Новая дзіцячая пляцоўка пад назвай «Актыўная зона» з’явілася ў жніўні гэтага года ў вёсцы Сакалова Хмелеўскага сельсавета дзякуючы неабыякавым мясцовым жыхарам і абласному конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Як рэалізоўваўся праект і чаму ён стаў асаблівым для Жабінкаўскага раёна?
Ідэя стварэння сучаснай гульнявой прасторы першапачаткова з’явілася ў мясцовых жыхароў. Усяго ў вёсцы Сакалова пражывае 145 чалавек, з іх каля 30 — дзеці і падлеткі. Падчас летніх канікулаў гэтая лічба большая, бо вёска традыцыйна становіцца цэнтрам прыцягнення для ўнукаў мясцовых жыхароў. У Сакалове была старая пляцоўка, зробленая шмат гадоў таму саматугам, — менавіта на гэтым месцы традыцыйна збіраліся дзеці і моладзь. Аднак з часам яна пачала прыходзіць у непрыдатнасць. Таму было вырашана прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць гэтую прастору сучаснай і камфортнай для адпачынку.
Жыхары вёскі сабралі 10 %, а астатнія сродкі былі выдзеленыя з абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў. Агульны кошт набыцця і ўстаноўкі гульнявых элементаў склаў 16 тысяч рублёў.
Паказальна і тое, што мясцовыя жыхары самастойна сабралі сродкі і дадалі да гэтай пляцоўкі пясочніцу, лаўкі і інфармацыйную таблічку.
— У мінулым годзе ад Хмелеўскага сельскага выканаўчага камітэта паступіла заяўка на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў з праектам пад назвай «Актыўная зона». І ён быў падтрыманы, стаў адным з 20 пераможцаў у Брэсцкай вобласці, — расказаў старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Андрэй Юруць.
На новай пляцоўцы былі ўсталяваныя самыя разнастайныя элементы: ад каруселяў і арэляў да гімнастычных лесвіц і перакладзіны.
— Для Хмелеўскага сельсавета гэта дэбют — першы праект, рэалізаваны на яго тэрыторыі, — адзначыў Андрэй Юруць. — Тым не менш мы ўжо назіраем, што гэтая ініцыятыва стала ў добрым сэнсе заразлівым прыкладам для ўсіх астатніх населеных пунктаў Жабінкаўскага раёна. Напрыклад, у суседняй вёсцы Сакі мясцовыя жыхары таксама выказалі вялікае жаданне зрабіць у сваім населеным пункце сучасную дзіцячую пляцоўку — сёлета яны плануюць падаць свой праект на ўдзел у конкурсе.
Вёска актыўна пашыраецца: зараз там будуецца новы квартал на 20 участкаў, так што камфортнае месца для правядзення вольнага часу там будзе вельмі дарэчы.
Да таго ж у найбліжэйшай будучыні ў Жабінкаўскім раёне ў рамках грамадзянскіх ініцыятыў плануюць абнавіць мемарыяльны комплекс «Драмлёва» на месцы спаленай фашыстамі разам з людзьмі вёскі.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара