Top.Mail.Ru

Як праходзіць корманарыхтоўчая кампанія ў аграгарадку Дзеткавічы, пацікавіліся карэспандэнты «Звязды»

У ААТ «Агра-Дзеткавічы» Драгічынскага раёна завяршаецца адзін з найважнейшых этапаў сельскагаспадарчага сезона — нарыхтоўка кармоў першага ўкосу. Ад таго, наколькі якасна будуць выкананы гэтыя работы сёння, залежыць прадукцыйнасць жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі на працягу ўсяго года.


Паказчыкі радуюць

Корманарыхтоўчая кампанія праходзіць арганізавана і ў вызначаныя тэрміны, запэўнівае дырэктар прадпрыемства Алена КАСЕВІЧ:

— Асноўная задача — нарыхтаваць якасныя кармы. Сёлета надвор’е гэтаму спрыяе, і мы ўжо выйшлі на фінальны этап нарыхтоўкі траў першага ўкосу. 

Штодня ў гаспадарцы нарыхтоўваецца ад 400 да 500 тон сянажнай масы. Работа пачынаецца задоўга да выхаду тэхнікі ў поле. Спецыялісты абследуюць угоддзі і вызначаюць участкі, гатовыя да ўборкі ў аптымальныя фазы развіцця раслін. 

Абавязковым этапам з’яўляецца і лабараторны кантроль якасці кармоў. Сёлета паказчыкі радуюць спецыялістаў: у злакавых кармах утрыманне пратэіну складае 10,5–11 %, у бабова-злакавых сумесях — 14-16 %, а ў бабовых культурах — перавышае 16 %.

Не менш важнае значэнне мае і тэхналогія захоўвання.

— Далей важна ў кароткія тэрміны своечасова закласці траншэю, — тлумачыць Алена Касевіч. — Усе траншэі павінны быць закладзены і шчыльна ўкрыты. Перад закладкай яны абавязкова дэзынфіцыруюцца.

У гэтым сезоне гаспадарка нарыхтоўвае тры асноўныя віды кармоў: сена, сянаж і сілас. Ужо назапашана больш за тысячу тон сіласу з азімага жыта, каля 4 тысяч тон сенажу і 30 тон сена. У першую чаргу, кармы прызначаюцца для малочнатаварных ферм прадпрыемства. Затым яны будуць выкарыстоўвацца на адкорме жывёлы.

Сучасную сельскую гаспадарку немагчыма ўявіць без тэхнікі і новых тэхналогій. У гаспадарцы гэтаму надаюць асаблівую ўвагу.

— Траншэю неабходна закласці ў аптымальныя тэрміны і ў аптымальнай фазе развіцця раслін. Для гэтага патрэбна дастатковая колькасць тэхнікі. У нас яна ўся беларускай вытворчасці — ад трактароў да камбайнаў. Тэхнікі хапае, — гаворыць Алена Касевіч.

Чалавечы фактар

Штодня ў корманарыхтоўчай кампаніі задзейнічана каля пятнаццаці чалавек. Адзін з іх — механізатар Багдан ТАРАСЮК. У гаспадарцы ён працуе ўжо дзясяты год. Пасля заканчэння вучылішча прыйшоў у «Агра-Дзеткавічы» і вырашыў застацца.

— Мая задача — найперш падрыхтаваць камбайн да работы. Затым выязджаем у поле і выконваем усе непасрэдныя абавязкі, звязаныя з нарыхтоўкай кармоў, — расказвае ён. — Тэхнікі хапае, па меры неабходнасці яна абнаўляецца, рамантуецца. Работнікі забяспечваюцца спецадзеннем, пастаянна паляпшаюцца ўмовы працы. Не застаюцца без увагі і пытанні сацыяльнай падтрымкі. 

Багдан выхоўвае дваіх дзяцей. Дом для яго сям’і забяспечыла гаспадарка.

Больш за трыццаць шэсць гадоў працуе ў «Агра-Дзеткавічах» механізатар Андрэй МЕЛЯНЧУК. Нарадзіўся і вырас ён у Дзеткавічах, пасля службы ў арміі вярнуўся дадому. У корманарыхтоўцы ўдзельнічае больш за два дзесяцігоддзі. За гады працы ён бачыў, як змянялася гаспадарка:

— Калі параўноўваць з тым, што было раней, магу засведчыць, што тэхніка стала значна больш камфортнай. Калісьці пра кандыцыянеры ў камбайнах можна было толькі марыць.

Андрэй Мікіціч адзначае, што ў поле рэгулярна дастаўляюць гарачыя абеды, а кіраўніцтва заўсёды гатова дапамагчы ў вырашэнні розных пытанняў.

Асаблівае месца ў жыцці гаспадаркі займаюць традыцыі. Штогод тут адзначаюць «Дажынкі» і Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Праводзяцца канцэрты, спаборніцтвы, уручаюцца грашовыя заахвочванні. Сам Андрэй Мелянчук неаднаразова станавіўся адным з лепшых на нарыхтоўцы кармоў.

Яшчэ адзін вопытны работнік прадпрыемства — трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці Валерый КУШНЕР. У гаспадарцы ён ужо сорак гадоў. Нават калі выйшаў на пенсію, працягвае працаваць.

— Калі б былі незадаволены работай, то не працавалі б, — слушна заўважае Валерый Пятровіч.

Залог поспеху

У ААТ «Агра-Дзеткавічы» вялікая ўвага ўдзяляецца не толькі вытворчым паказчыкам, але і кадравай палітыцы. У гаспадарцы працуюць маладыя спецыялісты, сярод іх — галоўны аграном і галоўны ветэрынарны ўрач.

Для маладых спецыялістаў прадугледжаны сур’ёзныя меры падтрымкі. Пры заключэнні першага пяцігадовага кантракта выплачваецца сума не менш за сто базавых велічынь, пры наступных кантрактах — каля двухсот базавых велічынь. Акрамя таго, маладым спецыялістам даецца добраўпарадкаванае жыллё: спачатку пакой у інтэрнаце, а пасля стварэння сям’і — дом або кватэра.

Гісторыя самой Алены Касевіч таксама цесна звязана з гэтай гаспадаркай. У «Агра-Дзеткавічы» яна прыйшла ў 2014 годзе эканамістам, затым стала галоўным эканамістам, намеснікам дырэктара па вытворчасці, а са снежня 2023-га ўзначальвае прадпрыемства. Сёння яна з’яўляецца адзінай жанчынай-кіраўніком сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Драгічынскім раёне.

Пакуль механізатары завяршаюць работы першага ўкосу, у гаспадарцы ўжо думаюць пра наступны этап сезона. Бо для аграрыяў лета — час напружанай працы, ад вынікаў якой залежыць дабрабыт усяго жывёлагадоўчага комплексу. І ў Дзеткавічах упэўнены: залог поспеху быў і застаецца нязменным — якасныя кармы, адказнасць людзей і зладжаная работа калектыву.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю