Top.Mail.Ru

Як правільна перапісаць кватэру? На гэтае і іншыя пытанні адказвае натарыус


Важныя адрозненні

Жадаю перапісаць кватэру старэйшаму сыну. Што лепш — аформіць завяшчанне або дагавор дарэння?

Валянцін Віктаравіч, г. Гомел

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Ларыса РУДЗЬКО:

— Перш за ўсё трэба разумець прававыя наступствы любога з гэтых дзеянняў. Калі жадаеце засведчыць у натарыуса завяшчанне на сына, то пераход маёмасці ад завяшчальніка да спадчынніка пяройдзе толькі пасля смерці завяшчальніка, пры ўмове, што яно будзе сапраўдным на дзень яго смерці і спадчыннік па ім прыме спадчыну. Тады ваш сын звернецца да натарыуса і атрымае пасведчанне аб праве на спадчыну па завяшчанні на кватэру, і стане яе ўласнікам.

Калі падорыце сыну кватэру, то пераход права ўласнасці ад дарыльшчыка да адорваемага ажыццяўляецца пры жыцці дарыльшчыка, і з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі дагавора і рэгістрацыі пераходу права ўласнасці на кватэру на сына вы ўжо не будзеце яе ўласнікам.

Зваротнага ходу няма

Ці можа дарыльшчык забраць назад кватэру і скасаваць дагавор дарэння?

Ганна Сяргееўна, г. Мінск

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Алена РУБІС:

— Не. Скасаванне дагавора дарэння немагчыма, паколькі ў бакоў няма ніякіх абавязацельстваў, якія могуць быць спынены пры скасаванні. «Вярнуць» сабе кватэру магчыма толькі здзяйсненнем новай здзелкі, у тым ліку і дагавора дарэння (калі новы ўласнік захоча «вярнуць» кватэру).

Замест дарэння — завяшчанне

Маці хоча аформіць дагавор дарэння на малодшую дачку. Але ў гэтай кватэры прапісана старэйшая дачка са сваім сынам, якая не дасць згоду на гэта. Як быць у такой сітуацыі?

Валерыя, г. Мінс

Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Таццяна НОВІК:

— На жаль, у такім разе здзелка немагчымая. Для засведчання натарыусам дагавора дарэння кватэры патрабуецца згода паўналетніх членаў сям’і ўласніка, зарэгістраваных на ўказанай жылплошчы.

Разам з тым ваша маці можа скласці завяшчанне. Пры гэтым згода прапісаных у жыллі не патрабуецца. У выпадку смерці грамадзяніна права ўласнасці на яго маёмасць успадкоўваецца ў адпаведнасці з завяшчаннем.

У электронным выглядзе

Дакументы на рэгістрацыю кватэры, якую я набыла, натарыус накіравала ў адпаведную структуру праз электронную сістэму. Потым я атрымала ад яе дакумент аб рэгістрацыі — не на бланку, а на простым лісце, без подпісу і пячаткі рэгістратара, але завераны натарыусам. Ці мае ён юрыдычную сілу?

Анастасія, г. Барысаў

Адказвае натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі Наталля ЛЯШЧЫНСКАЯ:

— З вашым дакументам аб рэгістрацыі ўсё ў парадку. Натарыус засведчыў форму знешняга прадстаўлення на папяровым носьбіце прадастаўленага яму арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці электроннага дакумента — пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Выдадзены вам натарыусам дакумент з’яўляецца копіяй электроннага пасведчання аб рэгістрацыі і мае з ім аднолькавую юрыдычную сілу. Пячатка і подпіс у дадзеным выпадку не патрабуюцца.

  • Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці, дасылайце іх у рэдакцыю «Звязды» на электронны адрас: zvarot@zvіazda. by — ці звычайным пісьмом на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а — з пазнакай «Пытанне натарыусу», і вы абавязкова атрымаеце адказы ад прафесіяналаў на старонках газеты.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю