Top.Mail.Ru

Як павышаюць устойлівасць энергасістэмы да непагадзі, расказалі ў «Белэнерга»

Як у Беларусі павышаюць устойлівасць энергасістэмы да непагадзі, расказаў на прэс-канферэнцыі намеснік галоўнага інжынера ДВА «Белэнерга» Валерый Поршнеў, паведаміла БелТА.


Галоўная задача — надзейна дастаўляць электраэнергію да канцавога спажыўца. «У апошнія дні, калі Беларусь сутыкнулася з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, энергетыкі прыкладалі максімум намаганняў, каб у кожнага спажыўца было святло», — падкрэсліў ён.

Намеснік галоўнага інжынера спыніўся на асноўных мерапрыемствах, якія праводзяцца для забеспячэння ўстойлівай работы энергетычнай інфраструктуры. «Прымяняюцца новыя тэхналогіі, у тым ліку ўстаноўка павышаных апор пры будаўніцтве ліній над ляснымі масівамі і выкарыстанне ізаляваных правадоў на лініях напружаннем 35 кВ і вышэй», — сказаў ён.

На працягу апошніх пяці гадоў энергетыкі сумесна з работнікамі лясной гаспадаркі праводзілі пашырэнне прасек да 25 м ад крайняга провада. Тым самым палепшылася надзейнасць эксплуатацыі электрычных сетак і знізілася колькасць аварыйных адключэнняў у сетках з напружаннем 35 кВ і вышэй. «Падчас апошніх неспрыяльных умоў надвор’я гэтыя сеткі ў цэлым адпрацавалі ўстойліва», — адзначыў Валерый Поршнеў. 

Пашырана каля 7 тыс. га прасек, а на працягу бліжэйшай пяцігодкі плануецца пашырыць яшчэ каля 5 тыс. га. Аналагічная работа праводзіцца і ў размеркавальных сетках напружаннем 0,4–10 кВ. Згодна з нарматыўным дакументам, пры рэканструкцыі такіх сетак выкарыстоўваецца толькі ізаляваны пакрыты провад або кабельнае выкананне.

За апошнія 10 гадоў энергетыкі правялі значны аб’ём работ на лініях, якія праходзяць праз лясныя масівы. Пасля рэканструкцыі колькасць аварыйных адключэнняў на гэтых участках істотна знізілася. Асобная ўвага надаецца дрэвам, размешчаным у населеных пунктах і паблізу ліній электраперадачы. Зыходзячы з апошніх падзей у Вілейскім раёне, гэтаму пытанню неабходна надаваць больш увагі, лічыць намеснік галоўнага інжынера.

Пры аб’яўленні аранжавага ўзроўню небяспекі праз моцны вецер, град і значныя ападкі ўводзіцца асаблівы рэжым работы — праз дыспетчарскія службы мабілізуюцца рамонтныя брыгады. Іх каля 800, і яны заўсёды гатовыя аператыўна прыступіць да ліквідацыі пашкоджанняў.


Падрыхтоўка да зімы ўключае пашырэнне прасек, падтрыманне іх у належным стане, прыбіранне небяспечных дрэў, а таксама іншыя мерапрыемствы па бягучым і капітальным рамонце электрасетак. Усе гэтыя работы знаходзяцца на пастаянным кантролі. Асобны кірунак работы — рэканструкцыя электрычных сетак для падключэння сістэм электраацяплення. Планы рэканструкцыі ўзгадняюцца з мясцовымі органамі ўлады і паступова рэалізуюцца. 

Летась выканана рэканструкцыя 3482 км электрычных сетак. У бягучым плануецца рэканструяваць 4 тыс. км.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю