Формула бяспечнага лета
Працягваецца комплексная работа адказных структур па забеспячэнні бяспекі грамадзян у летні перыяд. Яны нагадваюць аб неабходнасці выконваць правілы паводзін, выбіраць толькі абсталяваныя пляжы і не пакідаць дзяцей без нагляду.
Як паведаміў начальнік упраўлення па наглядзе ў сацыяльнай сферы Генеральнай пракуратуры Беларусі Павел ЗАЙЦАЎ, з пачатку года адзначаецца станоўчая тэндэнцыя па скарачэнні колькасці людзей, якія загінулі на вадзе. Паводле аператыўных даных, патанулі 103 чалавекі супраць 130 за аналагічны перыяд мінулага года, што прыкладна на 20 працэнтаў менш. Разам з тым колькасць загінулых непаўналетніх амаль не змянілася — сем супраць васьмі годам раней.
Паводле слоў прадстаўніка Генеральнай пракуратуры, асноўнымі прычынамі трагедый застаюцца асабістая неасцярожнасць грамадзян, купанне ў забароненых месцах і знаходжанне на вадзе ў стане алкагольнага ап’янення. Асобную ўвагу ён звярнуў на неабходнасць пастаяннага кантролю за дзецьмі. Паводле яго слоў, нават кароткачасовае пакіданне дзіцяці без нагляду каля вады можа каштаваць жыцця.
Органы пракуратуры на сістэмнай аснове правяраюць, як выконваюцца мерапрыемствы па забеспячэнні бяспекі ў месцах масавага адпачынку. У бягучым годзе ўжо ўнесена больш за 130 актаў пракурорскага нагляду, у тым ліку чатыры прадстаўленні ў абласныя выканаўчыя камітэты. Сярод найбольш распаўсюджаных парушэнняў — недахопы ў добраўпарадкаванні пляжаў, несвоечасовая ачыстка акваторый, адсутнасць неабходных інфармацыйных знакаў, неналежны вываз смецця.
Павел Зайцаў таксама нагадаў, што купанне ў забароненых месцах цягне адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу ад адной да трох базавых велічынь. З пачатку купальнага сезона ўжо зафіксавана каля паўтары тысячы такіх правапарушэнняў. Акрамя таго, адказнасць прадугледжана за распіццё алкагольных напояў на пляжах, дробнае хуліганства, пашкоджанне маёмасці, а таксама за парушэнне правілаў эксплуатацыі маламерных суднаў.
Намеснік начальніка цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ адзначыла, што работа па папярэджанні няшчасных выпадкаў пачынаецца яшчэ да адкрыцця купальнага сезона. Для зручнасці грамадзян на сайце МНС размешчана карта спецыяльна абсталяваных месцаў для купання, дзе абследавана дно, створана неабходная інфраструктура і арганізавана дзяжурства ратавальнікаў.
Вялікая ўвага надаецца прафілактычнай рабоце з дзецьмі і бацькамі. Напярэдадні летніх канікул у школах праводзяцца бацькоўскія сходы, працягваецца рэспубліканская акцыя «Бяспечныя канікулы», а ўжо трэці год запар у аздараўленчых лагерах рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па навучанні дзяцей плаванню. Падчас заняткаў школьнікам тлумачаць правілы бяспечных паводзін на вадзе і прычыны, чаму нельга купацца без дарослых, падаваць ілжывыя сігналы бедства або выбіраць неабсталяваныя месцы для адпачынку.
Як падкрэсліла Анастасія Швайбовіч, дарослыя павінны быць прыкладам для дзяцей. Асабліва гэта датычыцца бацькоў маленькіх дзяцей, якія падчас купання павінны знаходзіцца побач — літаральна на адлегласці выцягнутай рукі.
Сёння ў Беларусі дзейнічаюць 340 выратавальных абъектаў, у тым ліку 68 выратавальных станцый, 113 пастаянных і 159 сезонных выратавальных пастоў. Акрамя гэтага, у краіне арганізавана работа 518 месцаў масавага адпачынку грамадзян каля вады, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Рэспубліканскага савета АСВОД Ганна НОВІКАВА.
Перад пачаткам купальнага сезона і на працягу ўсяго лета члены АСВОД рэгулярна ачышчаюць дно акваторый, а пры неабходнасці праводзяць дадатковыя работы па зваротах грамадзян. З пачатку года выратавана 111 чалавек, у тым ліку 37 непаўналетніх. Пры гэтым 70 чалавек былі выратаваны непасрэдна супрацоўнікамі АСВОД.
Таксама асветніцкая работа працягваецца ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Акрамя таго, у краіне заснаваны спецыяльны нагрудны знак «За выратаванне на вадзе», якім будуць узнагароджваць грамадзян, якія праявілі мужнасць і самаадданасць пры выратаванні людзей.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ