«Бульбяны фэст» у аграгарадку Дзешчанка Уздзенскага раёна — гэта гісторыя, якая сыходзіць каранямі ў савецкае мінулае.
Менавіта ў гэтым аграгарадку ў свой час працаваў цэнтр бульбаводчай гаспадаркі «Эксперыментальная база імя А. Суворава». Тут не проста вырошчвалі бульбу ў прамысловых аб’ёмах, але і пастаўлялі пасяўны матэрыял іншым гаспадаркам Мінскай вобласці. Пры мясцовай школе тады ж з’явіўся музей бульбаводства, які працягвае працаваць і сёння.
Як «Бульбяны фэст» набываў папулярнасць
Пачыналася ўсё са сціплага школьнага свята ўраджаю. З часам «Бульбяны фэст» стаў любімай восеньскай падзеяй для ўсяго аграгарадка. Сучасны фармат маштабнага фестывалю зарадзіўся ў пачатку 2020-х гадоў як працяг бульбаводчых традыцый краю. У 2021 годзе, калі кірмаш атрымаў статус раённага, у Дзешчанка ўрачыста адкрылі памятны знак бульбе ў выглядзе валуна, на вяршыні якога размясціўся кошык з клубнямі.
Бульба заўсёды была здабыткам Дзешчанка, а кірмашы, якія праводзяцца ў першыя выхадныя верасня, сталі сапраўднай падзеяй для мясцовых жыхароў. З кожным годам яны станавіліся ўсё больш папулярнымі.На іх з’язджаліся жыхары раёна — вось тады і было вырашана пашырыць маштаб правядзення мерапрыемства.

Удзельнікаў кірмашу ў Дзешчанка станавілася ўсё больш і больш. Далучыліся Мінскі, Капыльскі, Дзяржынскі раёны і Жодзіна. А сам фестываль па праве атрымаў рэгіянальны статус.
Традыцыю вырошчвання культуры ў аграгарадку сёння падтрымлівае сялянска-фермерская гаспадарка «Алімп-Агра» — яна пастаўляе прадукцыю не толькі на ўнутраны рынак, але і на экспарт, а заадно вырошчвае клубні, з якіх робяць вядомыя беларускія чыпсы.
Чыстка бульбы на хуткасць і чэмпіянат па паяданні дранікаў
Як паведаміла прэс-служба Мінскага аблвыканкама, сёлетні фестываль стаў яшчэ больш маштабным і разнастайным.
Навінкай стала пляцоўка, прысвечаная нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі, дзе прадставяць стравы з бульбы. Побач з ёй — выстаўка дасягненняў навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве НАН Беларусі, сялянска-фермерскай гаспадаркі «Алімп-Агра», а таксама экспазіцыя і творчая лабараторыя школьнага музея бульбы.
Упершыню арганізатарамі быў аб’яўлены конкурс на хуткасную чыстку бульбы, у якой прыняў удзел старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка.
У размове з журналістамі кіраўнік цэнтральнага рэгіёна адзначыў цікавую гісторыю слаўнага кулінарнага фэста — ад мясцовага свята ўраджаю да маштабнага фестывалю Мінскай вобласці.
— Праграма вельмі насычаная, разнастайная, — заўважыў ён. — Гэта чэмпіянат па паяданні дранікаў, спаборніцтвы на хуткасць па чыстцы бульбы, спартыўныя спаборніцтвы з бульбай. Мы падрыхтавалі бульбу на патэльні дыяметрам амаль 2 метры.

Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў, што менавіта такія святы ўслаўляюць другі хлеб, а таксама развіваюць турызм.
— Адзін з прыярытэтаў і задач, якія мы ставім перад нашымі рэгіёнамі — гэта раскрыццё іх турыстычнага патэнцыялу з улікам унікальнасці, — падкрэсліў губернатар. — Непасрэдна тут, у Дзешчанка — гэта «Бульбяны фэст». На дзяржаўным узроўні мы павінны падтрымліваць такія ініцыятывы, пашыраць іх і выводзіць на новы маштаб, ператвараючы ў візітную картку рэгіёнаў.
Сапраўды, забаў учора хапіла і дзецям, і дарослым. Асобная праграма была таксама прадугледжана для маладых раёна — іх чакала «Бульбяное вяселле».
Гэта своеасаблівы абрад у народных традыцыях. Шматдзетным сем’ям прапанавалі тэматычны бульбяны квэст. Госці зазіралі і на іншыя цікавыя пляцоўкі «Бульба ў медыцыне», «Бульба ў літаратуры», «Бульба ў музыцы», пазнаёміліся з выязным падворкам «БелІнтэрГен», мелі магчымасць наведаць выстаўку дэкаратыўных курачак і выступленне конна-спартыўнага клуба.
На працягу дня працавалі гандлёвыя рады, фуд-корты і атракцыёны, а да позняй ночы гасцей забаўлялі артысты. Завяршылася свята фаер-шоу і вялікай дыскатэкай.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота прадастаўлена прэс-службай Мінскага аблвыканкама і mlyn.by