Top.Mail.Ru

Як правільна адпісаць кватэру?

Ёсць варыянты

Мне пад 70, адной сумна, а па суседстве жыве маладая жанчына. Вось я і надумала адпісаць ёй сваю кватэру, каб яна за гэта прыглядала за мной. Але не ведаю, як правільна ўсё аформіць.

Валянціна Іванаўна, Калінкавіч

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ірына ЛАСКЕВІЧ:

— У вашай сітуацыі можна разгледзець тры варыянты афармлення кватэры на чалавека, які за вамі даглядае: завяшчанне, дагавор пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем і дагавор дарэння.

Возьмем, напрыклад, дагавор пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем. У такім выпадку вы перадаяце кватэру ва ўласнасць суседкі з умовай, што застаняцеся пражываць на сваёй жа жылплошчы, а яна будзе аказваць вызначаную дагаворам дапамогу. Гэта могуць быць розныя бытавыя паслугі (уборка памяшкання, мыццё бялізны, набыццё прадуктаў, адзення і абутку, прыгатаванне ежы, дастаўка медыкаментаў, пахаванне і аплата рытуальных паслуг і многае іншае). Акрамя таго, у дагаворы пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем павінна быць вызначаная вартасць агульнага аб’ёму забеспячэння ў месяц, якая не можа быць меншая за двухразовы памер базавай велічыні, устаноўлены заканадаўствам. Усе ўмовы агаворваюцца ў дагаворы. Для яго падпісання трэба спачатку атрымаць згоду выбранага чалавека, гэта значыць — другога боку.

Варта ведаць, што кватэра ў гэтым выпадку будзе з’яўляцца ўласнасцю плацельшчыка рэнты. А вы — яе атрымальнік. Яна пераходзіць у такі статус адразу ж пасля заключэння дагавора і дзяржаўнай рэгістрацыі яшчэ пры жыцці атрымальніка рэнты. Жылое памяшканне можа перадавацца гэтаму чалавеку за плату і бясплатна. Можна абгаварыць і іншыя паслугі ўзамен перадачы сваёй маёмасці. Напрыклад, выплату пэўнай сумы на ўтрыманне. Дагавор неабходна засведчыць у натарыуса.

Бакі павінны загадзя вызначыць перыядычнасць і суму рэнты, якая павінна быць не меншай за памер мінімальнай заработнай платы, устаноўлены заканадаўствам. Калі ўзнікнуць патрэбы ў дадатковых паслугах, якія раней у дагаворы не прадугледжаны, трэба аформіць дадатковае пагадненне. Паколькі жылое памяшканне можа перадавацца плацельшчыку рэнты за плату і бясплатна, у залежнасці ад гэтага здзелка афармляецца рознымі дагаворамі. У першым выпадку прымяняюцца правілы аб куплі-продажы. У другім — аб дагаворы дарэння. Абавязак па выплаце рэнты можа быць бестэрміновым (пастаянная рэнта) або на перыяд жыцця атрымальніка рэнты (пажыццёвая рэнта).

Дагавор пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем адрозніваецца ад завяшчання. Апошняе таксама часта пішуць пажылыя людзі. Але ў другім выпадку маёмасць (кватэра) пераходзіць ва ўласнасць спадчынніка толькі пасля смерці завяшчальніка, які пры жыцці можа ў любы час адмяніць, змяніць сваё завяшчанне, скласці новае, а таксама распарадзіцца маёмасцю па сваім меркаванні.

Калі вы жадаеце да дня смерці заставацца ўласнікам, то вам трэба скласці завяшчанне. У іншым выпадку падыдзе дагавор дарэння або пажыццёвага ўтрымання з забеспячэннем.

Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці, дасылайце іх у рэдакцыю «Звязды» на электронны адрас: zvarot@zvіazda.by, — ці звычайным пісьмом на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а — з пазнакай «Пытанне натарыусу», і вы абавязкова атрымаеце адказы ад прафесіяналаў на старонках газеты.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю