Беларусь адной з першых у Еўропе пачала актыўна развіваць тэрытарыяльную абарону. Напружаная абстаноўка каля граніц нашай краіны пацвердзіла неабходнасць такога спосабу абароны. У панядзелак на базе Маладзечанскага раёна прайшоў аднадзённы збор па тэрытарыяльнай абароне са старшынямі раённых (гарадскога) выканаўчых камітэтаў, службовымі асобамі, якія займаюцца пытаннямі тэрытарыяльнай абароны Мінскай вобласці. Асноўная мэта збору — павысіць наяўныя навыкі, грунтуючыся на практычных дзеяннях.
Маладзечанскі раён выбраны месцам правядзення абласнога мерапрыемства невыпадкова. Тут з 2 да 26 верасня праходзіць планавы вучэбны збор з ваеннаабавязанымі, прызванымі з запасу. На працягу некалькіх тыдняў яны вывучаюць склад і прызначэнне органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны і воінскіх часцей тэрытарыяльных войскаў, іх арганізацыйна-штатную структуру, парадак фарміравання часцей, методыку правядзення заняткаў на вучэбных месцах і вядзенне ўліку ваеннаслужачых і матэрыяльных сродкаў. З ваеннаабавязанымі праводзяцца заняткі па тактычнай, інжынернай, разведвальнай і агнявой падрыхтоўцы, вучэбная стральба
У панядзелак падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў дэманстравалі практычныя дзеянні. Атрад народнага апалчэння паказаў навыкі дзеянняў у аграгарадку Выверы. Мясцовых добраахвотнікаў узброілі, правялі з імі інструктаж і вызначылі задачы для выканання і маршруты патрулявання. Акцэнт — на правілы нашэння зброі і абыходжання з ёй.
Уезд у Маладзечна з боку дарогі ў напрамку Вілейскага раёна па легендзе ажыццяўляўся праз кантрольна-прапускны пункт. Для ўдзельнікаў вучэбнага збору тут паказалі працэдуру надгляду і разыгралі сітуацыю нападу. Яшчэ адной з лакацый наведвання стала выстаўка сучаснай зброі, тэхнікі і элементаў экіпіроўкі. Дэманстрацыю сучасных магчымасцяў абароны праводзілі з расповедам пра асаблівасці прымянення.
Водазабор «Крыніца» — важны стратэгічны аб’ект Маладзечанскага раёна, які наведалі ўдзельнікі збору. Яго ахова з’яўляецца адной з прыярытэтных задач войскаў тэрытарыяльнай абароны. Тут дэманстравалі зладжаныя дзеянні абароны ў выпадку нападзення праціўніка. Удзельнікі збору адпрацавалі практычныя навыкі, уключаючы валоданне баявой зброяй.
Азнаёміліся з асноўнымі тыпамі беспілотных лятальных апаратаў, якія прымяняюцца ў сучасных узброеных канфліктах. Былі прадэманстраваны сучасныя ўзоры БЛА, сродкі барацьбы з імі, узбраенне, ваенная і спецыяльная тэхніка. Прадставілі арганізацыю работы КПП, уключаючы яго абсталяванне і асаблівасці нясення спецыяльнай службы.
- Усенародная тэрытарыяльная абарона і апалчэнне маюць на ўвазе, што на кожным метры тэрыторыі насельніцтва, якое валодае пачатковымі навыкамі, здольна даць такі рашучы адпор ворагу, пры якім ён адступіць.
У кожным раёне тэрабарону ўзначальвае старшыня райвыканкама, яго начальнікам штаба можна лічыць ваенкама. Пры гэтым у сферы адказнасці ваенкама — ваенны складнік, кіраўнік жа абавязаны пры неабходнасці мабілізаваць усе рэсурсы і сілы раёна, каб удзельнікі тэрытарыяльнай абароны выконвалі свае задачы пры падтрымцы ўсяго раёна, яго насельніцтва.
Збор па тэрытарыяльнай абароне са старшынямі раённых і гарвыканкамаў — планавае мерапрыемства, якое праводзіцца штогод, падкрэсліў ваенны камісар Мінскай вобласці Дзмітрый Вальфовіч: «Сёлета збор прымае Маладзечанская зямля. Мы ўлічваем змены, якія адбыліся, і абавязкова ўкараняем нешта новае для ўдасканалення войскаў тэрытарыяльнай абароны». Сярод навін гэтых збораў — адбіццё атакі беспілотнага лятальнага апарата і ўкараненне сучасных элементаў адбіцця наступлення праціўніка на ахоўным аб’екце.
«У адпаведнасці з планам правядзення збору мы азнаёміліся з парадкам арганізацыі і выканання асобных заданняў тэрытарыяльнай абароны, а таксама папрактыкаваліся ў выкананні вучэбнай стральбы са стралковай зброі, — адзначыў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Ільясевіч, пад кіраўніцтвам якога збор праходзіў. — Упэўнены, што атрыманая інфармацыя дазволіць службовым асобам замацаваць веды ў сферы тэрытарыяльнай абароны, а тым, хто ўпершыню прысутнічае на такім мерапрыемстве, — атрымаць неабходныя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі ў пытаннях арганізацыі, падрыхтоўкі і вядзення тэрытарыяльнай абароны ва ўзначаленых раёнах».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
фота аўтара