два гады таму ў Сеніцы. У выніку пажару загінулі двое непаўналетніх. Усё з-за дзіцячай гульні з агнём, калі бацькі былі ў суседнім пакоі. Таму мы пастаянна нагадваем: дзеці не павінны заставацца адны ні на хвіліну, — падкрэсліў супрацоўнік МНС.

Пільнасць не пашкодзіць

У сваю чаргу падчас рэйдаў супрацоўнікі Дзяржэнергагазнагляду правяраюць электраправодку і газавае абсталяванне, расказваюць жыхарам пра самыя распаўсюджаныя парушэнні.

— Гэта выкарыстанне аголеных, скручаных правадоў, паламаных падаўжальнікаў, разетак і іншых прыбораў. Калі выяўляем такія факты, рэкамендуем грамадзянам прыняць меры па ўстараненні такіх парушэнняў, а таксама не радзей як адзін раз у 10 гадоў правяраць праводку, аўтаматычныя выключальнікі і іншае электраабсталяванне на адпаведнасць нормам, — адзначыў інспектар энергагазінспекцыі раённай энергагазінспекцыі № 1 міжраённага аддзялення Мінскага раёна філіяла Дзяржэнергагазнагляду па г. Мінску і Мінскай вобласці, дзяржаўны інспектар па энергетычным і газавым наглядзе Аляксей РАДЧАНКА.


Паводле яго слоў, на сённяшні дзень вельмі шмат людзей ужо выканалі рэканструкцыю электрасетак, асабліва ў прыватным сектары, як і ў наступным домаўладанні на нашым шляху. За адказнасць застаецца толькі пахваліць яго гаспадароў і нагадаць: без нагляду аніякія электрапрыборы пакідаць нельга, нават на пяць хвілін.

— Усё ведаем, правілы выконваем, — адказвае гаспадыня Святлана Вячаславаўна. — Некалькі разоў у год спецыялісты МНС і Дзяржэнергагазнагляду абавязкова да нас прыходзяць. І абавязкова восенню, перад тым як пачынаем дом ацяпляць. Дзякуй ім за пільнасць і ўвагу.


Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю