Top.Mail.Ru

Як працуе найлепшы ТЦСАН Беларусі?

На тэрыторыі Віцебскай вобласці функцыянуюць 25 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У кожнага — свае метады і формы работы з падапечнымі, аднак Пастаўскі ТЦСАН, безумоўна, можна назваць лідарам у якасці аказання паслуг пажылым і інвалідам, бо не першы год установа становіцца найлепшай у краіне. Па выніках мінулага года калектыў сацыяльных работнікаў з Пастаў таксама названы пераможцам спаборніцтваў у сферы сацыяльнага абслугоўвання.


Увага — кожнай катэгорыі

У структуры Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра функцыянуюць дзевяць аддзяленняў. З мэтай забеспячэння даступнасці сацыяльных паслуг і аказання іх грамадзянам у кастрычніку і лістападзе 2024 года ў аграгарадках раёна Навасёлкі і Камаі былі адкрыты стацыянарныя сацыяльныя пункты.

  • Па выніках мінулага года сацыяльнымі паслугамі ТЦСАН былі ахоплены каля 2000 пажылых людзей, інвалідаў, сем’яў з дзецьмі. На сёння абслугоўваннем па месцы жыхарства ахоплены 1053 чалавекі — гэтаму спрыяе шырокая інфармацыйная дзейнасць і выяўляльны прынцып работы сацыяльных работнікаў.

Кругласутачны догляд непрацаздольным грамадзянам, якія не могуць пражываць самастойна, забяспечваюць два аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў на 50 месцаў у Паставах і гарадскім пасёлку Лынтупы. За мінулы год 69 чалавек атрымалі паслугі ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання, там з падапечнымі вядзецца мэтанакіраваная работа па рэабілітацыі і прафілактыцы дэменцыі, стварэнні сістэмы камфортнага прасторавага і тэрапеўтычнага асяроддзя. З мэтай уключэння ў актыўную дзейнасць для насельнікаў арганізавана работа трох гурткоў і дзесяці клубаў па інтарэсах.

Асаблівую ўвагу спецыялісты цэнтра ўдзяляюць людзям, якія толькі выйшлі на пенсію і маюць патрэбу ў адаптацыі да новых умоў і пастаянным доглядзе. У ТЦСАН функцыянуюць тры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян, якія на пастаяннай аснове наведваюць 244 чалавекі. Такія ж паслугі аказваюць два стацыянарныя сацыяльныя пункты, якія наведваюць 36 чалавек. Для таго, каб людзі «залатога ўзросту» змаглі знайсці сяброў і адчуваць сябе камфортна, арганізавана работа 39 клубаў і гурткоў рознай накіраванасці.

Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў і аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у гарадскім пасёлку Варапаева наведваюць 97 чалавек. Там адкрыты чатыры майстэрні: швейная, рамесніцкая, працоўная і фатаграфічная. Сацыяльныя работнікі змагаюцца за кожнага падапечнага, каб той зноў быў прыняты соцыумам і знайшоў працоўнае месца. Летась адзін чалавек з асаблівасцямі здароўя прайшоў адаптацыю да працы па прафесіі «рабочы», яшчэ адзін працягвае праходзіць адаптацыю па прафесіі «спецыяліст па сацыяльнай рабоце». Адзін з такіх пазітыўных прыкладаў — інвалід ІІ групы Алёна Жэймо, якая ў цяперашні час працуе ў цэнтры майстрам па вытворчасці рытуальных вянкоў. Наведвальнікі гурткоў і майстэрняў вырабляюць пасцельную бялізну, абрусы, сурвэткі, прадукцыю з ратангу, фаамірану і ізалону.

Побач у любой сітуацыі

Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр лідзіруе ў вобласці і па аб’ёме аказання сацыяльных паслуг. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі прапаноўваецца паслуга персанальнага асістэнта, у рамках якой інвалідаў вучаць абслугоўваць сябе самастойна, дапамагаюць планаваць і арганізоўваць рэжым дня, прымаць рашэнні ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый, наладжваць камунікацыю з грамадствам. Персанальны асістэнт ад 20 да 60 гадзін у месяц суправаджае чалавека з інваліднасцю, улічваючы індывідуальныя запыты падапечнага. Летась такой паслугай скарысталіся 47 чалавек.

Для грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у цэнтры функцыянуе аддзяленне комплекснай падтрымкі. Паслуга сацыяльнага патранату ў мінулым годзе аказана 106 сем’ям. Асаблівую ўвагу сацыяльныя работнікі ўдзяляюць рабоце па максімальным ахопе паслугамі і пастаноўцы на ўлік дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў. За мінулы год такіх было 23.

Непрацаздольным грамадзянам ТЦСАН прапануе атрымаць паслугі сядзелкі, летась імі скарысталіся 56 грамадзян. Паслугі пагадзіннага догляду дзяцей — нянькі — атрымалі 14 сем’яў, з іх сем выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.

Дзеля падапечных

Яшчэ адзін кірунак паспяховай дзейнасці Пастаўскага ТЦСАН — рэалізацыя праектаў рознай тэматыкі, якія накіраваны на павышэнне якасці жыцця падапечных. Летась цэнтр рэалізаваў восем сацыяльных праектаў, у рамках якіх дапамогу атрымалі больш за 800 чалавек.

Праект «Ты не адзін» прызнаны пераможцам конкурсу «105 ідэй для развіцця галіны», арганізаванага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта — выяўленне праблемных пытанняў бацькоў-адзіночак і пошук іх вырашэння ва ўзаемадзеянні адно з адным і са спецыялістамі цэнтра.

Праект «У гармоніі з прыродай» у мінулым годзе перамог у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў на тэрыторыі Віцебшчыны. У рамках праекта на тэрыторыі, прылеглай да аддзялення дзённага знаходжання ў г. п. Варапаеве, будзе створана шматфункцыянальная інклюзіўная прастора для паляпшэння фізічнага і псіхаэмацыянальнага стану пажылых людзей і інвалідаў. Ужо зроблены закупкі неабходнага абсталявання і інвентару для рэалізацыі праекта, а цяпер калектыў займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Афіцыйнае адкрыццё пляцоўкі плануецца ў жніўні 2025 года.

Працягвае дзейнічаць праект «Аказанне сацыяльна-бытавой падтрымкі ахвярам нацызму», які рэалізоўваецца ў рамках заключанага ў 2022 годзе дагавора з міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемаразуменне». Згодна з апошнім, былым вязням месцаў прымусовага ўтрымання і іншым пажылым людзям, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года, на бязвыплатнай аснове аказваюцца санітарна-гігіенічныя паслугі (мыццё ў лазні-бочцы, стрыжка валасоў і іншае) і паслугі па мыцці, сушцы і прасаванні пасцельнай бялізны і адзення.

«Здаецца, што Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва звонку нічым не адрозніваецца ад астатніх такіх жа ўстаноў у краіне, аднак дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву, дакладна сфармуляваным мэтам, правільнаму планіраванню і размеркаванню задач, цэнтр дасягнуў лідарскіх пазіцый і стараецца іх утрымліваць. І, вядома, кожны работнік установы ў сваёй дзейнасці кіруецца простым правілам: «Не бывае не нашых людзей», — заключыла намеснік дырэктара Вольга Антух.

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю