Top.Mail.Ru
88

Як Праваслаўная Царква працуе на духоўнае развіццё

Знайсці свой шлях да храма

У мінулым годзе па прапанове кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі вядучыя традыцыйныя канфесіі вызначылі духоўныя цэнтры. У Беларускай Праваслаўнай Царквы такімі прыстанкамі веры з'яўляюцца Свята-Успенскі Жыровіцкі мужчынскі  манастыр і Полацкі Спаса-Ефрасінеўскі жаночы манастыр. «Гэта нашы вытокі, месцы, звязаныя не толькі з верай, але і з мараллю, гісторыяй і культурай нашага народа» , — падкрэсліў значнасць духоўных цэнтраў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей Герасіменя.

Беларусь мае каштоўны вопыт і па выстройванні міжканфесійнага дыялогу, і па адраджэнні веры пасля няпростага перыяду, калі ў савецкія часы рэлігія была амаль забаронена. Намеснік старшыні Сінаідальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Дзімітрый Харошка заўважыў, што духоўнасць заўсёды захоўвалася народам. Ён успомніў, як у пачатку 1990-х людзі масава пачалі звяртацца ў царкву, святары хрысцілі па 300–400 чалавек у дзень. Шмат зроблена па адраджэнні святынь, людзі падарожнічаюць па святых месцах, расце колькасць паломнікаў, але яшчэ трэба прыкласці нямала намаганняў, каб адрадзіць рэлігійныя традыцыі, каб людзі прыходзілі ў царкву не проста паставіць свечку, а адчувалі храм родным домам, шукалі там адказы на духоўныя пытанні.

Пасланне Ефрасінні

Сёння ў манастырах вядзецца вялікая работа для таго, каб дапамагчы людзям знайсці свой шлях да храма. Як расказала настаяцельніца Полацкага Спаса-Ефрасінеўскага жаночага манастыра ігумення Еўдакія, у планах духоўнага цэнтра на 2026 год — расшырэнне адукацыйных праектаў. На базе духоўна-асветніцкага цэнтра манастыра праходзіў круглы стол з удзелам працоўнай моладзі, адбыліся сустрэчы і са шматдзетнымі парамі з розных абласцей Беларусі. Падчас сустрэчы з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі Полацка і Полацкага раёна сёлета былі абмеркаваны актуальныя пытанні па духоўна-маральным выхаванні пакалення, якое падрастае, захаванні традыцыйных каштоўнасцяў. Сёстры рэгулярна сустракаюцца са школьнікамі.

Адкрыты на тэрыторыі манастыра пасля рэстаўрацыі Спаса-Праабражэнскі храм сёння дае магчымасць не проста пазнаёміцца з унікальнымі фрэскамі ХІІ стагоддзя. Як заўважыла ігумення Еўдакія, у гэтай спадчыне Прападобнай Ефрасінні Полацкай закладзена цэласная сістэма духоўнага выхавання, якая дазваляе сёння выстройваць асветніцкую работу, праводзіць мерапрыемствы, на якіх уздымаюцца тэмы міласэрнасці, служэння іншым, патрыятызму. Вобразы святых на фрэсках становяцца эфектыўным інструментам выхавання ў ХХІ стагоддзі. Рэстаўрацыя і захаванне такога ўнікальнага аб’екта, як гэты храм, — няспынны працэс, які патрабуе спецыяльнага клімату і падтрымкі спецыялістаў.

У манастыры вядзецца работа па стварэнні выставачнай прасторы. Тут будуць праводзіцца тэматычныя сустрэчы, на якіх людзі змогуць убачыць святыні.

Плануецца пашырыць дзейнасць нядзельнай школы, стварыць цыкл лекцый пра духоўную спадчыну і гісторыю манастыра. Развіваецца інфраструктура для паломнікаў.

На выхадныя — у храм

У Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры сёння праводзіцца ўвесь цыкл богаслужэнняў, у некаторыя дні адбываецца некалькі літургій, безупынна чытаецца Псалтыр. Гэта, безумоўна, уплывае на духоўнае жыццё ўсіх, хто прыязджае ў Жыровічы: як паломнікаў, так і турыстаў. Але манастыр становіцца пунктам прыцягнення не толькі дзякуючы асаблівай атмасферы, якую тут адчуваюць людзі, — тут праводзяцца і разнастайныя мерапрыемствы.

Святары займаюцца ў тым ліку сацыяльнай работай: у вёсцы Сасноўка, якая знаходзіцца непадалёк, створаны рэабілітацыйны цэнтр «Анастасіс», дзе праходзяць лячэнне людзі з залежнасцямі. Прычым гэта першы і адзіны цэнтр у Беларусі, дзе з залежнымі праводзіцца работа па фарміраванні хрысціянскага праваслаўнага светапогляду.

Вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з моладдзю, у тым ліку і з навучэнцамі духоўнай семінарыі, якая тут размяшчаецца. Узмацняецца работа з навучальнымі ўстановамі найбліжэйшых раёнаў — плануецца яе пашырэнне праз інтэрнэт-пляцоўкі, анлайн-дыялогі, сустрэчы.

У апошнія выхадныя лютага ў Жыровічах будзе запушчаны новы праект — маладзёжныя духоўныя выхадныя. Тут можна будзе не толькі абмяркоўваць багаслоўскія пытанні, знаёміцца з тэорыяй, але і акунуцца ў манастырскае жыццё — на пэўны час адмовіцца ад гаджэтаў, паўдзельнічаць у богаслужэннях, убачыць, якія ёсць віды паслушанняў: выпечка прасфор, выраб свечак, разліванне вады. «У сучасным свеце шмат наноснага, а маладзёжны „манастырынг“ дазволіць больш часу ўдзяліць душы», — заўважыў іераманах Даміан, памочнік благачыннага Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю