Top.Mail.Ru
134

Як паступіць у ВНУ без экзаменаў, расказаў рэктар БНТУ

Рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Харытончык на 23-й спецыялізаванай выставе для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў, выпускнікоў ВНУ, бацькоў, прадстаўнікоў улады, бізнесу і грамадскасці «Адукацыя і кар’ера» расказаў, як паступіць у ВНУ на інжынерную спецыяльнасць без экзаменаў, перадае БелТА.



Па словах Сяргея Харытончыка, школьнікі, якія скончаць інжынерныя класы, пройдуць навучанне на факультатыўных занятках і атрымаюць рэкамендацыю ад педагагічнага савета, змогуць паступаць у любы ўніверсітэт, які рыхтуе спецыялістаў па інжынерных напрамках без уступных іспытаў.

«Каардынатарам дзейнасці класаў інжынернай накіраванасці Міністэрствам адукацыі вызначаны Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. У нас у краіне створана добрая сістэма інжынерных класаў. Колькасць вучняў у іх з кожным годам павялічваецца, цяпер навучаецца больш за 6 тыс. чалавек. Мы разумеем, што інжынерная прафесія цікавая, і гатовыя прыняць яшчэ больш высокаматываваных абітурыентаў. Бо наша прамысловасць патрабуе большай колькасці спецыялістаў інжынернай накіраванасці. Таму мы працуем з кожным абітурыентам — калі ў яго гараць вочы, то і ў нашых вачах ён сустракае бляск», — адзначыў ён.

Рэктар нагадаў, што права на паступленне ў ВНУ па сумоўі маюць выпускнікі інжынерных класаў, у якіх у дакуменце аб агульнай сярэдняй адукацыі адзнакі не ніжэй за 7 балаў па ўсіх прадметах і не ніжэй за 8 балаў — па прадметах, якія адпавядаюць профільным уступным іспытам.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю