Як пазбегнуць сустрэчы з мядзведзем і што рабіць пры сутыкненні з ім, расказаў на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Казарэз, перадае БелТА.
Аляксандр Казарэз падкрэсліў, што беларускі мядзведзь не адрозніваецца агрэсіўнасцю. «Гэта частка папуляцыі, якая ўвесь час знаходзілася пад паляўнічым прэсам. Чалавек асацыюецца ў мядзведзяў з небяспекай, а не з крыніцай харчавання. Яны не маюць мэты напасці, укусіць або з’есці, аднак могуць узнікнуць сітуацыі, калі мядзведзіца будзе абараняць дзіцяня або калі чалавек аказваецца побач са здабычай мядзведзя», — сказаў ён.
Асноўныя дзеянні пры сутыкненні з мядзведзем — не ствараць мітусні. Не варта спрабаваць кантактаваць з жывёлай і здымаць відэа. «Сустрэўшы мядзведзя, трэба проста спакойна рэціравацца. Калі ён пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, трэба паспрабаваць зрабіць сябе больш — падняць рукі і заплечнік уверх, гучна сябе пазначыць. Як правіла, мядзведзь адыходзіць», — дадаў эксперт.
Каб пазбегнуць сустрэчы з мядзведзем, трэба гучна перасоўвацца, размаўляць, ламаць галінкі. Звер пачуе гэта і сыдзе да сутыкнення з чалавекам.
Таксама начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі адзначыў, што нельга спрабаваць прыручыць мядзведзяня і любую іншую дзікую жывёлу. «Гэта небяспечна — рана ці позна звер на вас нападзе. Таксама гэта незаконна — канфіскацыя жывёл з дзікай прыроды забаронена. Лепшая дапамога для знойдзенага вамі звярка — не набліжацца і хутка пакінуць тэрыторыю, каб маці магла вярнуцца і шчасна яго забраць», — падкрэсліў ён.