У студзені адзначылі 30-годдзе два спецыяльныя фонды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — па падтрымцы таленавітай моладзі і па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Прэзідэнцкая стыпендыя для маладых вучоных — не толькі форма матэрыяльнай падтрымкі, але і важны знак даверу да тых, хто сёння фарміруе навуковую будучыню краіны. Падрабязнасці даведаліся ад саміх стыпендыятаў.
Бяспечныя асновы лекавых прэпаратаў
Навуковы супрацоўнік НДІ фізіка-хімічных праблем Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіслаў Агароднікаў працуе над стварэннем новых бяспечных асноў для лекавых прэпаратаў. Гаворка ідзе пра распрацоўку спецыяльных матэрыялаў, якія дазваляюць вядомым лекам дзейнічаць больш эфектыўна: даўжэй, мякчэй, дакладна ў патрэбным месцы і з меншай колькасцю пабочных эфектаў.
Паводле слоў даследчыка, менавіта міждысцыплінарнасць — на стыку хіміі і медыцыны — робіць гэту тэму асабліва складанай і адначасова цікавай. Акрамя таго, яна мае выразнае сацыяльнае значэнне, бо накіравана не толькі на тэорыю, але і на рэальнае паляпшэнне якасці жыцця людзей.
Сёння распрацоўкі каманды ўжо арыентаваныя на канкрэтныя медыцынскія задачы — лячэнне хранічных ран, прымяненне ў анкалогіі, прафілактыку пасляаперацыйных ускладненняў. Прэпараты знаходзяцца на стадыі клінічных выпрабаванняў, і прамежкавыя вынікі, як адзначае вучоны, пацвярджаюць перспектыўнасць абранага падыходу. У далейшых планах — завяршэнне ўсіх неабходных працэдур і ўкараненне распрацовак у медыцынскую практыку.
Асобную ролю ў навуковай дзейнасці Уладзіслаў Агароднікаў адводзіць падтрымцы навуковай супольнасці, кіраўнікоў і калектыву. Ён упэўнены: сучасная навука — гэта заўсёды камандная праца, дзе важныя не толькі ідэі, але і абмеркаванне, узаемная падтрымка, абмен вопытам і магчымасць пазбягаць ужо вядомых памылак.
— Без моцнай каманды сёння практычна немагчыма зрабіць сур’ёзны прарыў, — адзначае ён. — А навуковы кіраўнік часта вызначае не толькі кірунак даследавання, але і атмасферу, у якой фарміруецца малады спецыяліст.
Разважаючы пра тое, што робіць маладога вучонага паспяховым, Уладзіслаў Агароднікаў падкрэслівае: адных толькі акадэмічных ведаў недастаткова. Важныя ўменне камунікаваць, працаваць у камандзе, дысцыпліна і цярпенне. Менавіта здольнасць сістэмна працаваць і даводзіць задачы да канца, на яго думку, часта адыгрывае вырашальную ролю.
Сваю навуковую мару даследчык фармулюе як канкрэтную мэту — абарона дысертацыі і атрыманне ступені кандыдата хімічных навук. Ён прызнаецца, што разумее маштаб адказнасці і прыкладае максімум намаганняў, каб ужо ў найбліжэйшы час дасягнуць гэтага этапу.
Для Уладзіслава атрыманне стыпендыі з фонду Прэзідэнта стала значнай падзеяй і прафесійным прызнаннем. Ён адзначае, што ў навуцы вынікі не заўсёды відавочныя адразу: гэта доўгі шлях, які патрабуе цярпення, шматлікіх праверак і штодзённай руціннай працы. Таму дзяржаўная падтрымка на такім узроўні ўспрымаецца як пацвярджэнне правільна абранага кірунку і дадатковы стымул рухацца далей.
— Гэта, безумоўна, матывуе працягваць даследаванні, развівацца і даводзіць пачатыя праекты да практычнага выніку, — падкрэслівае вучоны.
Атрыманую стыпендыю Уладзіслаў Агароднікаў плануе выкарыстаць для важнага жыццёвага кроку — набыцця ўласнага жылля. У Мінску ён жыве ўжо больш за дзесяць гадоў і цяпер сур’ёзна разглядае магчымасць пакупкі кватэры.

У дапамогу аграномам
Цэнтральнае месца ў навуковай рабоце старшага навуковага супрацоўніка НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі БДУ Глеба Літвіновіча сёння займае развіццё аптычных і спектральных метадаў даследаванняў для дакладнага земляробства. Ён займаецца распрацоўкай аптычных прыбораў і спосабаў іх практычнага выкарыстання.
— З развіццём дронаў з’явіліся новыя магчымасці: можна кантраляваць палі, адсочваць стан пасеваў, уплываць на ўраджайнасць, — тлумачыць вучоны. — Наша задача — стварыць просты і карысны інструмент, зразумелы для канчатковага карыстальніка: агранома або фермера.
Для яго навука — творчы працэс, у якім важна захоўваць унутраны агонь. Сярод ключавых якасцяў паспяховага маладога даследчыка Глеб Літвіновіч называе цэласнае бачанне свету, настойлівасць і гнуткасць.
— Важна не толькі ведаць, але і разумець, як усё ўзаемазвязана. І быць гатовым мяняць падыходы, бо навука развіваецца вельмі хутка.
Ёсць у вучонага і свая асабістая мара — ціхая, але вельмі асабістая.
— Хачу, каб калі-небудзь маё дзіця карысталася тым, што я распрацаваў. Каб гэта проста працавала, а сын ці дачка не задумваліся над тым, колькі працы за гэтым стаіць, а я проста мог сказаць: «Гэта зрабіў твой бацька». І гаворка тут не пра славу, а пра жаданне пакінуць пасля сябе нешта сапраўды карыснае.
Прэзідэнцкая стыпендыя стала не проста фінансавай падтрымкай, а важным сігналам: яго праца заўважаная і патрэбная.
— Калі ты малады вучоны, толькі што абараніў кандыдацкую, і дзяржава адзначае тваю працу, з’яўляецца разуменне, што ўсё гэта недарэмна, — дадае ён.
Большую частку стыпендыі навуковец плануе ўкласці ў павышэнне ўласнай кваліфікацыі: адукацыйныя курсы, знаёмства з новымі методыкамі, удзел у семінарах. У яго галіне, падкрэслівае Глеб Літвіновіч, важна пастаянна трымаць руку на пульсе сусветных навуковых тэндэнцый. Пры гэтым стыпендыя дае і пэўную жыццёвую стабільнасць — тую падушку бяспекі, якая дазваляе спакайней глядзець у будучыню.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ