Знаёмства з мясцовымі традыцыямі і рэгіянальнымі брэндамі, магчымасць праявіць сябе ў спорце і творчасці — гасцей і жыхароў горада было чым натхняць і здзіўляць.
Гасціннасць са смакам і густам
Праект «Ежа з сэнсам» прадставіў Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей. «Мы хацелі адысці ад фармату простага гастрафэсту. Хацелася дадаць пэўнага сэнсу: ежу, якую мы сёння прадставім, можна зразумець, толькі калі даведаешся і ўбачыш гісторыю горада Светлагорска: як ён з’явіўся, чаму тая ці іншая ежа прадстаўлена менавіта такім чынам», — расказала Валянціна ДЫНІЧ, дырэктар ТАА «БелБрэндАўдыт», аднаго з арганізатараў фестывалю.
І «смачны» праект як нельга дарэчы. Маладая бульба, хрумсткія маласольныя агурочкі, далікатныя мясныя рулеты і традыцыйныя каўбасы, духмяныя пернікі і пірагі — разнастайнасць страў радавала вока і, вядома, страўнік. Як расказалі арганізатары, гатавалі ўсё па ДАСТах — арыентуючыся на той самы дзяржаўны Знак якасці часоў Савецкага Саюза, калі і будаваўся Светлагорск.
Прадстаўлены былі і розныя забаўляльныя і фотазоны, а для юных аматараў малявання ў парку на вуліцы Калініна арганізавалі мастацкі інтэрактыў «стАРТ». Разам з беларускімі майстрамі жывапісу дзеці завяршылі афармленне пляцоўкі новага шматпрофільнага комплексу для катання і заняткаў спортам ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
— Выявы і арнаменты для скейт-ролер-парку ў гэтым сезоне абралі невыпадкова: саломапляценне — гэта, мабыць, адзін з самых самабытных відаў творчасці нашага народа. Сусветнае прызнанне ўнікальнае рамяство атрымала ў 2022 годзе, калі ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА была ўключана беларуская намінацыя «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні»: «Яно было распаўсюджана і ў побыце, і ў абрадавых мерапрыемствах. Хочам, каб гэтае рамяство не згубілася ў сучасным свеце, каб дзеці памяталі і шанавалі традыцыі», — падкрэсліла дырэктар мастацкай галерэі «АртХаос» Лілія ЛУКАШЭНКА.
Для гасцей свята — бясплатныя майстар-класы па саломапляценні. Алена, майстар народных мастацкіх рамёстваў, прыехала з Мазыра: «Мала хто зараз дома вяжа ці шые. А тут ёсць магчымасць дакрануцца да традыцый нашых продкаў, саломкі. Прываблівае і тое, што робяць дзеці ўсё гэта сваімі рукамі, забяруць з сабой дадому і змогуць падарыць блізкім. Часцінка сонейка, часцінка саломкі будзе дома».
У вячэрняй праграме першага дня яшчэ і кінапаказ пад адкрытым небам айчыннай спартыўнай драмы «Пераломны момант».
Цікава ўсім
Пятніца была не менш насычанай. Кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта, міністэрства спорту і аблвыканкама наведала спартыўныя аб’екты раённага цэнтра. «Вытокі нашага спорту зыходзяць з маленькіх гарадоў, раённых цэнтраў, з дзіцяча-юнацкага спорту, за якім мы можам назіраць, глядзець», — адзначыў міністр спорту Сяргей Кавальчук. Да таго ж, развіццё дзіцячага спорту знаходзіцца на асаблівым кантролі ў Гомельскай вобласці, падкрэсліў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Жыхарка горада Юлія прыйшла на свята са сваёй сям’ёй — дачкой Софіяй і сынам Арцеміем — і засталася ад яго пад вялікім уражаннем: «Лічу, што такія фестывалі вельмі важныя і патрэбныя, у тым ліку маладому пакаленню. Гэта насамрэч крута. Фестываль аб’ядноўвае людзей, дорыць шмат радасці. Хацелася б, каб для моладзі праводзілі як мага больш падобнага», — адзначыла жанчына.
А затым на Цэнтральнай плошчы — спартыўна-гістарычны квэст ад Беларускай алімпійскай акадэміі па знакавых мясцінах Светлагорска. Дэлегацыя камісіі спартсменаў Расіі разам з беларускімі спартсменамі правялі майстар-класы па фігурным катанні, хакеі, адзінаборствах, веславанні, лёгкай атлетыцы... А ўнікальны тэатральны праект, спектакль «Родныя ў модным», прадэманстраваў арыгінальнасць беларускай дызайнерскай думкі. Словам, праграма фестывалю — на любы густ і характар.
Аміна НАЗАРАВА
Фота аўтара