Top.Mail.Ru

Як працаўнікі-выпускнікі захоўваюць прыгажосць для новых пакаленняў

Да Новага года па школьным календары


Да першага званка застаецца больш за месяц, але якраз цяпер Камунараўская сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна пражывае найбольш незаўважныя для старонніх, але найважнейшыя тыдні падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Не так даўно гэту сельскую ўстанову адукацыі грунтоўна абнавілі — у студзені 2024 года тут завяршылася будоўля новага корпуса, і працаўнікі школы старанна імкнуцца падтрымліваць узорны парадак і ў памяшканнях, і на вельмі значнай па памеры прышкольнай тэрыторыі. У гэтым пераканалася і карэспандэнт «Звязды».


Родныя сцены

У класах і калідорах ужо ўсё гатова, і цяпер асноўныя рамонтныя работы завяршаюцца на школьным двары. Быццам дырыжыруюць малярнымі пэндзлямі — завіхаюцца каля лавак работніцы. Сярод іх — прыбіральшчык памяшканняў Антаніна ЦЕЛЯПНЁВА. Яна і сама тут вучылася, і вось амаль дваццаць гадоў працуе ў роднай школе і з году ў год адказна дапамагае ў падрыхтоўцы да навучальнага года.

— Наша школа — самая лепшая! — заяўляе Антаніна.

Побач у двары «кормяць», здаецца, неабсяжныя кветнікі іншыя працаўніцы. Пакуль фатаграфую квяцістае хараство прышкольнага двара, назіраю, як яны таксама чысцяць дарожкі, бардзюры, плітку на галоўнай пляцоўцы каля школы.

— Хочацца, каб у нас усюды было прыгожа. Усе, хто ідзе міма школы, любуюцца і будынкам, і дваром. Стараемся навесці парадак, каб было на дзясятачку! — дзеляцца працаўніцы.

Большасць супрацоўніц, як яны з гонарам прадстаўляюцца, — мясцовыя выпускніцы. Заўважна, што расказваюць пра школу як сапраўды пра свой другі дом.


Якасна і шчыра

Удалося паназіраць, як кіпіць работа і ў школьнай сталовай. Калектыў харчаблока не толькі праводзіць генеральную ўборку і рыхтуе абсталяванне да прыёмкі, але і дапамагае з рамонтам памяшканняў.


— Праводзім капітальную ўборку памяшканняў, дэзынфекцыю, чысцім усё абсталяванне, — тлумачыць шэф-повар Кацярына ЗЯЗЮЛІНА. — Вядома, робім усё гэта і на працягу навучальнага года, але перад прыёмкай школы генеральная ўборка асабліва дбайная. Сваімі сіламі разам з поварамі, кухоннымі работнікамі і кладаўшчыком зрабілі касметычны рамонт у сталовай, пафарбавалі абедзенную залу, рабочыя клалі плітку, а мы з задавальненнем падключыліся, зараз заціраем швы фугай. Хочацца, каб усё было прыгожа і па-хатняму ўтульна.

Дырэктар Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Юрый ТАРГОНСКІ вельмі ўдзячны калектыву за актыўную дапамогу ў падрыхтоўцы школы да навучальнага года:


— Нашы работнікі за гэтыя гады ўжо набілі руку і асвоілі новыя спецыяльнасці. Цяпер яны ў нас і маляры, і тынкоўшчыкі, і плітачнікі, і аддзелачнікі... Людзі працуюць вельмі якасна і шчыра.

Не толькі вучыць

Сам Юрый Аляксандравіч таксама мясцовы выпускнік, і тое, што, нягледзячы на шаноўны ўзрост, школа толькі прыгажэе, яго вельмі радуе. Сёння ў ёй вучацца 319 дзяцей.


У наступным годзе ўстанове адукацыі споўніцца 70 гадоў, аднак сваё сапраўднае другое нараджэнне яна перажыла зусім нядаўна. У пачатку 2023 года знеслі аварыйны корпус, а на яго месцы пачалі будаўніцтва новага двухпавярховага будынка з пераходнай галерэяй. І ўжо ў студзені 2024-га ён прыняў першых вучняў.

— У нас з’явілася прасторная сталовая, актавая і спартыўная залы, майстэрні для хлопчыкаў і дзяўчынак, кабінеты біялогіі і хіміі. Пачатковая школа поўнасцю пераехала ў новае крыло. Прыгожая сучасная ўстанова адукацыі атрымалася. Радуе, што для дзяцей створана ўсё неабходнае для вучобы, заняткаў спортам і пазаўрочнай дзейнасці. А ў мінулым годзе на прышкольнай тэрыторыі адкрылі вялікі стадыён з сучасным штучным пакрыццём, аб якім педагогі, вучні і іх бацькі так марылі, — расказвае дырэктар.

Цяпер увесь калектыў імкнецца падтрымліваць гэту вялікую школьную базу ў ідэальным стане. Адказная місія, вядома, і ў намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Кацярыны ЗАЙЦАВАЙ. Яна таксама мясцовая выпускніца, і ўжо хутка споўніцца 15 гадоў, як працуе ў роднай школе. Зразумела, помніць шмат чаго асабліва кранальнага, у тым ліку як у яе дзяцінстве рыхтавалі школу да першага верасня.


— За гады працы вывела дакладнае правіла, якое дапамагае ў адказны час падрыхтоўкі школы да навучальнага года. Ведаю, што ўсё паспееш, калі пачнеш своечасова. І ўсіх нашых работнікаў на гэта настройваю, — дзеліцца Кацярына Валер’еўна.

Акрамя таго, яна — ідэйны натхняльнік розных экалагічных праектаў. Установа мае сваю вялікую прышкольную гаспадарку. Ёсць і цяпліцы, і ўласныя градкі, дзе вырошчваюць агародніну, кветкі, клубніцы і маліны. Ёсць вялікі яблыневы сад. Ураджай ідзе для харчавання дзяцей у школьнай сталовай, а таксама на рэалізацыю.

— Заробленыя сродкі дапамагаюць набываць неабходныя матэрыялы для рамонту і добраўпарадкавання школы, — зазначае Юрый Таргонскі і дадае, што ў гэтым годзе па ініцыятыве Кацярыны Зайцавай узяліся за новы праект: у школьнай цяпліцы выгадавалі хрызантэму мультыфлору. Яе шарападобныя кусты высадзяць у школьных кветніках, а астатняе рэалізуюць насельніцтву. Атрыманыя сродкі таксама пойдуць на добраўпарадкаванне школы.

У жніўні да працоўнага лета далучацца і вучні, звярнуў увагу дырэктар. У лагеры працы і адпачынку хлопцы будуць рамантаваць школьную мэблю, а дзяўчынкі ў майстэрні сшыюць флагі і элементы святочнага афармлення для ўрачыстых мерапрыемстваў.

Візітная картка

Камунараўская школа вядомая ў Буда-Кашалёўскім раёне і сваімі высокімі паказчыкамі ў вучобе, спорце і творчасці. Па выніках 2025 года ўстанова была прызнана найлепшай школай раёна.

— Заўважна развіваецца наш аграгарадок Камунар, наша гаспадарка «Беларуснафта-Асобіна». Разам з вытворчасцю развіваецца і сацыяльная інфраструктура: грунтоўна абноўлены Дом культуры, будуецца жыллё. Ствараюцца маладыя сем’і, у якіх нараджаюцца будучыя вучні. Наша школа заўжды была адной з галоўных візітных картак Камунара. І гэта для нас таксама вялікая адказнасць, — падкрэслівае Юрый Таргонскі.


У тэму

У Беларусі з 1 верасня заняткі пачнуць каля 1,025 млн школьнікаў, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі. 

У ведамстве адзначылі, што з агульнай колькасці навучэнцаў 87,5 тысячы — першакласнікі, 54,5 тысячы. — навучэнцы 10-х класаў. «У новым навучальным годзе беларускія школы сустрэнуць вучняў абноўленай інфраструктурай і сучаснымі адукацыйнымі прасторамі. Свае дзверы адкрыюць больш як 2,5 тысячы школ і гімназій», — расказалі ў Мінадукацыі. Да новага навучальнага года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю дзве школы-новабудоўлі ў Мінскім раёне і Смалявічах. У свежых будынках навучальны год пачнуць сярэдняя школа № 6 Магілёва і сярэдняя школа № 3 Смалявіч.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю