Насычаны тыдзень
Хто сказаў, што падчас канікул школа ператвараецца ў зону цішыні? Нічога падобнага! Пабываўшы ў сталічнай СШ № 225, мы пераканаліся, што школьнае жыццё ў гэтыя дні не становіцца на паўзу. Наадварот — вестыбюлі, кабінеты і класы кіпяць жыццём і поўняцца вясёлым дзіцячым гоманам. У холе дзеці спаборнічаюць у настольным тэнісе. У спартыўнай зале праходзіць займальная і шумная эстафета, у харэаграфічнай — дзяўчынкі ля станка старанна развучваюць новае па. А юныя акцёры на сцэне актавай залы рэпеціруюць спектакль, які пакажуць сваім школьным таварышам, настаўнікам і бацькам падчас навагодніх свят.
Паверхам вышэй старшакласнікі глядзяць дакументальны фільм пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ вышэй, у раённым тэхнічным цэнтры, які размешчаны ў гэтай школе, школьнікі разбіраюцца з робататэхнікай і перспектывамі яе прымянення ў самых розных сферах.
— Праграма на канікулы падрыхтавана насычаная і разнастайная, — расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар ДОЎНАР. — Возьмем тыя ж школьныя лагеры — гэтай восенню яны прынялі каля 68 тысяч школьнікаў па ўсёй краіне. У іх дзеці не толькі адпачываюць ад урокаў, але і папраўляюць здароўе, набываюць пэўныя навыкі, удзельнічаючы ў розных займальных мерапрыемствах.

Па словах Віктара Паўлавіча, да арганізацыі вольнага часу школьнікаў падчас канікул прыцягнутыя і ўсе ўніверсітэты краіны, якія працуюць у рэжыме прафарыентацыі:
— Любы вучань 10–11 класаў можа наведаць вышэйшыя навучальныя ўстановы і стаць на адзін дзень студэнтам. Быць можа, хтосьці на месцы адразу і вызначыцца са спецыяльнасцю па душы.
«Спазнаём, ганарымся, захоўваем»
У гэтыя дні вуліцы вялікіх і малых гарадоў літаральна запоўненыя аўтобусамі з таблічкамі «Дзеці». Гэта, у асноўным, экскурсійныя маршруты, арганізаваныя ў рамках яшчэ аднаго канікулярнага праекта — «Спазнаём, ганарымся, захоўваем».

— Школьнікі падарожнічаюць па Беларусі цэлымі класамі, — дзеліцца прадстаўнік Мінадукацыі. — У такіх паездках дзеці знаёмяцца з гісторыяй роднага краю, даведваюцца пра яго нешта новае, незвычайнае, цікавае, і гэта іх аб’ядноўвае, а сяброўства становіцца яшчэ мацнейшым.
Таксама школы актыўна ўзаемадзейнічаюць з тэатрамі, кінатэатрамі і музеямі. Школьнікі могуць наведаць Нацыянальную бібліятэку, Вялікі тэатр, Беларускі дзяржаўны
музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, розныя ўстановы культуры ў рэгіёнах.

Трэба, каб дзеці звярталіся ў свае ўстановы адукацыі, і педагогі абавязкова дапамогуць ім выбраць цікавыя і займальныя заняткі, арганізаваць вольны час. Бо ў кожнай школе ёсць уласныя праекты, якія распрацоўваюцца з улікам мясцовых традыцый і ўжо назапашанага вопыту, падкрэслівае Віктар Доўнар.
Усе дзеці ў госці да нас
Тым часам мы вяртаемся ў школу № 225, каб пагутарыць з яе дырэктарам Таццянай КАЧАН.

— Наш школьны лагер, ці, як яго прынята называць, лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей, даволі шматлікі — падчас цяперашніх восеньскіх канікул тут адпачывае 82 дзіцяці, — інфармуе яна. — Але гэта не азначае, што іх колькасць статычная. Кожны дзень тут бывае значна больш рабят, якія наведваюць мерапрыемствы па інтарэсах.
Падчас нашага знаходжання ў 225-й школе ў яе завіталі хлопчыкі і дзяўчынкі з суседняй установы адукацыі, каб прыняць удзел у папулярнай дзіцячай і сацыяльнай акцыі «Далонька дабрыні», якая сімвалізуе дружбу, мір, адкрытасць, падтрымку і клопат.
— Дзеці падчас гэтай акцыі пішуць невялікія запіскі, у якіх расказваюць, як і чым могуць дапамагчы таму, хто мае ў гэтым патрэбу, — тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна. — Шмат гасцей у гэты дзень было і ў тэхнічным цэнтры.

А «мясцовыя» старшакласнікі ў рамках гарадской праграмы «ПрафВосень-2026» вырашылі стварыць прафарыентацыйны атрад па аўтамабілебудаванні.
— Выбар невыпадковы, — адзначае дырэктар. — Прадстаўнікі Мінскага аўтамабільнага завода — нашы добрыя сябры і частыя госці. Бываюць на прадпрыемстве і нашы вучні.
А яшчэ ў 225-й школе стварылі музей, прысвечаны легендарнаму беларускаму канструктару аўтамабільнай тэхнікі Міхаілу Высоцкаму. Трэці год праводзіць экскурсіі ў ім вучаніца гэтай установы адукацыі Яніна ПЛАЎСКАЯ.
— Міхаіл Высоцкі — гэта сапраўды чалавек-легенда, — расказвае яна. — У свой час я зацікавілася яго біяграфіяй і дасягненнямі, чытала адпаведную літаратуру і публікацыі ў СМІ, глядзела відэаматэрыялы. Ён вельмі шмат зрабіў для краіны, падняўшы айчыннае аўтамабілебудаванне да вышынь сусветнага ўзроўню. І я ганаруся тым, што магу расказваць пра Міхаіла Сцяпанавіча іншым юнакам і дзяўчатам, перадаваць ім часцінку гісторыі Беларусі, звязаную з гэтым геніяльным канструктарам.
Яніна марыць убачыцца з роднымі Міхаіла Высоцкага:

— Пакуль не атрымалася, але затое і я, і іншыя наведвальнікі музея могуць дакрануцца да асабістых рэчаў нашага знакамітага земляка — іх нам падарылі яго сваякі.
Гісторыяй айчыннага аўтамабілебудавання школьніца зацікавілася шчыра, але не настолькі, каб адмовіцца ад сваёй мары, якая таксама звязана са служэннем людзям, — стаць медыкам або следчым.
Восеньскія канікулы перасеклі свой экватар. У дзяцей засталося некалькі дзён, каб перарабіць масу карысных і цікавых спраў, бо вольны тыдзень педагогі зрабілі для іх максімальна насычаным. І ведаеце, я не заўважыла ніводнага дзіцяці, якое б «сядзела» ў мабільным тэлефоне, хоць канікулы — адзіны час, калі гаджэт у школе можна «легалізаваць». Але, як аказалася, ім гэта і не трэба.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ
180
Як праводзяць восеньскія канікулы дзеці ў сценах сваіх школ
04.11.2026 | 08:15
Восеньскія канікулы — гэта перапынак паміж першай і другой чвэрцямі. Адпачынак, можа, і кароткі, але неабходны: пасля доўгіх летніх канікул першыя навучальныя месяцы даюцца нялёгка. А восем дзён перадышкі вырашаюць адразу некалькі задач: зніжаюць стрэс, «перазагружаюць» арганізм фізічна і даюць больш часу для любімых заняткаў.