Top.Mail.Ru

Як пазбегнуць галаўнога болю падчас свят і што рабіць, калі ён усё ж напаткаў

Весялосць без наступстваў

Святочныя дні — гэта час радасці, сустрэч з блізкімі і асаблівых падзей. Аднак часта менавіта ў гэты перыяд многія сутыкаюцца з непрыемнымі сімптомамі, сярод якіх галаўны боль займае адно з першых месцаў. Чаму ён узнікае менавіта ў святы і як з ім змагацца? Пра гэта расказвае ўрач-неўролаг Таццяна САМОЙЛАВА.

— Чаму падчас свят у многіх з’яўляецца галаўны боль? Якія правакацыйныя фактары сустракаюцца найбольш часта?

— Галаўны боль падчас свят сапраўды з’ява досыць частая, і прычыны яе ўзнікнення разнастайныя. Асноўныя трыгеры — гэта, безумоўна, парушэнне звыклага рэжыму. Перад святамі многія людзі пакутуюць ад недахопу сну — гэта звязана з падрыхтоўкай, мітуснёй, клопатамі. Прапушчаныя або няправільныя прыёмы ежы — асабліва калі замяняць паўнавартасны абед ці вячэру фастфудам — таксама могуць стаць прычынай. Фізічнае ператамленне, эмацыйнае перанапружанне, стрэс — усё гэта павялічвае рызыку галаўнога болю.

Яшчэ варта адзначыць празмернасць кафеінзмяшчальных напояў: людзі часта п’юць каву або энергетыкі, каб справіцца са стомленасцю, але гэта можа справакаваць зваротны эфект, выклікаючы спазмы сасудаў.

Дадатковыя правакатары — яркае асвятленне, агеньчыкі гірляндаў, моцныя гукі, рэзкія пахі. Абязводжванне — вельмі важны фактар: у святочнай мітусні многія забываюць піць ваду. Таксама пэўныя прадукты харчавання могуць служыць трыгерамі: цытрусавыя, авакада, бананы, маліна, памідоры, сухафрукты, квашаная капуста, вытрыманыя сыры, арэхі, фасоля, горкі шакалад, вяндліна, каўбасныя вырабы, дражджавая выпечка.

— Многія лічаць, што менавіта алкаголь — галоўны віноўнік галаўнога болю пасля застолля. Ці ёсць нейкія асаблівасці яго ўплыву?

— Алкаголь — адзін з галоўных фактараў, якія выклікаюць галаўны боль, асабліва калі ўжываць яго ў вялікай колькасці. Ён пашырае сасуды, выклікае абязводжванне, уплывае на ўзровень глюкозы ў крыві.

— А што рабіць, калі ўжо здарыўся прыступ? Якія лекі можна прымаць, а ад якіх лепш адмовіцца?

— У першую чаргу важна памятаць, што спалучэнне алкаголю і некаторых лекаў небяспечна. Напрыклад, не рэкамендуецца сумеснае ўжыванне алкаголю з антыдэпрэсантамі, што прызначаюць для прафілактыкі мігрэні, паколькі гэта павялічвае рызыку сур’ёзных пабочных эфектаў — напрыклад, парушэнне работы печані або сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм.

Што датычыцца абязбольвальных, то рэкамендуюцца нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі, такія як ібупрафен або парацэтамол, а таксама трыптаны — прэпараты, спецыяльна прызначаныя для купіравання мігрэні. Аднак важна памятаць, што эфектыўнасць гэтых сродкаў можа змяншацца, калі яны прымаюцца занадта позна ці ў вялікіх дозах, і існуе рызыка пабочных эфектаў: гастрыт, язва страўніка, падвышэнне ціску. Не рэкамендуецца спалучаць нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі з алкаголем, паколькі абодва могуць раздражняць слізістую страўніка і павялічваюць рызыку крывацёкаў. Таксама не варта камбініраваць трыптаны з алкаголем, бо гэта можа прывесці да падвышанага ціску ці нават да трамбозу сасудаў.

Калі ў чалавека ёсць хранічныя захворванні, асабліва сардэчна-сасудзістыя, ці ёсць схільнасць да крывацёкаў, трэба абавязкова кансультавацца з урачом перад прыёмам гэтых прэпаратаў.

— Што можна рабіць у хатніх умовах, каб палегчыць стан?

— Самае важнае — забяспечыць паўнавартасны пітны рэжым, каб пазбегнуць абязводжвання. Рэкамендуецца піць чыстую ваду, мінеральную ваду без газаў ці травяныя чаі, напрыклад, рамонкавы ці імбірны.

Масаж — яшчэ адзін эфектыўны спосаб. Лёгкае кругавое націсканне і расціранне мышц у вобласці лба, скроняў, патыліцы і шыі дапамагае зняць мышачнае напружанне. Можна таксама акуратна масажыраваць кропкі, размешчаныя побач з бровамі і на скронях. Халодны кампрэс на лоб дапамагае звузіць сасуды і паменшыць боль. Цёплы кампрэс можна выкарыстоўваць, калі ёсць мышачнае напружанне і спазмы.

Што да адмысловых раствораў, напрыклад, салявых, я не рэкамендавала б іх пастаяннае ўжыванне. Залішняе спажыванне солі шкодна для арганізма і можа выклікаць затрымку вадкасці.

Выдатны сродак — алей мяты. Яго можна ўціраць у скроні ці вобласць ілба. Ментол валодае астуджальным эфектам і дапамагае расслабіць мышцы. Таксама добрыя травяныя чаі — рамонак, імбір, меліса. Імбірны чай валодае супрацьзапаленчым эфектам і можа дапамагчы знізіць інтэнсіўнасць прыступу, а таксама павысіць узровень сератаніну.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю