Адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі месціцца ў маляўнічых краях, дзе зліваюцца рэкі Піна і Прыпяць. Ён захаваў непаўторны каларыт, адметную архітэктурную спадчыну і атмасферу нетаропкасці і спакою. У апошнія гады Пінск стаў адным з турыстычных брэндаў Беларусі (другім пасля Гродна) дзякуючы захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Але турызм у Пінску — гэта яшчэ і паглыбленне ў атмасферу «Палескай Венецыі», дзе рэк — як дарог, а гісторыя самога горада налічвае больш за 9 стагоддзяў. Маляўнічасць мясцін, помнікі гісторыі і развітая інфраструктура робяць Пінск прывабным для наведвальнікаў. Нездарма тут адзначаюць павелічэнне патоку ўнутранага турызму, але і госці з замежжа нярэдкія. Як іх прымае горад?
Справа стагоддзяў
— Згодна са статыстыкай, штогод ідзе павелічэнне колькасці турыстаў, што наведваюць горад, — адзначае Кірыл Юрчанка, начальнік аддзела ідэалогіі і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама. — Паводле папярэдняй інфармацыі са студзеня да сярэдзіны мая 2026 года каля 8000 турыстаў наведалі горад. Гэта больш, калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года. Ёсць турыстычныя фірмы, якія ўключаюць Пінск у свае маршруты, супрацоўнічаюць з нашымі атэльнымі ўстановамі і іншымі арганізацыямі, задзейнічанымі ў турыстычнай сферы. Даныя паказваюць, што ўсё больш людзей прыязджае да нас у выхадныя. На цяперашні момант распрацавана больш за дзесяць маршрутаў па горадзе, і большасць з іх — вельмі папулярныя. Адзін з самых запатрабаваных — «Пінск — горад 9 стагоддзяў», з’яўляецца візітнай карткай сталіцы Палесся. Ён пачынаецца з памятнага знака на дзяцінцы і старажытнага калегіума (самага старога будынку Пінска), праходзіць па вуліцах і плошчах гістарычнага цэнтра, уключна з ансамблем манастыра францысканцаў і касцёлам Дзевы Марыі, Свята-Варварынскім саборам, палацам Бутрымовіча... Вабіць і сама па сабе пешаходная вуліца Леніна, дзе рамеснікі прапануюць тавары, вырабленыя сваімі рукамі.

Калі людзі прыязджаюць у горад, яны, як правіла, хочуць атрымаць як мага больш прыемных уражанняў і паехаць дадому з добрым настроем. Сёння ўсё гэта да дробязяў трэба ўлічваць пры распрацоўцы турыстычных маршрутаў, бо разам з тымі, хто прыязджае з групамі на дзень, мноства гасцей, якія гатовыя правесці ў горадзе пэўны час. А гэта азначае не толькі выбар разнастайных экскурсій, але і добры атэльны сэрвіс, наяўнасць кавярняў на розны густ, культурную праграму.
Прадпрымальнасць вітаецца
Начальнік упраўлення эканомікі Пінскага гарвыканкама Вольга Юш звяртае ўвагу, што сёння дзяржава прадугледжвае пэўныя выгоды для тых, хто гатовы працаваць на развіццё турыстычнай галіны. У прыватнасці, згодна з праграмай «Турыстычны патэнцыял», стала магчымым крэдытаванне бізнеса на будаўніцтва, рэканструкцыю альбо мадэрнізацыю аздараўленчых комплексаў, санаторна-курортных цэнтраў, атэляў, кемпінгаў па льготнай стаўцы не больш за 6 % гадавых. Банк развіцця выдае прамыя інвестыцыйныя крэдыты на рэалізацыю праектаў на суму да 100 мільёнаў рублёў тэрмінам выплаты да 15 гадоў.

У Пінску спадзяюцца, што ўсе закладзеныя праграмай захады стануць стымулам для добрых ініцыятыў. Тым больш што палешукі і нават самі пінчукі вядомыя сваімі прадпрымальніцкімі здольнасцямі і традыцыямі гасціннасці (таму скульптура палешука сустракае пры ўваходзе ў гістрычны цэнтр). Горад, які размясціўся каля рэк Піна і Прыпяць, быў ключавым вузлом гандлю, што звязваў рэгіён з Чорным морам і Балтыкай. І гістарычна тут умелі прымаць вандроўнікаў — дагэтуль захаваліся будынкі атэляў «Парыж» і «Англійскі», вядомых з пачатку ХХ стагоддя.
Сучасны Пінск мае сваю турыстычную інфраструктуру (у прыватнасці санаторыі, атэльную базу), але заўсёды ёсць куды развівацца. Бо турысты становяцца ўсё больш патрабавальнымі, падчас адпачынку шукаюць камфортнага пражывання. Нездарма ў горадзе запатрабаваныя месцы ў атэлях і гасцявых дамах, што месцяцца ў рэканструяваных гістарычных будынках і прапануюць якасны сэрвіс (нават нягледзячы на больш высокія кошты, чым у сярэднім па горадзе). А ёсць наогул частка турыстаў, якія выбіраюць больш «экзатычны» для нас варыянт.
Ах, белы цеплаход
Адзін з самых небанальных спосабаў патрапіць у Пінск — дзякуючы рачному «круізу» на цеплаходзе «Белая Русь», маршрут якога ідзе ад Брэста да Мазыра праз шэраг гарадоў і мястэчак беларускага Палесся. Гэта першы і пакуль адзіны ў нашай краіне цеплаходны турыстычны маршрут (падобна падарожжам на марскіх круізных лайнерах), з каютамі розных класаў, зонай адпачынку, рэстаранам і палубай, на якой можна аглядаць краявіды. Падарожжа разлічана на восем дзён і дазваляе атрымліваць асалоду ад прыгажосці беларускага Палесся. Адзін з абавязковых пунктаў на маршруце, які ўваходзіць у экскурсійную праграму, — горад Пінск, які лічыцца неафіцыйнай сталіцай Палесся. Тур унікальны тым, што займальны і пазнавальны адначасова, сумяшчае гістарычную і прыродную часткі. А Пінск — менавіта той горад, дзе гісторыю ўзмацняе маляўнічае ўзбярэжжа.
.jpg)
— Маршрут вельмі запатрабаваны, летась цеплаход ажыццявіў 27 рэйсаў. Такім чынам, дзякуючы гэтаму туру Пінск наведалі 700–720 чалавек. Ужо сёлета адбыліся шэсць рэйсаў, якія даставілі 160 турыстаў, — расказвае Кірыл Юрчанка. — Але асабліва каштоўна для нас тое, што цеплаход «Белая Русь» — гонар Пінскага судабудаўнічага-сударамонтнага завода, дзе яго сабралі. Аналагаў гэтаму цеплаходу ў краіне няма, што таксама працуе на турыстычны імідж горада.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА