Top.Mail.Ru
77

Як пранесці свае светлыя пачуцці праз гады, ведаюць шматдзетныя бацькі Наталля і Аляксей Жарнасекі

«У сваіх дзецях мы выхоўвалі самыя лепшыя якасці»

Як нараджаецца шчаслівая сям’я? У светлым і шчырым каханні, узаемаразуменні, павазе адно да аднаго і цёплай падтрымцы. Усе цяжкасці і жыццёвыя перашкоды пераадольваюцца лёгка, калі ёсць падтрымка родных і блізкіх людзей. Самая ж шчаслівая жанчына тая, якая бачыць, як нараджаюцца, вучацца вымаўляць першыя словы, робяць першыя поспехі і знаходзяць сваю дарогу ў жыцці дзеці, — менавіта так лічыць Наталля Жарнасек, шчаслівая матуля пяцярых дзяцей, клапатлівая жонка, руплівая гаспадыня. У 2016 годзе Наталля Дзмітрыеўна была ўзнагароджана ордэнам Маці. А летась у жніўні разам з мужам адзначылі 30-годдзе сумеснага жыцця, фарфоравае вяселле.

— Мы з Аляксеем ведаем адно аднаго практычна ўсё жыццё. Я нарадзілася ў Лепелі, а мой муж — у вёсцы Стаі Лепельскага раёна. Аднак праз некаторы час нашы бацькі пераехалі ў вёску Баброва. Яны разам працавалі, сябравалі, таму і мы заўсёды былі разам, — расказвае жанчына гісторыю нараджэння іх сям’і.

Аляксей быў старэйшы на дванаццаць гадоў, але дачакаўся менавіта сваю выбранніцу: як толькі Наталлі споўнілася васямнаццаць, ён зрабіў ёй прапанову. Дзень свайго вяселля — 22 жніўня 1995 года — муж і жонка захоўваюць у самых цёплых успамінах.

Спачатку маладая сям’я жыла ў вёсцы Баброва, у прыгожым добраўпарадкаваным доме, трымалі вялікую гаспадарку. Наталля працавала ў вясковай бібліятэцы, а Аляксей быў машыністам у мясцовай камунальнай гаспадарцы.


Праз год у маладой сям’і нарадзілася першая дачушка Дар’я. У 2000-м на свет з’явілася другая дачка — Анастасія, а праз чатыры гады ў сям’і з’явілася Таццяна. У 2009 годзе сваім нараджэннем парадаваў бацькоў і сястрычак Мацвей, а ў 2014-м у сям’і ўжо было пяцёра дзяцей — нарадзілася Мілана. З цягам часу сям’я пераехала ў Лепель.

— У сваіх дзецях мы выхоўвалі самыя лепшыя якасці: змалку вучылі іх быць адказнымі, працавітымі, шчырымі і добразычлівымі. Мы ганарымся тым, што старэйшыя дзеці цалкам змаглі рэалізаваць сябе ў абраных прафесіях, робяць значныя поспехі і малодшыя дзеці, — дзеліцца Наталля Дзмітрыеўна.

Дар’я набыла спецыяльнасць бухгалтара і ўжо стварыла сваю сям’ю. Дарагім бацькам шчаслівая матуля падарыла траіх унукаў: васьмігадовая Лізавета — трэцякласніца, а Алёшу, якога назвалі ў гонар дзядулі, сёлета споўніцца шэсць гадоў. 31 сакавіка ў маладых бацькоў нарадзілася дачка Сцеша, і сям’я стала шматдзетнай. Дар’я працуе загадчыцай групы тылавога забеспячэння ў Лепельскім РАУС. Анастасія працуе там жа — яна ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх. Як і яе старэйшая сястра, Анастасія ўжо стварыла сваю сям’ю. Трэцяя дачка, Таццяна, абрала творчую спецыяльнасць — майстра лозапляцення, цяпер жыве ў Расіі. Таццяна таксама знайшла сваё сямейнае шчасце, і маладыя бацькі з нецярплівасцю чакаюць з’яўлення першынца. Сын Мацвей змалку захапляўся праграміраваннем і цяпер вучыцца ў 11 класе Мінскага абласнога ліцэя, у будучыні жадае працаваць у галіне ІT-тэхналогій. А вось самая малодшая дачушка, Мілана, — шасцікласніца гімназіі імя І. Ерашова. Дзяўчынка не толькі добра вучыцца ў школе, але і развівае свае творчыя здольнасці — паспяхова займаецца ў Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў па класах вакалу і фартэпіяна. Акрамя таго, дзяўчынка піша вершы.

Аляксей Васільевіч не адзін дзясятак гадоў аддаў рабоце машыніста ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, за шчырую і бездакорную працу быў узнагароджаны ганаровымі граматамі, яго імя было размешчана на раённай Дошцы гонару. У цяперашні час ён працуе машыністам у філіяле «Лепельскі» ЗАТ «Віцебскаграпрадукт». Сама Наталля Дмітрыеўна працуе ў стаматалагічнай паліклініцы.

Пасталелі дзеці, старэйшыя пакінулі бацькоўскі дом. Разам з бацькамі жыве толькі малодшая дачка Мілана. Калі ж уся вялікая і дружная сям’я збіраецца разам, дзеці расказваюць пра свае поспехі, весела гамоняць унукі, бацькоўскі дом напаўняецца асаблівай радасцю.

— Сваім дзецям мы шчыра жадаем у будучыні стаць шматдзетнымі бацькамі, — гаворыць Наталля Дзмітрыеўна. — Для таго каб бацькі імкнуліся нараджаць больш дзяцей, у нашай краіне робіцца шмат. Гэта і сямейны капітал, і першачарговае жыллё з дзяржаўнай падтрымкай. Калі ў сям’і выхоўваецца трое дзяцей, дзяржава пагашае 75 працэнтаў крэдыту, а калі чатыры і больш — 100. Лічу вельмі значнай дапамогай і тое, што прадугледжана аднаразовая безнаяўная выплата пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей. Сёлета яна складае больш за 31 тысячу рублёў.

Як вядома, шматдзетныя бацькі вызваляюцца ад падаткаў на зямлю, дзеці маюць магчымасць бясплатна харчавацца ў школах, без аплаты вучыцца ў школах мастацтваў. Шматдзетныя бацькі маюць таксама 50-працэнтную зніжку пры аплаце карыстання школьнымі падручнікамі і права на адзін выхадны ў нядзелю без страты заработнай платы. І гэта далёка не ўвесь пералік ільгот, прадугледжаных для шматдзетных сем’яў.


Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

фота аўтара і з архіва шматдзетнай сям’і


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю