Цяпліца — важкая дапамога агароднікам. Дзякуючы ёй і ўраджай лепшы, і вітаміны да стала паспяваюць раней.
Але і ўвагі яна патрабуе значнай. Асабліва вясною, бо за зіму там назапасіліся і шкоднікі, і пэўны бруд. Ніжэй — некалькі парад па падрыхтоўцы цяплічкі да сезона.
Чысціня — залог добрага ўраджаю
Пачаць лепш з мыцця і дэзынфекцыі: памыйце саму цяпліцу і прыбярыце ўсё, што засталося там з мінулага года. Старыя шлангі, падвязкі і іншыя прылады трэба выкінуць. Рэшткі раслін не пакідайце як угнаенне — менавіта яны могуць стаць узбуджальнікам хвароб новай пасадкі. Плёнку і шкло лепш за ўсё вымыць цёплай вадой з мылам, металічныя часткі можна адмыць цёплай вадой з воцатным растворам. Пасля мыцця дайце цяпліцы высахнуць і праветрыцца. Вядома, калі ёсць пашкоджанні, трэба правесці рамонт. Пажадана яшчэ прагрэць зямлю кіпенем (калі тэмпература паветра дасягне 15 °C).
Заслон для шкоднікаў
Прадэзынфіцыраваць цяпліцу можна пяціпрацэнтным растворам жалезнага купарвасу. Калі ёсць патрэба да больш інтэнсіўнага спосабу ачышчэння цяпліцы ад спор грыбка, выкарыстоўвайце серную шашку. Яе дым эфектыўны ад цвілі і адпужвае насякомых. Тэмпература паветра для такой апрацоўкі павінна быць ад 13 °C. Для лепшага эфекту пакіньце ў цяпліцы і садовыя інструменты, якімі плануеце апрацоўваць зямлю і расліны. Аднак памятайце, што ў цяпліцах з металічным каркасам выкарыстоўваць серную шашку непажадана — для іх прадугледжаны тытунёвыя шашкі. І, вядома, не забывайцеся пра тэхніку бяспекі: падчас такой апрацоўкі неабходна быць у ахоўным касцюме, масцы і пальчатках.
Як падрыхтаваць глебу
Перш за ўсё, трэба пазбавіцца ад рэшткаў раслін, пустазелля і гэтак далей. Наступны этап — унясенне ўгнаенняў: арганічных і мінеральных. Перакапайце глебу і апрацуйце яе ўгнаеннем. Для лепшага ўраджаю за два-тры тыдні да высадкі раслін можна засеяць цяпліцу рапсам, люцэрнай. Яны насыцяць зямлю карыснымі рэчывамі. Памятайце, што для добрага ўраджаю глебу ў цяпліцы трэба перыядычна замяняць.
Можна дадаць таксама перагною, кампосту або біягумусу. Апошні, дарэчы, ніколі на перанасычвае глебу. Далей сфарміруйце будучыя градкі, зрабіце дарожкі і закідайце іх сенам, саломай або пяском.