Top.Mail.Ru

Як прадухіліць асенні «валасапад»?


Увосень валасы выпадаюць з-за натуральных цыклічных працэсаў, звязаных са скарачэннем светлавога дня, які прыводзіць да гарманальных змен, зніжаючы ўзровень эстрагену і пераводзячы больш валасяных фалікулаў у фазу спакою. Вялікая колькасць спячых цыбулін тлумачыцца зніжэннем узроўню ўльтрафіялету, рэзкім пахаладаннем, моцнымі вятрамі і іншымі неспрыяльнымі фактарамі. Негатыўнае ўздзеянне аказваюць памяншэнне спажывання вітамінаў са свежых гародніны і садавіны, дрэнны настрой з-за змены цёплага сонечнага надвор’я на сырое і слотнае. У норме такі стан працягваецца некалькі месяцаў. Затым баланс росту і выпадзення валасоў аднаўляецца, гушчыня прычоскі вяртаецца да нормы.

Што можна зрабіць для прадухілення сезоннага выпадзення валасоў?

Падтрымліваць пітны рэжым. Гэта галоўнае правіла для здароўя і прыгажосці валасоў. Нават калі вашы валасы выглядаюць дагледжанымі, ні ў якім разе не грэбуйце ім. Вада — самы нестабільны кампанент, які вельмі хутка пакідае структуру воласа. Нават нягледзячы на адсутнасць відавочных пашкоджанняў, валасам важна атрымліваць неабходную колькасць вільгаці, каб заставацца эластычнымі і мяккімі, прадухіліць з’яўленне кончыкаў, якія сякуцца. У асенні час гэтаму трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу, каб засцерагчы валасы ад негатыўнага ўздзеяння навакольнага асяроддзя.

Увільгатняць паветра. Залішне сухое паветра аднолькава дрэнна адбіваецца на стане скуры і валасоў. Вільгаць узмоцнена выпараецца пад дзеяннем ацяпляльных прыбораў. Таму вы можаце заўважыць, што скура галавы ў асенні перыяд выпрацоўвае больш тлушчавага сакрэту, каб прадухіліць сухасць. Адпаведна валасы ў прыкаранёвай зоне даволі хутка страчваюць свежасць. (Многія грашаць на нашэнне шапкі, а не на нізкую вільготнасць паветра ў памяшканні.) Асноўная даўжыня валасоў пры гэтым пакутуе ад недахопу ўвільгатнення: яны становяцца непаслухмянымі, ломкімі і сякуцца на кончыках. Асабліва гэта прыкметна на валасах, якія не атрымліваюць дастатковага догляду.

  • Набыццё ўвільгатняльніка дапаможа палепшыць стан валасоў і зменшыць наэлектрызаванасць у комплексе з іншымі метадамі ўтаймавання непадатлівых локанаў. Плюс гэты прыбор дазваляе абараніць ад перасыхання не толькі эпідэрміс, але і слізістыя абалонкі вачэй і рэспіраторнага тракта, што таксама важна ў сезон прастуд.

Дапоўніць догляд натуральнымі алеямі. Для абароны ад перападаў тэмпературы, для дадатковага ўвільгатнення і сілкавання перыядычна радуйце свае валасы алеямі. Можна выбраць алей арганы, абляпіхі, жажаба, какоса, лопуху, макадаміі, міндаля, рыцыну — усё залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў і асабістых пераваг. Гэтыя ўніверсальныя сродкі прыроднага паходжання падыходзяць усім тыпам валасоў, папярэдзяць іх сячэнне і наэлектрызаванасць (з апошняй многія часта сутыкаюцца восенню), аблягчаюць расчэсванне, надаюць валасам натуральны раслінны водар. 

Масажаваць скуру галавы. Медыкі рэкамендуюць два-тры разы на тыдзень праводзіць масаж каранёў валасоў. Калі няма магчымасці так часта наведваць цырульні ці спа-салоны, то можна зрабіць самамасаж ці папрасіць аб гэтым блізкіх. Па жаданні для масажу можна выкарыстоўваць розныя прынады і сродкі. Напрыклад, «мурашку-антыстрэс», масажную расчоску, розныя алеі, скрабы для скуры галавы. Працэдура масажу здольная ўзмацніць кровазварот, прадухіліць выпадзенне валасоў і выключыць магчымасць з’яўлення себарэі. Уздзеянне на валасістую частку скуры стымулюе паляпшэнне мікрацыркуляцыі крыві. Валасы атрымліваюць больш сілкавання, становяцца мацнейшымі ля каранёў і менш схільнымі да выпадзення.

  • Не выкарыстоўвайце ў штодзённым доглядзе валасоў расчоскі і грабяні з пластыкавымі шчацінкамі.
Яны зараджаюць вашы валасы статычнай электрычнасцю, і ўціхамірыць шавялюру становіцца складана, асабліва пасля зняцця галаўнога ўбору.

  • Падчас мыцця не карыстайцеся гарачай вадой, якой бы ні была вялікая спакуса адагрэцца пасля золкага восеньскага надвор’я.
З аднаго боку, гарачая вада падганяе выпрацоўку тлустага сакрэту скурай, і мы зноў сутыкаемся з тлустымі каранямі. З іншага — робіць скуру і валасы сухімі.

Сілкаваць знутры. Валасы сілкуюцца не толькі касметычнымі маскамі, але і тым, што паступае ў арганізм з ежы. Калі вы хочаце бачыць валасы здаровымі і моцнымі, забяспечце ім рацыён, багаты на вітаміны і мікраэлементы. У доглядзе валасоў асаблівае значэнне маюць:

  1. Вітамін А: актывізуе сінтэз бялку кераціну — аднаго з галоўных будаўнічых кампанентаў, рэгулюе выпрацоўку скурнага сала, спрыяе аднаўленню пашкоджанай структуры валасоў і аднаўленню бляску.

  2. Вітамін D: спрыяе фарміраванню новых фалікулаў і росту валасоў, а яго дэфіцыт можа прыводзіць да ўзмоцненага выпадзення.

  3. Вітамін Е: запавольвае страту валасоў, паляпшае іх рост і рэгулюе працэс паступлення пажыўных рэчываў да фалікулаў.

  4. Вітаміны групы В: змагаюцца з праблемамі сухасці скуры галавы, ломкасці і выпадзення валасоў, паляпшаюць іх рост і аднаўляюць бляск.

  5. Амега-3 (поліненасычаныя тлустыя кіслоты): дапамагаюць валасам заставацца ўвільготненымі і эластычнымі, што, у сваю чаргу, спрыяе пранікненню пажыўных рэчываў да каранёў і засцерагае валасы ад ломкасці.

  6. Цынк: дапамагае валасам расці хутчэй, засцерагае ад ранняй сівізны і парадзення.

  7. Сера: удзельнічае ва ўтварэнні кераціну.

  8. Медзь: адказвае за пігментацыю валасоў, папярэджвае раннюю сівізну.

Скараціць колькасць тэрмаўкладак. Гэта не значыць, што трэба цалкам адмовіцца ад фена, прасіка для выпрамлення ці электрашчыпцоў для завіўкі на асенне-зімовы перыяд. Дастаткова зменшыць тэмпературу прыбораў для ўкладкі і не забываць выкарыстоўваць тэрмаахоўныя сродкі кожны раз, калі валасы сутыкаюцца з высокімі тэмпературамі.
* І не збірайце пасмы ў тугія конскія хвасты ці ў іншыя прычоскі, звязаныя з нацяжэннем каранёў. Моцнае напружанне скуры галавы ў спалучэнні з аслабленым валасяным покрывам толькі ўзмоцніць працэс выпадзення з-за дадатковай нагрузкі.

Насіць галаўны ўбор. Гэта дапаможа пазбегнуць рэзкіх перападаў тэмпературы навакольнага асяроддзя пасля выхаду з памяшкання на вуліцу. 

Пазбягаць стрэсу. Хранічныя нервовыя перагрузкі правакуюць павышэнне ўзроўню гармонаў стрэсу. Іх высокі ўзровень прыводзіць да скарачэння фазы росту валасоў і больш хуткага пераходу да стадыі выпадзення з-за пагаршэння кровазвароту, парушэння сілкавання кіслародам і карыснымі рэчывамі валасяных цыбулін, а таксама да дрэннай работы тлушчавых залоз. Апошнія могуць як актывізавацца і выпрацоўваць шмат себуму (ён закаркуе пратокі і будзе перашкаджаць валасам нармальна расці), так і знізіць выпрацоўку скурнага сала — тады валасам будзе не хапаць увільгатнення і гладкасці.

Быць зусім па-за стрэсам у дарослым жыцці вельмі складана. Нервовая работа, «цяжкі» начальнік, загружаны працоўны графік, начныя змены, «таксічны» прадавец, пераходны перыяд у дзяцей і яшчэ шмат чаго іншага. Спраўляцца са стрэсам дапамогуць дыхальныя практыкаванні, медытацыі, заняткі спортам, ёга, творчае хобі, прагулкі на свежым паветры, наведванне басейна, адмова ад курэння і алкаголю (так-так, а не наадварот!).

  • Правільнае дыханне — самая простая тэхніка рэлаксацыі. Свядомы кантроль дыяфрагмальнага ўдыху-выдыху дапаможа адцягнуцца ад трывожных думак, расслабіць мышцы, устараніць скаванасць і заціскі.

Тэхніка выканання простая: неабходна прыняць зручную позу, заплюшчыць вочы, зрабіць павольны глыбокі ўдых праз нос, раздзімаючы жывот (уключаецца дыяфрагма), затрымаць паветра на 5 сек і яшчэ больш павольна выдыхнуць праз рот, спрабуючы цалкам вызваліць лёгкія. Галоўнае, сфакусавацца на працэсе дыхання, пазбавіўшыся ад пабочных думак. Практыкаванне трэба выконваць 5-10 хвілін. Як правіла, гэтага дастаткова, каб адчуць спакой.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю