Top.Mail.Ru
116

Як пенсіянерка з Мінска страціла больш за 150 тысяч рублёў

Жыхарка Першамайскага раёна сталіцы стала ахвярай ужо амаль што класічнай схемы інтэрнэт-аферыстаў — легенды аб замене лічыльнікаў. Так невядомыя здолелі ўвайсці ў давер да 82-гадовай мінчанкі і выманілі ў яе код з СМС-паведамлення. 


Атрымаўшы доступ да даных, зламыснікі не спыніліся і неўзабаве выйшлі на сувязь зноў — на гэты раз назваўшыся супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Жанчыне расказалі, што яе персанальныя даныя трапілі да ашуканцаў, і зараз ад яе імя праводзяцца незаконныя фінансавыя аперацыі. Каб пазбегнуць вобыску і крымінальнага праследавання, спалоханай жанчыне прапанавалі нібы адзінае выйсце — задэклараваць усе існуючыя зберажэнні. Падобныя схемы, дарэчы, заўсёды пабудаваны на запалохванні і псіхалагічным ціску, выклікаюць у ахвяры страх перад адказнасцю:

— Пенсіянерка перадала 106 тысяч беларускіх рублёў кур’еру. Затым аферысты пераканалі яе здаць у ламбард і яе каштоўнасці. Мінчанка абмяняла залатыя зліткі на 52 тысячы рублёў і таксама перадала іх зламыснікам, — расказаў у тэлеграм-канале ведамства старшы інспектар ГІГС Першамайскага РУУС Мінска Марк Жданаў. — Пацярпелая да апошняга была ўпэўненая, што дзейнічае па ўказанні «праваахоўнікаў», і толькі пасля настойлівых перакананняў сына звярнулася ў міліцыю. Па гэтым факце заведзена крымінальная справа.

Міліцыя ў чарговы раз нагадвае аб правілах бяспекі: супрацоўнікі праваахоўных органаў, работнікі банкаў і камунальных службаў ніколі не тэлефануюць грамадзянам па службовых пытаннях у месенджарах, не просяць дапамагчы злавіць злачынцаў і тым больш не патрабуюць аддаваць свае грошы ці каштоўнасці. Калі вам паступіў падобны званок — неабходна неадкладна спыніць размову і паведаміць аб тым, што здарылася, у міліцыю.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю