Смачнае, карыснае і збалансаванае харчаванне дзяцей — адзін з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Гэтаму пытанню ўдзяляецца традыцыйна вялікая ўвага з боку Прэзідэнта. У кастрычніку мінулага года чарговы раз ураду краіны былі пастаўлены задачы па навядзенні парадку ў арганізацыі школьнага харчавання ва ўстановах адукацыі. 25 сакавіка ў Мінску прайшоў Дзень якасці плодаагародніннай прадукцыі для школьнага і дашкольнага харчавання, дзе прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, камбінатаў школьнага харчавання, навукоўцы, вытворцы ў рамках адкрытага дыялогу выпрацавалі сумесныя рашэнні для таго, каб зрабіць школьнае меню для дзяцей яшчэ больш разнастайным, карыснымі і пры гэтым смачным.
Зялёнае святло — натуральнаму і бяспечнаму
Канцэрн «Белдзяржхарчпрам» аб’ядноўвае вядучых вытворцаў харчовай прадукцыі, у тым ліку дзіцячага харчавання для ранняга, дашкольнага і школьнага ўзросту.
— Кантроль якасці мы забяспечваем дзякуючы вытворчым лабараторыям на кожным прадпрыемстве, пачынаючы ад уваходнага кантролю сыравіны. Гэта арганалептычныя ўласцівасці, фізіка-хімічны састаў, паказчыкі бяспекі на ўтрыманне нітрытаў, радыенуклідаў, цяжкіх металаў і іншых шкодных кампанентаў. Усе лініі абсталяваны адпаведнымі кантрольнымі прыборамі, улоўнікамі, вымяральнымі прыборамі, якія на выхадзе забяспечваюць бяспеку гатовай прадукцыі. Кіраўніцтва нашых прадпрыемстваў аддае асаблівую ўвагу аснашчэнню вытворчых лабараторый самым сучасным абсталяваннем — вымяральным,кантрольным, выпрабавальным — для гэтых мэт. У мінулым годзе было закуплена больш за 25 адзінак такога абсталявання, — расказала першы намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Таццяна ШАДКО.

Таксама на прадпрыемствах адпрацоўваюць сучасныя методыкі па кантролі якасці і бяспекі. Летась укаранілі 5 такіх методык, напрыклад, кантроль за рэшткавым утрыманнем алергенаў у фруктовых напаўняльніках. Пры гэтым дзіцячае харчаванне ў Беларусі вырабляецца толькі натуральнае. Каб яно было больш прывабным, з ярчэйшым смакам, дадаюцца араматызатары, падсалоджвальнікі, але ўсе яны выключна натуральныя. А па кампанентным складзе наша дзіцячае харчаванне значна багацейшае за імпартныя аналагі.
— Мы актыўна ўдзельнічаем у распрацоўцы тэхналагічных рэгламентаў у Еўразійскім эканамічным саюзе, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да якасці і бяспекі прадукцыі. Гэта як нацыянальныя, так і міждзяржаўныя стандарты. І калі нейкі міждзяржаўны стандарт устанаўлівае менш жорсткія патрабаванні да якасці прадукцыі, то нашы вытворцы робяць выбар на карысць больш строгага нацыянальнага стандарту, — падкрэсліла Таццяна Шадко.

А пранікненню няякаснага дзіцячага харчавання ў навучальныя ўстановы своечасова ставяцца бар’еры. Напрыклад, з канца мінулага года забарону атрымала няякасная, у тым ліку фальсіфікаваная сокавая прадукцыя. Былі падрыхтаваны метадычныя ўказанні па ідэнтыфікацыі натуральнасці сокавай прадукцыі, якія ўкаранёны з 1 снежня 2025 года.
Гэтыя рэкамендацыі выконваюцца ўсімі камбінатамі школьнага харчавання і ўстановамі адукацыі ў абласцях і Мінску пры фарміраванні заявак на правядзенне закупак дзіцячага харчавання. У прыватнасці, яно павінна быць прамаркіравана як харчаванне для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Такая маркіроўка ўзмацняе патрабаванні да якасці і бяспекі, а таксама да пакавання, а значыць, дазваляе забяспечыць больш якаснае харчаванне юных беларусаў.
Навінкі для школьнага стала
Дарэчы, у Беларусі распрацавана больш чым 120 рэцэптур плодаагароднінных кансерваў з маркіроўкай «для дзіцячага харчавання». Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні традыцыйна знаходзіцца ў авангардзе даследаванняў і інавацый у харчовай прамысловасці.
— Попыт на такую прадукцыю расце. У мінулым годзе рэалізавана больш як 20 тысяч тон з ростам да папярэдняга года. У асноўным гэта сокавая прадукцыя прамога адціскання, — адзначыла Таццяна Шадко,
дадаўшы, што пашыраецца і асартымент кансерваванай прадукцыі, агародніннай, фруктова-малочных кактэйляў, раслінных сокаў на аснове арэхаў і збожжавых, плодаагароднінных пюрэ і соусаў.

Сярод карысных кандытарскіх навінак — жавальны мармелад, выраблены на натуральным соку, які змяшчае вітамінна-мінеральны комплекс. Попыт на яго летась вырас у 4,5 раза ў параўнанні з 2024-м. Вырабляецца і печыва для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, узбагачанае вітамінамі і мінераламі, якое ўтрымлівае толькі натуральныя інгрэдыенты.
А вось сярод навінак, якія ў хуткім часе з’явяцца непасрэдна ў школьным меню, — новая рыбная страва, якая мусіць кардынальна змяніць стаўленне дзяцей да гэтага прадукту. Не сакрэт, што малыя не вельмі любяць рыбу.
— Мы ўзялі на заметку гэтае пытанне. І ў рамках фундаментальнага праекта распрацавалі камбінаваны прадукт, які па сваім нутрыентным профілі можа замяніць рыбу, але адрозніваецца арганалептычнымі характарыстыкамі ў лепшы бок. І дзеці з задавальненнем гэты прадукт ужываюць, — расказала намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і стандартызацыі НПЦ па харчаванні НАН Беларусі Наталля КАМАРОВА.
Новы прадукт з’явіцца ў школьных сталовых ужо праз 1-1,5 гады. У аснову пакладзена філе курыцы, але там змяшчаюцца і малочныя, і раслінныя кампаненты.
— Гэта прадукт, які па мінеральным, вітамінным саставе, тлушчы і амінакіслотах адпавядае рыбе. Цяпер ідзе дапрацоўка рэцэптур. Мяркуем, што будзе некалькі варыянтаў, першапачаткова — мясараслінная катлета, — адзначыла Наталля Камарова.
Таксама НПЦ па харчаванні распрацоўвае прадукты з раслінным бялком, нутам, лінейкі фруктовых соусаў і дэсертаў для харчавання дзяцей.
Алена КРАВЕЦ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ