Top.Mail.Ru

Як працуюць новаўвядзенні для карыстальнікаў СПМ

З 1 верасня ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Правілаў дарожнага руху, якая мяняе падыходы да вызначэння статусу сродкаў персанальнай мабільнасці (СПМ). Пра галоўныя змены расказаў намеснік начальніка ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс ЛІВАНОВІЧ.


Рэгістрацыя, права, шлем

Самая прынцыповая навіна — карыстальнікі СПМ больш не лічацца пешаходамі. Цяпер яны прыраўноўваюцца да веласіпедыстаў. «Тэрмін „сродак персанальнай мабільнасці“ таксама змяніўся. Гэта аднаколавы альбо шматколавы транспартны сродак з канструктыўнай хуткасцю не больш за 25 км/г, прызначаны для перамяшчэння толькі аднаго чалавека з дапамогай выкарыстання электрарухавіка», — адзначыў Дзяніс Лівановіч.

Ключавы крытэрый — хуткасць. Калі транспарт можа разганяцца больш за 25 км/г, ён ужо адносіцца да катэгорыі мапедаў ці матацыклаў. У такім выпадку патрабуюцца катэгорыі на права кіравання, рэгістрацыя, страхаванне, а таксама наяўнасць шлема. Для такіх сродкаў дзейнічае спрошчаны парадак рэгістрацыі да 1 верасня 2026 года.

Абавязкі і адказнасць

Адным з найбольш прыкметных новаўвядзенняў стала патрабаванне спешвацца на пешаходных пераходах.

Выключэнні магчымы толькі ў выпадках:

  1. руху на скрыжаванні па веласіпедным пераездзе або не далей чым 1 м ад правага краю праезнай часткі дарогі;
  2. калі па пешаходным пераходзе або велапераездзе рух рэгулюецца веласвятлафорамі або спецыяльнымі таблічкамі;
  3. пры перасячэнні праезных частак па лініі тратуараў або абочын, саступаючы дарогу іншым транспартным сродкам (напрыклад, калі тратуар перасякаецца з выездамі з прылеглых дваровых тэрыторый).

«Аднак калі ёсць „зебра“ ці сумешчаны пераход з велапераездам і няма веласвятлафора ці таблічкі, то абавязкова трэба спешвацца», — удакладніў прадстаўнік ДАІ.

Правілы цяпер падрабязней рэгламентуюць хуткасны рэжым: па веладарожках можна ехаць з хуткасцю не больш за 25 км/г, а па тратуарах — не больш за 10 км/г. Пры гэтым каб ехаць па тратуары, маса СПМ павінна быць не больш чым 35 кг. Таксама з’явілася новая норма: забарона руху на СПМ у пешаходных зонах.

За парушэнні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць:

  • ад 1 да 3 базавых велічынь — за агульнае парушэнне;
  • ад 3 да 5 базавых велічынь — калі парушэнне здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення;
  • ад 3 да 8 базавых велічынь — калі дзеянні стварылі аварыйную абстаноўку.

Стаўка на прафілактыку

Пры гэтым, як паведаміў Дзяніс Лівановіч, ДАІ ў першую чаргу робіць стаўку на прафілактыку і тлумачальную работу, а не на штрафаванне, бо норма аб хуткасці прызначана для павышэння свядомасці карыстальнікаў. «У выпадку ДТЗ, калі ёсць відэафіксацыя і відавочнае перавышэнне хуткасці, дзеянням будзе дадзена юрыдычная ацэнка. Але галоўнае — гэта прафілактыка і адказнасць саміх грамадзян», — растлумачыў прадстаўнік Дзяржаўтаінспекцыі.

Асобную ўвагу ДАІ звяртае на дзяцей, якія карыстаюцца электрасамакатамі. «Бацькам трэба самім абнавіць у памяці правілы дарожнага руху і растлумачыць іх дзецям. Варта кантраляваць, якім самакатам карыстаецца дзіця, дзе і ў якой кампаніі, бо нават стандартны можна „разблакіраваць“ на хуткасць да 50 км/г, што вельмі небяспечна. Таксама нагадваем, што дзецям, якія не дасягнулі 14 гадоў, дазваляецца кіраваць сродкамі персанальнай мабільнасці толькі на тэрыторыі жылых зон», — падкрэсліў намеснік начальніка ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Што кажуць карыстальнікі?

Новыя правілы дарожнага руху выклікалі актыўнае абмеркаванне ў тых, хто найбольш часта карыстаецца СПМ. Размовы з самакатчыкамі і веласіпедыстамі паказалі: людзі гатовыя да змен, але, па іх меркаваннях, пакуль ёсць над чым працаваць. Над тым жа спешваннем, напрыклад.

— Можа, гэта як-небудзь адрэгуляваць? Проста пакуль я даеду да Камароўкі, трэба спыняцца і спешвацца восем разоў... — падзялілася веласіпедыстка Вікторыя.

— Для ўласнай бяспекі лепш спешвацца. Гэта галоўны прынцып, на якім трымаюцца ўсе новаўвядзенні, — растлумачыў ёй інспектар ДАІ.

Такія дыялогі — звычайная справа. Для адных частыя спыненні выглядаюць нязручнымі, для іншых гэта натуральная неабходнасць дзеля бяспекі. Таксама сваімі думкамі падзялілася самакатчыца Дар’я: «З правіламі азнаёмлена. Спецыяльна пыталася ў інспектара, у якіх выпадках трэба абавязкова спешвацца. Правілы зручныя, думаю, так усім будзе лягчэй».

Яшчэ адзін карыстальнік адзначае: 

«Рухацца мы пачнём больш арганізавана. У выніку гэта толькі плюс для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху».

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Чытайце таксама: Язда па новых правілах: што трэба ведаць уладальнікам самакатаў і мапедаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю