З надыходам цёплага сезона тысячы беларускіх сем’яў вяртаюцца на свае дачныя ўчасткі. Але часам паўнавартасна адпачыць ад гарадской мітусні не даюць назапашаныя на іх праблемы — зношаныя лініі электраперадачы, састарэлыя трансфарматарныя падстанцыі, перапады напружання і аварыйныя адключэнні становяцца прычынай не толькі бытавых нязручнасцяў, але і дадатковых выдаткаў. Няспраўнасці сеткі нярэдка прыводзяць да выхаду са строю бытавой тэхнікі, перашкаджаюць сезонным работам і патрабуюць ад садаводчых таварыстваў значных фінансавых сродкаў.
Што ж рабіць? У беларускім заканадаўстве замацавана: садаводчым таварыствам прадастаўлена права бязвыплатна перадаваць ва ўласнасць дзяржавы лініі электраперадачы і трансфарматарныя падстанцыі з замацаваннем іх на праве гаспадарчага распараджэння за энергазабеспячальнымі арганізацыямі ДВА «Белэнерга».
Калі сёння абанентам выступае само садаводчае таварыства, якое затым размяркоўвае выдаткі паміж сваімі членамі, то пасля перадачы кожны ўласнік заключае індывідуальны дагавор з энергазабеспячальнай арганізацыяй. Аплата спажытай электраэнергіі ажыццяўляецца напрамую па дзеючых тарыфах. Такая магчымасць замацавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2023 года № 155. Да таго ж неабходнасць забяспечваць прафесійную эксплуатацыю аб’ектаў, своечасовае абслугоўванне і правядзенне неабходных рамонтных работ таксама пераходзіць пад адказнасць ДВА «Белэнерга».
Як адзначыў начальнік аддзела маёмасных адносін ДВА «Белэнерга» Сяргей Скараход, скарыстацца прадугледжаным механізмам могуць не ўсе таварыствы. Адной з умоў з’яўляецца непасрэднае падключэнне аб’ектаў да электрычных сетак энергазабеспячальных арганізацый. Пры гэтым парадак перадачы можа адрознівацца — для высакавольтных і нізкавольтных сетак прадугледжаны розныя патрабаванні:
— Для перадачы высакавольтных сетак (10(6) кВ і 10(6)/0,4 кВ) таварыству неабходна ўстанавіць вынасную размеркавальную прыладу 0,4 кВ, абсталяваную прыборамі разліковага ўліку электраэнергіі, а таксама падрыхтаваць пакет дакументаў, уключаючы хадайніцтва, рашэнне агульнага сходу і дакументы аб праве ўласнасці на аб’екты, — адзначыў Сяргей Скараход.
Дарэчы, калі некалькі таварыстваў паслядоўна падключаны да сеткі напружаннем 10 кВ, яны могуць аформіць перадачу сваіх высакавольтных сетак адначасова — чакаць чарговасці не спатрэбіцца, расказаў Віктар Рудкоўскі, начальнік упраўлення эксплуатацыі электрычных сетак ДВА «Белэнерга».
Паводле яго слоў, для забеспячэння надзейнай работы сетак спецыялісты павінны мець свабодны доступ да апор. Без яго аб магчымасці правядзення аглядаў, пад’ездзе спецыялізаванай тэхнікі, неабходнай для рамонту, замене абсталявання гаварыць не даводзіцца. Менавіта таму капітальныя агароджы ці іншыя збудаванні, якія перашкаджаюць праезду тэхнікі, не дапускаюцца.
Аб поўным парадку перадачы можна даведацца ў спецыяльнай памятцы, падрыхтаванай «Белэнерга» для садаводчых таварыстваў і апублікаванай на сайце арганізацыі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц