Як вядома, указам кіраўніка дзяржавы ў краіне ўзмоцнена адказнасць наймальнікаў за замежных работнікаў. Аб сваім вопыце ўзаемадзеяння з працоўнымі мігрантамі расказаў БелТА дырэктар ТАА «Яблыневы пасад» Віктар Ружын.
Гэтая гаспадарка размешчана ў Ляхавіцкім раёне. Там заклалі 142 гектары яблыневага саду. На 5 гектарах сёння расце спаржа, на 2,5 га — клубніка. Яшчэ 42 га зойме груша «Канферэнцыя». Увосень плануецца высадзіць прыкладна на 10 гектарах яблынь і на 50-ці — вішню. Плошча немаленькая, адпаведна, патрабуецца шмат працоўных рук. У сезон уборкі ўраджаю патрэбны каля 150 чалавек. Не сакрэт, што дзе-нідзе сельская гаспадарка сутыкаецца з дэфіцытам кадраў. У тым ліку гэта падштурхнула «Яблыневы пасад» да таго, каб звярнуцца да прыцягнення на свае палеткі працоўных мігрантаў.
«У мінулым годзе, калі мы сабіралі клубніцы, да нас прыехаў на падпрацоўку грамадзянін Туркменістана. Парэкамендаваў нам сваіх знаёмых, якіх ведаў, сказаў, што будуць добра працаваць. Праз міграцыйную службу зрабілі дакументы, яны і прыехалі да нас. Працавалі тады ў нас 12 іншаземцаў», — расказаў Віктар Ружын. Зараз у садзе працуюць чатыры грамадзяніны Туркменістана. Аднак да разгару сезона колькасць працоўных мігрантаў можа павялічыцца. «Думаю, чалавек 20-30 можа быць. Цяпер яшчэ далі запыт, зрабілі дакументы. Ужо збіраюцца ехаць да нас сем’ямі: муж і жонка. Такіх некалькі пар чакаем. Для нас гэта яшчэ лепш», — дадаў кіраўнік «Яблыневага пасаду».
На работу і дадому працоўных мігрантаў возіць службовы транспарт. У садзе абсталявана кухня, дзе яны могуць паабедаць. Ёсць душ, каб памыцца пасля заканчэння працоўнага дня. «Працуюць яны вельмі добра. Тарыфная стаўка ў іх такая ж, як і ў беларусаў. Туркмены прыехалі з канкрэтнай мэтай — зарабіць грошай. Таму працуюць звышурочна, у іх выходзіць добрая зарплата, і гэта, як і ўмовы пражывання, работнікаў задавальняе», — заўважыў Віктар Ружын.
Для замежных работнікаў знялі ў вёсцы дом з усімі выгодамі. Калі патрэбная нейкая дапамога ў быце, наймальнік заўсёды адгукаецца. Напрыклад, калі людзям трэба за пакупкамі, ім даюць транспарт з кіроўцам, які адвозіць у магазін і назад дадому. Работадаўца ў цэлым адказны за знаходжанне працоўных мігрантаў у Беларусі. «Вядома, кантралюем, як яны жывуць. У асноўным у іх парадак, але быў момант, калі рабілі заўвагі за чысціню ў доме. Пасля размовы яны ўсё выправілі. Ні разу такога не было, каб не выйшлі на працу або нехта заўважаны быў у непрыемнай гісторыі. Быў адзін выпадак з алкагольным ап’яненнем — гэтага чалавека адразу ж дэпартавалі», — расказаў дырэктар.
Сур’ёзнага моўнага бар’ера паміж беларусамі і працоўнымі мігрантамі не ўзнікае. «Старэйшага па ўзросту яны слухаюцца без спрэчак і размоў. Нам дастаткова сказаць яму (ці мне, або аграному, майму намесніку), што трэба выконваць сёння. Пасля работы нехта з нас правярае работу. Усё — ніякіх пытанняў няма. Іх ведаў рускай мовы для зносін цалкам хапае», — лічыць Віктар Ружын.