Аб працаўладкаванні замежнікаў на Мінскім вытворчым гарбарным аб’яднанні расказвае намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персанале МВГА Вольга Белазёрава.
— Пачалося ўсё тры гады таму, калі на «Кірмашы вакансій» мы запрасілі да сябе некалькі супрацоўнікаў з Туркменістана. Яны даволі хутка асвоіліся і ўжо самі рэкамендавалі наша аб’яднанне сваім суайчыннікам. Цяпер у нас працуюць 64 замежнікі (прыкладна 10 % калектыву), 50 з іх — грамадзяне Туркменістана. Больш за тое, сёння нават існуе чарга з жадаючых, — гаворыць намеснік генеральнага дырэктара.
Праца на вытворчасці няпростая, мае сваю спецыфіку. Часам бывае, што тыя ж мігранты з цягам часу знаходзяць іншае месца работы. Але, па словах Вольгі Белазёравай, у асноўным гэта людзі матываваныя, працуюць добрасумленна. Ёсць прыклады кар’ернага росту — з працоўных спецыяльнасцяў да начальнікаў і майстроў вытворчых участкаў.
Галоўная матывацыя — дапамога сям’і
Абазбек Рахматулаеў прыйшоў на МВГА тры гады таму. Ён выпускнік факультэта энергетычнага будаўніцтва БНТУ. Беларускую ВНУ малады чалавек абраў, прыслухаўшыся ў свой час да парад сваякоў і знаёмых, якія вучыліся раней у Мінску і захавалі пра беларускую сталіцу самыя добрыя ўспаміны.

— Калі прыехаў да вас, дрэнна размаўляў па-руску, — прызнаецца Азазбек. — У сваёй групе я быў адзін такі, і аднакурснікі-беларусы дапамаглі мне «падцягнуць» мову, за што ім вельмі ўдзячны. Пасля заканчэння ўніверсітэта вырашыў застацца ў Беларусі. Тут зарабляю прыкметна больш, чым атрымліваў бы за аналагічную работу ў сябе на радзіме. На сябе шмат не трачу, галоўная мэта — фінансава дапамагчы сям’і.
Пачынаў Абазбек як аператар кацельні. Спачатку асвоіцца са сваімі новымі абавязкамі, зразумець іх спецыфіку яму дапамагалі калегі. Дысцыплінаванасць, працавітасць, добразычлівасць маладога работніка не засталіся не заўважанымі кіраўніцтвам. Сёння ён ужо начальнік участка ачышчальных збудаванняў.
У лістападзе мінулага года Абазбек упершыню за 8 гадоў злётаў у Туркменістан пабачыцца з роднымі. Вядома, ён паспеў насумавацца па сям’і, блізкім людзям. Аднак і самотным сябе не адчувае: у Мінску акушэркай працуе яго малодшая сястра — Барчынай, з якой рэгулярна бачыцца. Акрамя таго, у Беларусі ў яго склалася кола добрых знаёмых — як з ліку сваіх суайчыннікаў, так і з ліку беларусаў.
Падлячыўся і... Затрымаўся
Акмырату Гелдзіеву 58 гадоў. Яго гісторыя не самая тыповая для працоўных мігрантаў. Упершыню ў Беларусь ён прыехаў у 2016 годзе, каб у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім. М. М. Аляксандрава выдаліць злаякасную пухліну. Аперацыя прайшла паспяхова — Акмырат вельмі ўдзячны нашым урачам за высокакваліфікаваную дапамогу.

— З таго часу стаў рэгулярна наведвацца ў Мінск, — дзеліцца ён. — Мне спадабалася ў Беларусі: прырода прыгожая, людзі добразычлівыя. І вось вырашыў тут затрымацца. Разумеў, што працаваць бухгалтарам, як на радзіме, тут не змагу. Але быў гатовы паспрабаваць сябе і на вытворчасці. Уладкаваўся абрэзчыкам скуры з верасня мінулага года. У мяне два пашпарты — туркменскі і расійскі, таму ніякіх складанасцяў у Беларусі няма.
Тут жа на МВГА працуе і адзін з сыноў Акмырата — Чэркез. Суразмоўца спадзяецца, што хутка сюды прыедзе і сынава жонка з дзецьмі, якіх, дарэчы, трое. Падзяліўся Акмырат і сваёй запаветнай марай — каб старэйшы ўнук паступіў у Мінску ў медыцынскі ўніверсітэт, стаў нейрахірургам, і, як беларускія спецыялісты, падаўжаў жыццё — і яму, і іншым.
Амаль як дома
І Абазбек Рахматулаеў, і Акмырат Гелдзіеў з сынам жывуць у арандаваных асобных кватэрах у новым доме, пабудаваным у Гатава па даручэнні Прэзідэнта. Бытавымі ўмовамі грамадзяне Туркменістана задаволены. Ужо цалкам прывыклі да беларускай кухні, лічаць яе смачнай, але перавагу ўсё ж аддаюць сваім нацыянальным стравам. Дзіўна, але абодва суразмоўцы сказалі, што нягледзячы на адрозненні ў традыцыях і рэлігіях, яны не знаходзяць вялікіх адрозненняў паміж туркменамі і беларусамі і таму не адчуваюць сябе чужымі ў Беларусі.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА