Top.Mail.Ru

Як палескай глыбінцы ўдаецца зацікавіць турыстаў мясцовымі традыцыямі

Пераапрануцца ў народны касцюм, сесці за сапраўдны ткацкі станок і пачуць унікальную манеру спеваў — па такія ўражанні сёння едуць у аграгарадок Рычоў Жыткавіцкага раёна.



Рэалізаваная тут грамадзянская ініцыятыва «Фольк-сустрэчы «Жывая спадчына» на ўласным прыкладзе даказвае, што нацыянальная культура Беларусі сёння не толькі жывая, але і запатрабаваная. Дык як жа палескай глыбінцы ўдаецца ўлюбляць турыстаў у мясцовыя традыцыі?

Усё пачыналася з «Каравая»

Пачатак вялікаму праекту паклаў поспех інсцэніроўкі мясцовага традыцыйнага вясельнага абраду «Каравай». Турысты, якія прыязджалі ў аграгарадок, з захапленнем прынялі яго самабытны фальклор, харэаграфію і стравы палескай кухні. Гэта і натхніла арганізатараў ініцыятывы на пашырэнне і развіццё праекта, каб «Фольк-сустрэчы «Жывая спадчына» дапамагалі і далей зберагаць унікальную духоўную спадчыну раёна і раскрываць яе турыстычны патэнцыял.

Што ж уяўляюць сабой такія сустрэчы, чым яны прыйшліся так даспадобы турыстам? Як патлумачыла Надзея НЕКРАШЭВІЧ, метадыст па рабоце з клубнымі фарміраваннямі Жыткавіцкага раённага цэнтра культуры і кіраўнік ініцыятывы, гасцей пераапранаюць у нацыянальныя касцюмы, разам з імі замешваюць і ўмоўна выпякаюць каравай. Наведвальнікі нават танцуюць з мясцовым фальклорным ансамблем «Дубравіца», разам спяваюць песні. Увогуле, з галавой акунаюцца ў самабытную мясцовую культуру.

«Грамадзянская ініцыятыва накіравана на захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашага рэгіёна, папулярызацыю традыцыйных народных свят і абрадаў, якія існуюць на тэрыторыі раёна. Мы імкнёмся пазнаёміць турыстаў з нашай гісторыяй, самабытнай культурай і традыцыямі, а яшчэ стварыць для іх камфортныя ўмовы для правядзення вольнага часу, — расказала Надзея Некрашэвіч. — Самае важнае — захаваць і перадаць нашы традыцыі маладому пакаленню. Гэта ж наш нацыянальны код: калі мы не зберажом яго, то страцім сябе канчаткова».


Слёзы радасці ад вяртання ў мінулае

Дарэчы, аб народным фальклорным ансамблі «Дубравіца», удзельнікі якога сталі сэрцам грамадзянскай ініцыятывы. Аказваецца, калектыў валодае ўнікальнай манерай спеваў, а менавіта спеўным стылем Тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі, занесеным у Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Таму нядзіўна, што госці, асабліва тыя, што цікавяцца беларускай культурай, наведваюцца сюды рэгулярна. У асноўным, дзякуючы пагадненню з Нацыянальным паркам «Прыпяцкі», паглядзець на аграгарадок і асабіста паўдзельнічаць у мясцовых абрадах прыязджаюць калектывы з беларускіх арганізацый, але сустракалі і гасцей з Расіі, Казахстана, Эстоніі, Латвіі.

«Часам людзі падоўгу не могуць сесці ў аўтобус і з’ехаць — настолькі моцныя эмоцыі, што яны проста не ў сілах зрушыцца з месца. Бачаць ва ўдзельніках калектыву сваіх бабуль, успамінаюць дзяцінства ў вёсцы. Мы вяртаем людзей у мінулае, і нядзіўна, што гэтыя ўспаміны могуць кранаць да слёз. Бо нашы людзі хлебасольныя, адкрытыя, дабрадушныя — таму ў нашых гасцей і пачуццё, быццам дома пабывалі», — падзялілася кіраўнік ініцыятывы.


І продкам, і нашчадкам

Для рэалізацыі ініцыятывы ў мясцовым цэнтры культуры выдзелілі некалькі памяшканняў, у тым ліку аднавілі інтэр’ер вясковай хаты, дзе госці сёння могуць убачыць абрад «Каравай» і паназіраць за працай на сапраўдным ткацкім станку.

Увогуле, дзякуючы фінансавай падтрымцы, атрыманай пасля перамогі ў адкрытым конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў Гомельшчыны, удалося сур’ёзна ўмацаваць матэрыяльную базу. «На выдзеленыя сродкі набылі касцюмы, гукавую апаратуру. А таксама пераносныя лаўкі для правядзення мерапрыемстваў і фестываляў на вуліцы: паколькі ініцыятыва разлічана на аграгарадок Рычоў і гасцей, якія прыязджаюць сюды, а насельніцтва, у асноўным, пажылое, такія лавачкі былі неабходныя», — падзялілася Надзея Некрашэвіч.

Купілі таксама мабільныя шатры для дэманстрацыі нацыянальнай спадчыны на іншых пляцоўках, фестывалях у гарадах па ўсёй краіне. А яшчэ — мультыборд для паказу фільмаў, абрадаў і фотаапарат, каб захаваць відэазапісы для нашчадкаў.

Урачыстае адкрыццё грамадзянскай ініцыятывы «Фольк-сустрэчы «Жывая спадчына» адбылося ў пачатку кастрычніка. Але на дасягнутым спыняцца тут не плануюць. Па словах Надзеі Некрашэвіч, прылеглая да цэнтра тэрыторыя патрабуе невялікага добраўпарадкавання, таму каманда мае намер прадумаць, як яшчэ можна змяніць гэтую прастору.


Усяго на рэалізацыю ініцыятывы было выдзелена больш за 31 тысячу рублёў. Сума прыцягнутых сродкаў ініцыятыўнай групы грамадзян традыцыйна склала 10 % ад яе — 3104,50 рубля. Прычым збор сродкаў сярод мясцовых жыхароў ішоў вельмі актыўна: удзельнікі ініцыятыўнай групы наведвалі арганізацыі і прадпрыемствы раёна, расказваючы аб мэтах і значэнні праекта. «Людзі адгукаліся вельмі ахвотна. Ніхто не сказаў, што гэта лішняе або што на гэта не варта траціць грошы — наадварот, усе падтрымлівалі пачынанне з вялікім энтузіязмам», — успамінае Надзея Некрашэвіч.

Аміна НАЗАРАВА 
Фота з сайта Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю