Top.Mail.Ru

Як працуе лепшы КОТГС Мінска

Вопыт Маскоўскага раёна прадставілі на гарадскім семінары


У Мінску прайшоў гарадскі семінар на тэму «Вопыт работы адміністрацыі Маскоўскага раёна з насельніцтвам праз органы мясцовага самакіравання». Удзельнікі абмеркавалі, як актывісты калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ўплываюць на жыццё сваіх мікрараёнаў, чаму іх вопыт стаў перадавым і што могуць пазычыць у якасці цікавостак іншыя раёны сталіцы. На сёння ў Мінску дзейнічае 118 такіх органаў, і іх работа асабліва актывізуецца ў сезон добраўпарадкавання.


Старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран расказаў, што адной з задач, якую бачна ў такіх сустрэчах — гэта магчымасць пазнаёміць са сваёй працай жыхароў іншых раёнаў. «Каб яны абменьваліся вопытам. І каб яшчэ раз нагадаць аб парадку работы, аб нарматыўна-прававых актах, якія рэгулююць гэту дзейнасць. Усё ж такі гэта грамадскія аб’яднанні, таму часам мы бачым памылкі, якія неабходна выпраўляць».

Арцём Цуран заўважыў, што людзі самі ініцыююць змены: новыя малыя архітэктурныя формы, нават выкананыя сваімі рукамі. Гэта ўнікальны вопыт узаемадзеяння з насельніцтвам, з дзецьмі, патрыятычнае і экалагічнае выхаванне. Такі вопыт вельмі каштоўны для горада. Мы будзем падтрымліваць такіх людзей і знаёміць нашых жыхароў з магчымасцю добраўпарадкавання абсалютна любой кропкі горада«, — дадаў ён.


Па выніках 2025 года лепшым у сталіцы быў прызнаны КОТГС № 116 Маскоўскага раёна. Яго старшыня Андрэй Тапаз расказаў, дзякуючы чаму іх камандзе ўдалося дасягнуць такіх вынікаў. Паводле яго слоў, сакрэт поспеху — у калектыўным падыходзе і жаданні зрабіць жыццё жыхароў раёна лепшым. За апошнія пяць гадоў іх КОТГС прайшоў шлях ад трэцяга месца да першага. І галоўнае, што адзначыла журы, — канкрэтныя справы, а не папяровыя справаздачы.

Яркі прыклад — зона адпачынку каля дома 119 па вуліцы Слабодскай. Гэта месца, дзе сёння маладыя мамы з каляскамі, людзі з абмежаванымі магчымасцямі і пажылыя жыхары могуць нікуды не ехаць, а проста выйсці з дому і пабыць на свежым паветры. «Мы высадзілі дрэвы, паставілі лавачкі, арганізавалі невялікую дзіцячую пляцоўку з малымі архітэктурнымі формамі, — расказвае Андрэй Тапаз. — Гэта жывая зона, дзе людзі сустракаюцца, размаўляюць, дапамагаюць адно аднаму». На семінары спецыялісты адзначылі, што менавіта такія праекты — калі людзі самі ініцыююць змены, недзе сваімі рукамі ўсталёўваюць лавачкі або абсталёўваюць дзіцячыя пляцоўкі — з’яўляюцца ўнікальным вопытам узаемадзеяння з насельніцтвам. Нядаўна на гэтай жа пляцоўцы знаёмілі з добраўпарадкаваннем двара — як людзі разам з дзецьмі змаглі палепшыць месца свайго пражывання.


За развіццё грамадскай актыўнасці ў Маскоўскім раёне адказвае Таццяна Шубко, намеснік дырэктара па сацыяльных пытаннях і рабоце з насельніцтвам «ЖКГ № 1 Маскоўскага раёна г. Мінска». Яна расказала, што сёння ў раёне вельмі шмат неабыякавых людзей, якіх аб’ядноўвае тэрыторыя пражывання.

«Гэта нашы актыўныя грамадзяне — бабулі, хатнія гаспадыні, нават звычайныя настаўнікі, — кажа Таццяна Шубко. — Яны аб’ядноўваюцца па інтарэсах і робяць свой двор, свой мікрараён нашмат лепшым і прыгажэйшым».

На пытанне, як прыцягваць людзей, адказ просты: жывыя зносіны. Калі выходзіш на тэрыторыю і бачыш, як пажылая жанчына нешта робіць на сваёй клумбе — вось ужо гатовы актыўны жыхар. Менавіта так у мінулым годзе выбралі «Мінчанку года». Пераможцай стала Валянціна Сцяпанаўна Асаёнак — жанчына, якая на працягу 20 гадоў сваімі рукамі ўпрыгожвала клумбы.

КОТГСы праводзяць святы двароў і дваровыя сходы, запрашаюць галоўныя службы. Нядаўна прайшоў вялікі дваровы сход з удзелам ратавальнікаў, хуткай медыцынскай дапамогі, Мінгазу. Дзецям і дарослым паказвалі правілы бяспекі, а супрацоўнікі хуткай дапамогі праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы — паказвалі, як аказваць першую дапамогу.


Усяго ў Маскоўскім раёне дзейнічае 17 КОТГСа, у якія ўваходзяць 153 чалавекі. Штоквартальна падводзяцца вынікі: першае месца атрымлівае адзін КОТГС, яшчэ два — прызавыя месцы, і тры — трэція. Па выніках года лепшы з іх вылучаецца на гарадскі конкурс. Пераможцы атрымліваюць грашовыя выплаты: 50 % сродкаў ідзе на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, яшчэ 50 % — на заахвочванне актывістаў.

Адна з тых, каму не ўсё роўна, — Зоя Ермантовіч, жыхарка вуліцы Рафіева. Ёй 70 гадоў, яна дзіцячы доктар, і сядзець на лавачцы, як кажа сама, не ўмее. На апошнім веснавым субботніку яна правяла для ўсіх удзельнікаў дыхальную гімнастыку. Людзям спадабалася. Пасля гэтага разам прыбралі тэрыторыю. «Калі выходзіш на пенсію, я не магу сядзець без справы, — расказвае Зоя Сцяпанаўна. — Я не магу сядзець на лавачцы разам з усімі астатнімі бабулямі. Мне хочацца ствараць добрыя справы. Кожны дзень прачынаюся і думаю: што сёння добрага я зраблю?» Ідэю з ранішняй гімнастыкай яна прывезла з Кітая і В’етнама. Спачатку абышла пад’езды, расказала пра сваю задуму. У першую нядзелю а 9-й раніцы выйшла чалавек 15–20, многія з дзецьмі. А паколькі яна дзіцячы доктар, да кожнага гарэзы знайшла падыход.


Яшчэ адзін актывіст — Алег Гарбуноў. Яму хутка 64, за плячыма ваенная служба, а зараз — грамадская работа, якая не спыняецца ні на дзень. «Я ганаруся тым, што паспяваю, як афіцэр, усюды. Літаральна гадзіну таму праводзіў навучальныя палявыя зборы для дзесяцікласнікаў усяго Кастрычніцкага раёна, упершыню ў гэтым годзе. У лагеры „Гастэла“», — расказвае ён. — На зборы прыехалі пошукавікі і распавялі, як знайшлі месца гібелі экіпажа Гастэлы. Праз год на гэтым месцы будзе ўзведзены манумент, яго аўтар — народны мастак Беларусі Іван Міско. Яму 94 гады, але, кажа Алег, ён у выдатнай фізічнай форме і бывае на ўсіх мерапрыемствах з удзелам касманаўтаў. Алег Гарбунаў кіруе ваенна-патрыятычным выхаваннем у 56-й гімназіі — лепшай у сталіцы, як ён сам гаворыць. А праз тыдзень ідзе атрымліваць пятую вышэйшую адукацыю. «Найперш, я пачынаю з сябе. У прабежцы — наперадзе. На зарадцы — паказваю як трэба. „Рабі, як афіцэр, рабі, як я“ — вось мой дэвіз», — кажа ён.

На семінары таксама адзначылі, што задача падобных сустрэч — не толькі пазнаёміць жыхароў іншых раёнаў з дасягненнямі калег, але і нагадаць аб нарматыўна-прававой базе, якая рэгулюе дзейнасць гэтых органаў. Бо часам актывісты дапускаюць памылкі, якія неабходна выпраўляць. Аднак галоўная выснова — жыццё ў мікрараёне мяняецца толькі тады, калі самі жыхары бяруць у гэтым удзел. Актывісты КОТГС-116 робяць свой двор утульным, чыстым і жывым. Проста таму, што хочуць, каб побач было добра. Іх вопыт рэкамендаваны для вывучэння і распаўсюджвання па ўсім Мінску.

Надзея ЗУЕВА

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю