Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў адзначае сёлета свой 50-ы юбілей. Навучальная ўстанова даўно зарэкамендавала сябе як месца, дзе якасна рыхтуюць кадры для культурнай сферы нашай краіны. На чатырох факультэтах, а таксама ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў сёння рыхтуюць студэнтаў па 16 спецыяльнасцях (29 прафілізацыях). А мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» і ўласны спартыўна-культурны цэнтр даюць студэнтам прастору для ўсебаковай рэалізацыі іх талентаў. Пра сённяшні дзень універсітэта і яго перспектывы размаўляем з рэктарам БДУКМ Наталляй КАРЧЭЎСКАЙ. Наша гутарка адбылася якраз у час святкавання юбілею і напярэдадні прафесійнага свята — заўтра адзначаецца Дзень работнікаў культуры.
З прафесійным святам работнікаў культуры павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. У віншаванні адзначаецца, што сёння ў сферы культуры працуюць тысячы выдатных спецыялістаў, энтузіястаў сваёй справы.
«Дзякуючы вашай плённай нястомнай дзейнасці і імкненню да пашырэння творчых гарызонтаў нашу краіну ведаюць далёка за яе межамі.
Упэўнены, што і надалей сваімі талентам, вопытам і захопленасцю вы будзеце рабіць значны ўнёсак у развіццё Беларусі, выхоўваць у падрастаючага пакалення любоў да родных вытокаў і патрыятызм, умацоўваць суверэнную беларускую дзяржаву», — гаворыцца ў віншаванні.
«Нашы выпускнікі — усюды»
— Ужо месяц, як пачаўся новы навучальны год. Якой выдалася ўступная кампанія ў вашай ВНУ?
— Сёлета яна запомнілася тым, што вырас конкурс і прахадныя балы. Гэта сведчыць, з аднаго боку, што адукацыя запатрабаваная, карыстаецца папулярнасцю ў абітурыентаў і іх бацькоў, а з другога — сведчыць пра якасць падрыхтоўкі ў тых установах, дзе вучыліся нашы абітурыенты да прыходу ва ўніверсітэт. І мы ўдзячныя тым, хто рыхтуе нам будучых студэнтаў. Вельмі важна і тое, як людзі здаюць ЦТ. Ёсць спецыяльнасці, дзе абітурыенты здаюць ЦТ па трох прадметах,адпаведна, там вельмі высокія балы. Гэта таксама радуе, бо я глыбока перакананая, што ў культуры павінны працаваць высокаадукаваныя людзі.
На спецыяльнасцях, дзе здаецца дысцыпліна «Творчасць», усё крыху па-іншаму. Там важная роля спецыяльных здольнасцяў, а людзі, якія праявілі сябе ў рэспубліканскіх ці міжнародных конкурсах, з’яўляюцца іх пераможцамі альбо лаўрэатамі, ці ўнесены ў банк даных таленавітай моладзі, могуць да нас паступаць і без уступных іспытаў. Адзначу, па выніках першага месяца такія студэнты вельмі прыстойна вучацца. У верасні студэнты ўжо паспелі паўдзельнічаць у шэрагу знакавых для нашай краіны мерапрыемствах: Дні народнага адзінства, Дні беларускага пісьменства і іншых. Студэнты былі там і ўдзельнікамі, і гледачамі, і валанцёрамі. Ім, як самі прызнаюцца, гэта падабаецца.
Спецыяліста заказвайце загадзя
— Вы адзначалі, што сёлета выраслі балы і конкурс. На якія спецыялізацыі ўбачылі найбольшы попыт?
— Аказалася запатрабаванай і істотна вырас конкурс на «Бібліятэчна-інфармацыйную дзейнасць». Гэта спецыялізацыя вельмі запатрабаваная ў работадаўцаў, але быў перыяд, калі яна не выклікала вялікага інтарэсу з боку абітурыентаў. Быў вялікі конкурс на «Сацыяльна-культурны менеджмент і камунікацыю», дзе нават на платным аддзяленні высокі прахадны бал. У прынцыпе ўсе спецыяльнасці, па якіх мы рыхтуем спецыялістаў і якія традыцыйна цікавяць будучых студэнтаў, карысталіся сёлета попытам.
— Са жніўня пачалося новае жыццё і ў маладых спецыялістаў. Ці ўсім вашым заказчыкам хапіла кадраў?
— Поўнасцю задаволіць запыт на кадры складана, але мы робім для гэтага ўсё магчымае. Часам так складваецца сітуацыя, што не ўсе арганізацыі (заказчыкі кадраў) успамінаюць пра патрэбу ў спецыялісце загадзя. А планаваць гэта ім трэба за чатыры гады, калі абітурыенты толькі прыходзяць да нас. Нават і ў такіх выпадках мы імкнёмся задаволіць існуючыя заяўкі. Аднак у першую чаргу малады спецыяліст паедзе туды, дзе пра гэта паклапаціліся раней за іншых. Плюс важна, каб арганізацыя прадаставіла маладому спецыялісту месца ў адпаведнасці з яго кваліфікацыяй і на поўную стаўку.
Тэхналогіі і кантакты на карысць
— Наколькі і ў якіх абласцях запатрабавана адукацыя, якую дае ваша ВНУ, сярод замежных студэнтаў?
— Сёлета мы ўпершыню правялі «Летнюю школу» для замежных студэнтаў. Гэта наш сумесны праект з Чжэньчжонскім педагагічным універсітэтам. І ўсвядомілі, што замежныя студэнты патрабуюць яшчэ больш часу для адаптацыі ў навучальным працэсе ў нашай краіне. Таму прапанавалі варыянт, калі яны могуць на месяц прыехаць да нас, каб паглядзець Беларусь і ўмовы навучання па тых кірунках, якія ім цікавыя. Спадзяёмся, пасля частка з іх вернецца да нас у якасці студэнтаў. Традыцыйна замежных студэнтаў цікавяць такія спецыяльнасці, як, напрыклад, калі кажам пра Кітай, «Харэаграфічнае мастацтва», «Музычнае мастацтва эстрады», «Харавая творчасць». Па «Мастац-
твазнаўстве» ў нас ёсць магістарскія праграмы на рускай і англійскай мовах, «Арт-менеджмент» — на англійскай мове. На спецыяльнасці «Культуралогія» можна вучыцца на рускай альбо англійскай мове. Сёлета мы сталі актыўней працаваць з Афрыканскім кантынентам, упершыню выбралі наш універсітэт японцы. Узаемадзеянне прысутнічае.
— На ваш погляд, як штучны інтэлект уплывае на сегмент творчых прафесій?
— Я не футуролаг і не вялікі эксперт па гэтай частцы, але, як усе мы бачым, штучны інтэлект развіваецца хутка. Ён, вядома, мае як свае перавагі, так і нясе пэўныя пагрозы. Напрыклад, дваццаць пяць гадоў таму і смартфонамі мы не карысталіся, і яны былі нам не патрэбныя, а цяпер без іх складана. Таму і ў выпадку са ШІ многае залежыць ад таго, як гэты інструмент будзе выкарыстоўвацца. У нас ён прысутнічае практычна ва ўсіх спецыяльнасцях. І распрацоўваецца асобная дысцыпліна, каб студэнты разумелі, як з ім працаваць. Спадзяюся, што канчаткова ШІ не заменіць людзей у сферы культуры. Але нельга не ўлічваць яго развіццё. Трэба разумець усе сучасныя тэхналогіі і вучыць студэнтаў выкарыстоўваць іх на карысць і стварэнне.
— Наталля Уладзіміраўна, што ў паўвекавой гісторыі ўніверсітэта, які вы ўзначальваеце, выклікае ў вас гонар і ўдзячнасць?
— Я асабіста ўдзячная, у поўным сэнсе гэтага слова, за ўсё, таму што ў гэтых сценах прайшла большая частка майго жыцця. Тут я вырасла, сфарміравалася як асоба і да сёння фарміруюся як чалавек. Таму я ўдзячная за тое, што тут атрымала адукацыю, знайшла сяброў, што склалася ў прафесіі і атрымала свой вопыт кіраўніка. Для мяне гэты ўніверсітэт — яшчэ і вельмі асабістая гісторыя, бо тут некалі вучылася мая родная цётка. І я ганаруся тым, што цяпер, праз 50 гадоў, няма, мабыць, ніводнай установы культуры ці іншых сфер, у якіх існуюць пасады, суадносныя тым, па якіх мы рыхтуем, каб там не было нашых выпускнікоў. Гэта асаблівае пачуццё.
— Якім вы бачыце жыццё БДУКМ на новым вітку гісторыі?
— Хочацца, каб наш дарагі ўніверсітэт развіваўся. Нават калі будуць здарацца памылкі. І каб ён заўсёды заставаўся маладым. Для навучальнай установы 50 гадоў — не ўзрост, а толькі пачатак.
Я жадаю, каб у нас захоўваліся традыцыі, адбываліся пошукі новага і цанілася тое, што маем.
Алена ДРАПКО
Фота Лізаветы ГОЛАД