Top.Mail.Ru

Як павысіць турыстычны патэнцыял рэгіёна, абмеркавалі ў Расонах

У Расонах прайшло выязное пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі, у ходзе якога абмеркавалі новыя трэнды і пункты росту, якія трэба выкарыстоўваць для павышэння турыстычнага патэнцыялу рэгіёна. 


Удзельнікам пасяджэння была прадстаўлена выстаўка, якая адлюстроўвае турыстычны патэнцыял паўночных раёнаў краіны — Расонскага, Ушацкага і Верхнядзвінскага. На выставачных лакацыях былі паказаны як магчымасці мясцовага лясгаса (мёд, варэнне з лісічак, свежыя лясныя ягады, травяныя зборы), так і прыватныя аграсядзібы і базы адпачынку, якія развіваюць камфортны турызм у «дзікім лесе», вытворчасць дамашняга сыру, бульбянога хлеба, натуральных алеяў і нават унікальныя для рэгіёна праекты па вырошчванні фундуку і труфеляў. Асаблівы акцэнт быў зроблены на папулярызацыі мясцовых брэндаў — у прыватнасці, расонскага хлеба, а таксама развіцці сувенірнай прадукцыі з нацыянальнай сімволікай і экалагічных маршрутаў. 


«Развіццё рэгіёнаў, падтрымка ініцыятыўных людзей на месцах і беражлівае захаванне ўсяго таго, чым багатая наша зямля, — гэта не проста турызм. Гэта аснова эканомікі, нашай самабытнасці, суверэнітэту і харчовай бяспекі краіны. Усё, што ствараецца рукамі нашых людзей у раёнах, мы абавязаныя захоўваць, развіваць і папулярызаваць», — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, азнаёміўшыся з выставай.

«Мы павінны імкнуцца да таго, каб усе рэгіёны нашай краіны, маючы свой унікальны асобна ўзяты патэнцыял, маглі яго рэалізаваць у поўнай меры, — падкрэсліла Наталля Качанава ўжо падчас пасяджэння, нагадаўшы патрабаванне Прэзідэнта павялічыць уклад турызму ў эканоміку краіны ўдвая. — Але мы разумеем, што для гэтага патрэбная развітая інфраструктура, месцы для пражывання людзей, таму што сёння людзі прыязджаюць не проста наведаць нейкае месца, яны хочуць зручнасці. Мы павінны ўважліва паглядзець на развіццё гасцінічных комплексаў. Для гэтага можна прыцягваць і прыватны бізнес».

Яшчэ адзін важны момант, на які звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі, — падрыхтоўка спецыялістаў, якія працуюць у сферы турызму. Экскурсаводы павінны быць дасведчанымі, ініцыятыўнымі, павінны даносіць да турыстаў праўдзівую і цікавую інфармацыю аб нашай краіне і кожным яе рэгіёне, адзначыла Наталля Качанава.

Кожнаму рэгіёну — ад буйнога горада да невялікага пасёлка — неабходна ў поўнай меры задзейнічаць свой унікальны патэнцыял: развіваць медыцынскі, гісторыка-культурны, рэлігійны і прамысловы турызм, адзначыла спікер Савета Рэспублікі. «У нас ёсць усё: шматвекавая гісторыя, унікальная прырода, а галоўнае — мір, бяспека і знакамітая беларуская гасціннасць. Мы павінны зрабіць усё, каб беларусы ганарыліся сваёй краінай, а госці з усяго свету адкрывалі для сябе сапраўдную Беларусь», — сказала Наталля Качанава. 

Спікер звярнула асаблівую ўвагу на неабходнасць удасканалення механізмаў работы з інвестарамі і зняцця адміністрацыйных бар’ераў: «Нам важна больш уважліва перагледзець працэдуры, якія сёння затрымліваюць рэалізацыю перспектыўных ініцыятыў». 


Старшыня Савета Рэспублікі абазначыла перспектыўныя пункты росту для невялікіх раёнаў і задачы па гарманічным прасоўванні турыстычных магчымасцяў: «Сфера паслуг і турызму мае сур’ёзны патэнцыял, які здольны аказваць істотную падтрымку эканоміцы малых рэгіёнаў. Расоншчына з яе найбагацейшай прыродай і ўнікальнай гісторыяй дэманструе, як за кошт развіцця аграсядзіб, экалагічных і аздараўленчых маршрутаў можна паспяхова прыцягваць увагу гасцей і фарміраваць новыя магчымасці для раёна». Наталля Качанава звярнула ўвагу на мэтазгоднасць комплекснага падыходу да развіцця інфраструктуры, уключаючы ўдасканаленне лагістыкі, прасоўванне медыцынскага і культурна-пазнавальнага турызму, а таксама эфектыўнае ўзаемадзеянне дзяржавы і прыватнага бізнесу.

Дарэчы 

Напярэдадні пасяджэння ў Расонах Наталля Качанава здзейсніла рабочую паездку па Лепельскім і Ушацкім раёнах. У цэнтры ўвагі спікера былі ход уборачнай кампаніі, умовы працы хлебаробаў, падтрымка маладых спецыялістаў, развіццё жывёлагадоўчай галіны і забеспячэнне насельніцтва якаснымі таварамі па даступных цэнах.

Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі 
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю