Top.Mail.Ru

Як падрыхтаваць прафесіяналаў у сферы геаінфармацыйных сістэм?

Ваенны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па праве лічыцца флагманам у сістэме ваеннай адукацыі нашай краіны. Тут ажыццяўляецца падрыхтоўка ваенных спецыялістаў у інтарэсах забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы. З яго сцен выпускаюцца высокакваліфікаваныя і ўнікальныя спецыялісты для беларускай арміі, іншых сілавых ведамстваў нашай краіны. Адной з самых запатрабаваных на факультэце лічыцца спецыяльнасць «Геаінфармацыйныя сістэмы ваеннага прызначэння».


Сёння ГІС-тэхналогіі прымяняюцца не толькі ў вырашэнні задач картаграфіі, геадэзіі, землеўпарадкавання і інжынерных работ. Яны сталі неад’емнай часткай нашага паўсядзённага жыцця. Усе мы карыстаемся рознымі картаграфічнымі сэрвісамі: дзякуючы спецыяльнаму дадатку выклікаем таксі, выкарыстоўваем анлайн-карты і гэтак далей.

Велізарнае значэнне ГІС-тэхналогіі маюць і для Узброеных Сіл. Актыўнае ўкараненне іх у аператыўную і баявую падрыхтоўку дазволіла значна скараціць прымяненне аналагавых тапаграфічных карт. А больш шырокае ўкараненне сродкаў аўтаматызацыі дазволіць калі і не адмовіцца ад іх зусім, то вельмі звузіць іх выкарыстанне. Сярод асноўных задач — стварэнне лічбавых тапаграфічных і спецыяльных карт, карт аператыўнай абстаноўкі, 3D-мадэляў мясцовасці, апрацоўка даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Усяму гэтаму і навучаюць на ваенным факультэце БДУ.

«Нягледзячы на жорсткі адбор пры паступленні, насычаную і складаную праграму навучання, высокія патрабаванні да фізічнай падрыхтоўкі, на гэтую спецыяльнасць мараць паступіць многія хлопцы з усёй Беларусі, — уводзіць у курс справы выкладчык цыкла ваенна-спецыяльных дысцыплін агульнавайсковай кафедры падпалкоўнік Міхаіл Крычаўцоў. — Курсанты ваеннага факультэта ў БДУ праходзяць навучанне як непасрэдна на самім ваенным факультэце, так і на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, што стварае ўмовы для фарміравання ўсебакова развітых і добра падрыхтаваных спецыялістаў. У нас на факультэце ёсць спецыяльна абсталяваныя класы з тэхнікай, якія адпавядаюць патрабаванням сучаснай адукацыі. Выкладчыкі рэгулярна распрацоўваюць новыя вучэбна-метадычныя дапаможнікі, электронныя праграмы і віртуальныя трэнажоры для курсантаў, якія істотна дапамагаюць зразумець усю шматграннасць спецыяльнасці ГІС».

Дарэчы, шэраг выкладчыкаў — нядаўнія выпускнікі ваеннага факультэта. Сярод іх — і падпалкоўнік Міхаіл Крычаўцоў, які скончыў навучанне ў 2012 годзе па спецыяльнасці «Геаінфармацыйныя сістэмы ваеннага прызначэння». Вопыт, напрацаваны ў войсках, ён паспяхова ўкараняе ў навучальны працэс, з’яўляецца куратарам спецыяльнасці ГІС. Цяпер афіцэр актыўна займаецца навуковай дзейнасцю — праходзіць навучанне ў аспірантуры БДУ.

Курсанты спецыяльнасці ГІС выконваюць апрацоўку матэрыялаў аэрафотаздымкі мясцовасці, асвойваюць працэс вырабу артафотапланаў і іншых фотадакументаў мясцовасці. А з 2025 года ўсе курсанты ваеннага факультэта БДУ будуць праходзіць навучанне па праграме падрыхтоўкі аператараў FPV-дронаў.

«Для гэтага ўнесены змены ў навучальныя планы і праграмы навучання курсантаў, — тлумачыць Міхаіл Крычаўцоў. — Рыхтуецца да прыёму першых навучэнцаў клас падрыхтоўкі аператараў БПЛА, ствараецца адпаведная вучэбна-матэрыяльная база, якая ўключае трэнажорныя комплексы і наглядныя матэрыялы. Пасля навучання нашы выпускнікі паспяхова працягваюць службу ў навігацыйна-тапаграфічных частках па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у складзе аператыўных камандаванняў, а таксама на пасадах начальнікаў навігацыйна-тапаграфічных службаў».

Загаловак у газеце: Ад геадэзіі і тапаграфіі — да праграмавання

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю