Top.Mail.Ru
175

Як працавала Беларуская чыгунка пад час урагану «Уллі»?

Стальная магістраль і стальны характар

Калі пра зіму 2026 года калі-небудзь будзе зроблены мастацкі фільм як сведчанне надзейнасці і згуртаванасці беларускага народа, асобныя эпізоды ў ім будуць прысвечаны беларускай чыгунцы. Трэба толькі захаваць кадры, выкладзеныя ў сацыяльных сетках, знятыя як самімі работнікамі, так і пасажырамі. Кароткія «палявыя» ролікі машыністаў пра цыклон «Улі» сведчаць, у якіх найскладанейшых умовах ім даводзілася працаваць. А якая кранальная гісторыя з цягніком на маршруце Пінск — Мінск, які ў завіруху ўначы стаў у дарозе. Адна з правадніц, як дзяліліся відавочцы, нават аддала ўласнае паліто пасажырцы — ухутаць дзіцячую каляску. Пасажыраў, якія ноччу прыехалі ў Мінск, неабыякавыя жыхары сталіцы, якія даведаліся пра снежную праблему праз сацыяльныя сеткі, уначы, нягледзячы на моцны вецер і дрэнную бачнасць, бясплатна развозілі па дамах. Што, уласна кажучы, проста па-чалавечы.

Знайшліся ў TіkTok і тыя, хто «дапамагаў», седзячы на канапе, з’едлівымі каментарыямі: маўляў, людзі засталіся сам-насам з праблемай. Па іх логіцы праз завіруху да спыненага на некрытычны час цягніка павінен быў як мінімум прыляцець верталёт, а грамадскі транспарт Мінска працаваць і ноччу, каб развезці запозненых пасажыраў. І пасля цік-токеры таксама пільна сачылі за рухам цягнікоў і электрычак, наракалі на іх спазненні — ім раптам ну вельмі спатрэбілася кудысьці ехаць?

А тым часам супрацоўнікі чыгункі рабілі ўсё магчымае, каб забяспечыць бесперабойную работу чыгуначнага транспарту, бесперашкодны праход і бяспеку пасажыраў на станцыях і прыпыначных пунктах. Уборка снегу ішла круглыя суткі. На «снегабарацьбу», як ахрысцілі чыгуначнікі свае новыя зімовыя абавязкі, выйшлі кіраўнікі, інжынеры, спецыялісты, рабочыя.

«Зіма правярае нас на трываласць», — заўважылі чыгуначнікі. У сваіх сацсетках яны дакладвалі, што брыгады пуцявых гаспадарак пераведзены на кругласутачнае дзяжурства. «Лапаты, мётлы, скрабкі, пнеўматычная ачыстка стрэлачных пераводаў, электраабагрэў, ранцавыя паветрадуўкі — усё працуе для таго, каб цягнікі ішлі без затрымак, а пасажыры адчувалі ўпэўненасць і спакой». Была арганізавана работа па вывазе снегу снегаўборачным і аўтамабільным транспартам. Чыгуначнікаў, якія ўпершыню працавалі ў зімовых умовах, замацавалі за вопытнымі спецыялістамі. Перад выхадам у рэйс праводзіўся тэхнічны агляд транспарту. Прымаліся аператыўныя меры па вырашэнні праблем з тэхнічнымі непаладкамі і скарачэнні часу спазнення цягнікоў. Пасажыры маглі ўдакладняць інфармацыю пра работу чыгункі праз кантакт-цэнтр па нумары 105 і планаваць свае паездкі.

18 студзеня афіцыйны тэлеграм-канал БЧ паведаміў, што ўсе аб’екты чыгуначнай інфраструктуры расчышчаны цалкам. А гэта 5 565 км шляхоў, 73 пасажырскія платформы вакзалаў, 1 433 платформы станцый і прыпыначных пунктаў.

Здавалася, «снежныя» праблемы вырашаны, але, аказалася, стальныя нервы патрэбны не толькі, каб перамагчы стыхію, але і каб разабрацца са скаргамі цік-токераў.

Карыстальнікі сталі выкладаць у сеціве ролікі з абледзянелымі дзвярамі электрычак, скардзіцца на снег у тамбуры. Знайшліся і тыя, хто праз сацыяльныя сеткі абураўся, што ў цягніку холадна, а праваднікі не выдаюць коўдру бясплатна, бо на яе маюць права толькі тыя, хто аплаціць карыстанне пасцельнай бялізнай...

Трэба сказаць, што ўсё ж многія карыстальнікі сталі на абарону чыгункі, падзяліліся, што ім падчас паездкі ў цягніках не было холадна. Ёсць сярод іх і тыя, хто ездзіць чыгункай штодня і ні разу за зіму яшчэ не сутыкнуўся з падобнай праблемай.

Пад ролікамі пра снег у халодных тамбурах электрычак пакуль адны карыстальнікі пакідалі каментарыі накшталт «куды ўсё коціцца», іншыя заўважылі, што праблема раздута з паветра, няма нічога дзіўнага, што падчас паездкі дзверы абмярзаюць, а падчас пасадкі пасажыраў туды замятаецца снег. Хтосьці нават прапанаваў жартам яшчэ паабурацца наконт холаду ў пераходах паміж вагонамі. Многія заўважылі, што ствараецца ўражанне, быццам аўтары скаргаў з ТікТок упершыню селі ў электрычку. «Тамбуры ніколі не ацяпляліся», — нагадалі некаторыя пасажыры. Галоўнае, што ў салоне цёпла і месцаў там усім хапае. Заўсёды так ездзілі, а тут усе раптам сталі далікатнымі. Бывалыя нават згадалі, як у савецкі час бацькі дзецям у халодных электрычках кардонкі на падлогу клалі, каб у малых ногі не мерзлі. І ніхто не скардзіўся, бо не было сацыяльных сетак. Новаму пакаленню, якое вырасла за той час, пакуль не было сапраўдных зім, і сёння патрабуе камфорту, старэйшыя людзі раяць сядзець дома. Ці зразумець: «Гэта проста зіма!»

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю