У мінулыя выхадныя аматары ціхага палявання актывізаваліся па ўсёй краіне. Нягледзячы на тое, што асноўны грыбны сезон яшчэ наперадзе, першыя знаходкі радуюць беларусаў ужо ў чэрвені. Аднак разам са станоўчымі эмоцыямі, чалавек можа атрымаць атручэнне ў выніку няправільнага збору грыбоў і парушэння тэхналогіі іх апрацоўкі. Як гэтага пазбегнуць, расказвае ўрач-гігіеніст (загадчык) аддзялення гігіены харчавання Вольга Цімашэнка.
— Атручэнне грыбамі — найцяжэйшае з усіх небактэрыяльных атручэнняў, — падкрэсліла спецыяліст.
Вольга Цімашэнка дала шэраг рэкамендацый, як захаваць жыццё.
Збірайце толькі абсалютна знаёмыя грыбы
- Залатое правіла: не бярыце грыб, калі вы не ўпэўненыя ў ім на 100 %. Нават ядомыя грыбы-двайнікі (напрыклад, шампіньёны і белая паганка) могуць каштаваць жыцця.
- Пазбягайце «сляпых» зон: не збірайце грыбы паблізу аўтамабільных трас, чыгунак, прамысловых зон і звалак — яны ўбіраюць таксічныя элементы і радыенукліды.
- Не бярыце старыя грыбы: у пераспелых, чарвівых або размяклых грыбах пачынаюцца працэсы раскладання, і могуць назапашвацца таксіны.
Дзе, калі і як збіраць
Грыбы, паводле яе слоў, гэта «губка». Калі яны растуць уздоўж ажыўленай трасы, могуць утрымліваць свінец, кадмій і мыш’як.
Вольга Цімашэнка рэкамендавала збіраць грыбы ў сухое надвор’е.
Зразайце грыб нажом і бярыце з сабой у лес кошык — у цэлафанавым пакеце грыбы хутка «задыхаюцца» і псуюцца ўжо па дарозе дадому.
Вельмі важнай з’яўляецца першасная апрацоўка.
— Ачысціце грыб ад зямлі і лісця, выкіньце чарвівыя. Перабярыце іх у той жа дзень, калі сабралі, — параіла спецыяліст. — Варыце іх мінімум 15-20 хвілін, зліваючы першы адвар.
Правілы куплі грыбоў
Вольга Цімашэнка акцэнтавала ўвагу на тым, што набываць на стыхійных рынках — не вельмі добрая ідэя, таму што прадаўцы не нясуць за гэта адказнасць.
— Лепш купляць у крамах або на афіцыйных рынках, дзе ёсць ветэрынарны кантроль, — адзначыла спецыяліст.
Катэгарычна нельга даваць грыбы дзецям!
Гэтая тая катэгорыя прадуктаў, якая цяжка ператраўліваецца, таму грыбы не рэкамендуецца есці цяжарным жанчынам і тым, хто корміць дзіця. Яны супрацьпаказаныя дзецям да 8 гадоў (незалежна ад спосабу і часу прыгатавання). У дзяцей не да канца сфарміравана ферментная сістэма печані, і арганізм больш слаба рэагуе на таксіны. Нават ядомы грыб можа выклікаць цяжкае атручэнне.
Што рабіць, калі падазраяце атручэнне
Першыя сімптомы: млоснасць, ваніты, дыярэя, боль у жываце, слабасць, галавакружэнне.
— Неадкладна выклікайце хуткую! — падкрэсліла спецыяліст. — Не чакайце. Дома прамыйце страўнік — выпіце 1-2 літры цёплай вады і выклічце рвоту, дайце актываваны вугаль — 1 таблетка на 10 кілаграмаў вагі.
Запомніце самае небяспечнае
Белая паганка і мухамор смярдзючы — смяротна атрутныя. У іх няма выяўленага непрыемнага паху або смаку. Калі няма цвёрдай упэўненасці — выкіньце грыб, не шкадуйце. Лепш страціць кошык, чым здароўе або жыццё.
Яна ВАЛАСАЧ