Удзельнікі круглага стала «Жывое багацце Беларусі», які прайшоў у Доме прэсы, гаварылі не толькі пра тое, як беларуская мова сёння запатрабавана ў розных сферах грамадства, але і паспрабавалі прадугадаць, як яна будзе развівацца.
Тэхналогіі мове ў дапамогу

Прафесар кафедры перыядычнага друку і вэбжурналістыкі факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук Віктар Іўчанкаў адзначыў, што «тры кіты», якія сёння падтрымліваюць мову, — адукацыя, культура і медыяпрастора. На апошнюю сёння ўскладваюцца новыя задачы, у тым ліку тыя, якія раней выконвалі літаратура, тэатр, кінематограф. Новыя тэхналогіі змяняюць сет, і ўжо праз гаджэты слова павінна выхоўваць, адукоўваць, выконваць асветную функцыю.

Віктар Іўчанкаў таксама звярнуў увагу на тое, як многа ў нашай краіне робіцца для захавання мовы — яскравае сведчанне таму Закон «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», прыняты яшчэ ў 2008 годзе. Аналагаў такому дакументу ў свеце няма. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў нагадаў і пра дзяржаўныя праграмы, звязаныя з захаваннем і развіццём беларускай мовы і літаратуры. Адна з такіх была рэалізавана ў рамках дзяржпраграмы «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржаўнасці». У рамках яе былі надрукавана 5467 навуковых работ па мовазнаўстве і літаратуразнаўстве, пабачылі свет 422 выданні. Сярод аўтараў — акадэмічныя вучоныя і выкладчыкі ВНУ. Адзін з галоўных кірункаў у рабоце інстытута — даследаванне рукапіснай і друкаванай моўнай спадчыны XІV—XVІІІ стагоддзяў. У найбліжэйшы час гэта будуць куцеінскія выданні, плануецца ўвесці ў навуковы абарот судовыя кнігі, якія знаходзяцца ў нацыянальным і гістарычным архівах . Мовазнаўцы спрабуюць выкарыстоўваць у рабоце і сучасныя тэхналогіі. Створана база даных «Альфа» — нейрасеткі, якія дазваляюць распазнаваць друкаваныя крыніцы, кожная з якіх мае сваю спецыфіку.
Вядзецца работа са штучным інтэлектам. У акадэміі навук распрацаваны аўдыёкорпус для работы з запісамі, якія даследчыкі збіраліі падчас экспедыцый па ўсёй Беларусі. Праўда, перавесці, напрыклад, палескія гаворкі ў пісьмовы фармат тэхніка сёння не можа. Аб’ём Нацыянальнага корпусу беларускай мовы — на сёння каля 1,5 мільярда словаўжыванняў. Гэта той электронны рэсурс , які будзе развівацца ўвесь час, пакуль будуць друкавацца беларускамоўныя тэксты.

Дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка заўважыў, што асноўная задача акадэмічных вучоных і выкладчыкаў ВНУ — захаванне і пашырэнне спадчыны. Інстытутам рэалізуецца маштабны праект «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», які будзе ўключаць 50 тамоў, сёлета пабачыў свет ужо 30-ты том. Вядзецца таксама работа па выданні поўных збораў твораў класікаў. Шмат увагі ўдзяляецца падтрымцы сучасных аўтараў.

Кансультант упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Людміла Быкава паведаміла, што ў выдавецтвах міністэрства летась было выдадзена 149 кніг на беларускай мове, што складае палову ад усіх выдадзеных.
Не проста вучыць, а выхоўваць грамадзян

Кансультант Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Ірына Булаўкіна расказала, што доля з 2,5 тысячы ўстаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, у якіх сёлета ажыццяўляецца выкладанне вучэбных прадметаў на беларускай мове, — 42 %. Акрамя таго, ва ўстановах з рускай мовай навучання апошнім часам пачалі стварацца класы, дзе выкладанне вучэбных прадметаў вядзецца па-беларуску. Ужо некалькі гадоў прадметы беларуская мова і літаратура і руская мова і літаратура вывучаюцца ў 2–11-х класах устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі ў роўнай колькасці гадзін. Прадстаўлена права выбару мовы для здачы цэнтралізаванага экзамену. За 2025 год на ЦТ па-беларуску зарэгістраваўся кожны пяты выпускнік.

Прарэктар па навуковай рабоце «Акадэміі адукацыі» Вольга Зелянко падзялілася, што стварэнню падручнікаў і дапаможнікаў па беларускай мове ўдзяляецца асаблівая ўвага: «Разумеем, гэтыя прадукты — гарантыя таго, што мы не проста вучым, а выхоўваем грамадзян, людзей, якія любяць роднае слова, нацыянальную культуру. У калектыве, які працуе над такімі выданнямі, — метадысты, выкладчыкі ВНУ, наймацнейшыя настаўнікі — філолагі. У акадэміі таксама ствараюцца вучэбна-метадычныя комплексы для правядзення факультатыўных заняткаў (на беларускай мове іх прапануецца больш за 80).
Акадэмія адукацыі займаецца і навукова-метадычным забеспячэннем для выкладання беларускай мовы як замежнай. Так, расце цікавасць да нашай мовы ў Кітаі, дзе ўжо створана больш за 12 цэнтраў вывучэння Беларусі, ва ўніверсітэтах выкладаецца беларуская мова. Практычныя дапаможнікі для кітайскіх навучэнцаў, створаныя ў акадэміі, адпавядаюць самым высокім стандартам. Тут, акрамя тэкстаў і ілюстрацый, можна сустрэць інфаграфіку, атрымаць доступ да аўдыёзапісаў і відэафрагментаў, нават пазнаёміцца з меню мінскага рэстарана «Васількі» і ўбачыць, якія стравы падабаюцца кітайскім студэнтам, што атрымліваюць адукацыю ў Беларусі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ