«Важна заўсёды быць на крок наперадзе праціўніка».
Маштабныя камандна-штабныя вучэнні МУС, якія праходзілі ў Гомельскай вобласці, уключалі адпрацоўку найбольш складаных сцэнарыяў абвастрэння становішча ў гарадскім асяроддзі. Пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў прэс-службе міліцэйскага ведамства.
Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў асабіста кантраляваў дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў МУС.
Па выніках праверкі Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады былі зроблены высновы і міністрам унутраных спраў пастаўлена задача ўдасканаліць і дэталёва адпрацаваць тактыку выяўлення і знішчэння праціўніка, у тым ліку дыверсійна-разведвальных груп. На пункце кіравання камандзіра вайсковай часці 5525 па відэасувязі прадэманстраваны дасканала вывастраныя дзеянні байцоў спецпадраздзяленняў унутраных войскаў МУС.
Далей удзельнікі камандна-штабных вучэнняў перамясціліся на пляц. Згодна з уводнай група грамадзян перакрыла праезную частку, адзін з іх заблакаваў дарогу аўтамабілем і вёў стрым з БПЛА. Вартавыя парадку імгненна ацанілі абстаноўку, рэагаванне не прымусіла чакаць: супрацоўнікі ДАІ, АМАПа і атрада спецпрызначэння «Буран» затрымалі ўдзельнікаў, уключаючы аператара дрона. Праезную частку расчысцілі, на поўнае аднаўленне руху сышлі лічаныя хвіліны.
На высокім узроўні супрацоўнікі рэгіёну справіліся з выпрабаваннем: вылічыць і затрымаць шэсць радыкалаў, якія хаваліся ў будынку чыгуначнага вакзала. Правёўшы разведку, аб’ект блакавалі. Байцы АМАПу і атрада спецпрызначэння «Буран» выявілі ўзброеных правапарушальнікаў у зале чакання, затрымалі і перадалі канвою.
Яшчэ адна задача датычылася абясшкоджвання зламыснікаў, якія ўзялі ў закладнікі двух правадніц і забарыкадаваліся ў плацкартным вагоне. Групы аператыўна-баявога прызначэння здзейснілі блакаванне цягніка і прылеглай тэрыторыі. З выкарыстаннем піратэхнічных сродкаў правялі планавы штурм праз вокны, у лічаныя секунды зачысціўшы вагон і вызваліўшы закладнікаў.

Па наступнай уводнай пяцёра радыкалаў захапілі адміністрацыйны будынак, дзе гвалтоўна ўтрымлівалі службовую асобу і частку работнікаў прадпрыемства. Ускладнялася сітуацыя тым, што схаваліся злачынцы ў актавай зале без вокнаў і асвятлення. Пад прыкрыццём груп блакавання, снайпераў і бронетэхнікі штурмавікі бясшумна праніклі ў будынак. Затым з выкарыстаннем прыбораў начнога бачання зачысцілі памяшканне. Ніхто з закладнікаў не пацярпеў.
На заканчэнне тэарэтычнай часткі камандна-штабных вучэнняў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў падкрэсліў:
— Усе уступныя, у тым ліку тыя, што паступілі сёння ноччу і раніцай, накіраваныя на ацэнку не толькі правільнасці дзеянняў, але і вынослівасці асабістага складу. Нядаўна праведзеная праверка 7-й асобнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў. Што датычыцца фізічнай падрыхтоўкі, 70 % байцоў атрымалі ацэнкі «добра» і «выдатна». Але ёсць і нездавальняючыя вынікі. Троек быць не павінна! Праз месяц зноў правядзём залікі, у тым ліку і ў іншых злучэннях. Датычна спецпадраздзяленняў: ацэнкі павінны быць толькі «выдатна»!
Дадзеныя патрабаванні невыпадковыя. Так, у рамках вучэнняў па адной з пазапланавых уводных байцы ўнутраных войскаў накіраваліся для блакавання мясцовасці, дзе размясцілася ДРГ. Зламыснікі перакрылі рух, выконваць задачы на транспарце стала немагчыма. Прыйшлося маршам пераадолець дыстанцыю ў тры кіламетры ў поўнай экіпіроўцы. Зрабіць гэта без належнай фізічнай падрыхтоўкі было б вельмі цяжка.
Таксама Іван Кудракоў акцэнтаваў: важная гатоўнасць супрацоўнікаў да ўжывання сілы, спецсродкаў, а пры неабходнасці — да выкарыстання зброі. Галоўнае — гэта рашучасць:
— Яшчэ раз хачу звярнуцца да начальнікаў РАУС. Ва ўсіх раёнах павінны адчуваць нашу прысутнасць і нашу моц. І кожны, у каго ёсць нядобрыя думкі, абавязаны разумець: любыя спробы выйсці на вуліцу і парушыць грамадскі парадак будуць спыняцца! Працуем выразна, жорстка. А калі ўжо задзейнічаем спецпадраздзяленне — павінна быць пастаўлена кропка!

Па выніках праверкі практычных дзеянняў па розных сцэнарыях ускладненні абстаноўкі міністр звярнуў увагу на недапушчальнасць паўтарэння 2020 года, калі зламыснікі машынамі таранілі баявыя парадкі і ніхто не ўжываў зброю:
— Сёння заканадаўства дазваляе нам прымаць рашэнні зыходзячы з сітуацыі. Камандзіры спецпадраздзяленняў павінны дзейнічаць дакладна. Як пры адпрацоўцы сённяшняй уводнай, калі злачынцы праніклі ў тыл.
Падводзячы вынік камандна-штабных вучэнняў, кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў:
— Вучэнні ў Гомельскай вобласці адрозніваліся ад тых, якія праводзіліся ў іншых рэгіёнах, каласальнай нагрузкай на асабісты склад. Было шмат розных уводных, уключаючы пазапланавыя, і ўсе спрацавалі выдатна! Упэўнены: дзейнічаючы адзіным маналітам, трэніруючыся, вывучаючы вопыт іншых краін, мы не дапусцім не толькі масавых беспарадкаў, але і ў цэлым парушэнняў грамадскага парадку. Важна заўсёды быць на крок наперадзе суперніка. Дзякую за службу!
Пасля цырымоніі ўзнагароджання супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС, якія вызначыліся, Іван Кубракоў азнаёміўся з размяшчэннем для ваеннаслужачых, ацаніўшы створаныя для іх умовы.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота МУС