Top.Mail.Ru

Як прайшло спаборніцтва «Снайперскі рубеж»

Іх ніхто не бачыць, а яны назіраюць за ўсімі. Так кажуць пра снайпераў. Гэтых вайсковых спецыялістаў баяцца нават больш, чым удараў артылерыі або авіяцыі: яны — кашмар для пяхоты. У парах або паасобку вопытныя стралкі працуюць па цэлях з вялікіх адлегласцяў, зрываючы суперніку ратацыю і разведку, правакуючы ў яго шэрагах паніку. Поспех працы снайпера шмат у чым залежыць ад зацятасці, самавалодання, назіральнасці, вытрымкі, хітрасці і спрыту.


На палігоне 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады прайшло спаборніцтва «Снайперскі рубеж» на лепшага снайпера, снайперскую пару і каманду Узброеных Сіл. Свае навыкі дэманстравалі лепшыя спецыялісты з механізаваных брыгад Заходняга і Паўночна-Заходняга аператыўных камандаванняў, сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. Перад байцамі стаяла паўсотні найскладанейшых задач. Але галоўнае, вядома, — патрапіць у цэль. Перашкодзіць не павінны ні адлегласць, ні дрэннае надвор’е, ні нават поўная цемра.

Стралкі выконвалі розныя практыкаванні і дэманстравалі свае навыкі стральбы з снайперскай вінтоўкі, аўтамата і пісталета. На кожным з этапаў майстрам дакладнага стрэлу трэба было выканаць шэраг агнявых задач, у тым ліку ў цёмны час сутак. Строгая судзейская калегія ўлічвала не толькі якасць стральбы, але і агульны ўзровень баявой і фізічнай падрыхтоўкі кожнага ўдзельніка, каманд у цэлым.

Па словах аднаго з кіраўнікоў спаборніцтва, прадстаўніка галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл палкоўніка Юрыя Бурнашава, сёлета ў спаборніцтве прынялі ўдзел наймацнейшыя стралкі, якія прайшлі сур’ёзны адбор у сваіх злучэннях і воінскіх часцях.

«Спаборніцтвы праходзілі ў тры этапы, — расказаў ён. — На першым этапе мы вызначалі лепшага снайпера Узброеных Сіл, на другім — лепшую снайперскую пару, на трэцім — лепшае снайперскае аддзяленне. Увесь пералік практыкаванняў складзены такім чынам, каб кожны ўдзельнік мог праявіць усе навыкі, якія неабходныя снайперу ў яго баявым ужыванні. Гэта стральба на розныя далёкасці, зладжанасць дзеянняў у складзе снайперскай пары, снайперскага аддзялення, дакладнасць і хуткасць стральбы».

Спаборніцтвы праводзяцца не першы год. Канкурэнцыя ўзрасла. Сёлета прымалі ўдзел каманды ад сіл спецыяльных аперацый — ахоп конкурсу становіцца большым. «Мы аналізуем вопыт спецыяльнай ваеннай аперацыі, таму ў нашых спецыялістаў з’яўляецца новае практыкаванне, — заўважыў Юрый Бурнашаў. — У дадзеным выпадку — стральба ў складзе снайперскай пары, у тым ліку стральба па беспілотным лятальным апараце».

На першым этапе гвардзейцы вызначылі лепшага ў індывідуальным заліку, на другім — наймацнейшага ў парным заліку, а фінальным этапам спаборніцтва стала снайперская эстафета. 

«Невыпадкова кажуць, што прафесія снайпера — не проста праца, а пакліканне. Для авалодання снайперскімі навыкамі адной прыроднай трапнасці недастаткова. Гэта цэлы набор індывідуальных асаблівасцяў: тэмпераменту, склада характару, умення захоўваць сябе ў руках», — распавёў удзельнік спаборніцтва са 103-й віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Не толькі трапнасць, але і надвор’е мае значэнне ў працы снайпераў. Дасведчаныя стрэлкі кажуць, што ва ўмовах, калі дзьме моцны вецер і ідзе дождж, і нараджаецца сапраўдны снайпер. Трапіць у мэту ў такім становішчы-гэта і ёсць вышэйшае майстэрства.

— Падчас такіх спаборніцтваў мы пераймаем адзін у аднаго сакрэты прафесійнага майстэрства, дзелімся вопытам і ўдасканальваем навыкі працы са зброяй, — падзяліўся ўражаннямі вайсковец аднаго з падраздзяленняў 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. — Наогул, паспяховае выкананне задачы залежыць ад шматлікіх фактараў: паводзін праціўніка, вынослівасці снайпера, надвор’я. Падчас спаборніцтваў немалаважным момантам з’яўляецца і маральна-псіхалагічны стан снайпера. Вялікую ўвагу ўдзяляем і дыхальнай размінцы, каб кожны ўмеў «супакоіць» свой пульс пры стральбе. Пры працы ўлічваем тэмпературу паветра і хуткасць ветру. 

Ва ўпартай барацьбе праходзіў найбольш цяжкі і ў той жа час самы дынамічны, відовішчны этап — снайперская эстафета. Па камандзе суддзяў на дыстанцыю адначасова стартавалі два снайперы з розных каманд. Перад тым як выйсці на мяжу адкрыцця агню, ім давялося пераадолець шэраг перашкод: сценку з праломам, роў, стандартны плот ваеннага аб’екта, праход у драцяной загародзе.

На агнявым рубяжы кожны снайпер рабіў пяць стрэлаў з пісталета Макарава, пасля чаго перамяшчаўся на мяжу адкрыцця агню з СВД, на наступным участку вёў агонь з аўтамата Калашнікава. Па заканчэнні стральбы з аўтамата ўдзельнікі снайперскага біятлона працягвалі пераадольваць дыстанцыю, пераносячы скрыню з боепрыпасамі і перадаючы эстафету наступнаму снайперу. У выпадку няўдалай стральбы ўдзельнікі мелі магчымасць выкарыстоўваць адзін дадатковы патрон. Калі мішэні заставаліся не пабітымі, прызначалася штрафная дыстанцыя — 100 метраў за кожны промах.

У ходзе снайперскай эстафеты каманды ішлі бок аб бок-інтрыга захоўвалася да апошніх хвілін.

— Ад спаборніцтваў атрымаў масу ўражанняў. Пасля тэрміновай службы застаўся служыць па кантракце. Для мяне гэта першыя падобныя спаборніцтвы. Нягледзячы на гэта, здолеў паказаць годны вынік. Спаборнічаць з дасведчанымі снайперамі, вядома, цяжка. Але, думаю, у мяне атрымалася. Дадзены вопыт для мяне вельмі карысны, — распавёў вайсковец 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. 

***

Па выніках спаборніцтваў пераходзячы вымпел лепшага снайпера ўручаны прадстаўніку 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Лепшай снайперскай парай Узброеных Сіл сталі прадстаўнікі 103-й віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Лепшым аддзяленнем снайпераў Узброеных Сіл сталі дэсантнікі 103-й віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады. Па выніках усіх спаборніцкіх дзён, з улікам прызавых месцаў на ўсіх этапах, пераможцам спаборніцтва «Снайперскі рубеж» стала каманда 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады з Гродна.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю